Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 8.

Шрифт
Фон

У ночным царстве

Скрыпяць трухляцінай асіцы,
Над курганамі зьвярё вые
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях як точаныя восьці.
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бязьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея,
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвярё вые.

Беларус

Сеў, як той крыж на разстаі,
Сярод пушч і поля,
Злажыў рукі і чэкае
Усё нейкай долі.
Ўстане-ж, пойдзе полем, логам,
Будзе дыхту, будзе:
Пачэпаў тупым нарогам
Кургановы грудзі.
Лом с крыжоў магільных звале,
Бульбу падпекае
Падеу, сеў, як крыж, і далей
Долі ўсё чэкае.
А ці-ж прыдзе доля гэта,
Трудна адгадаці,
Пакуль толькі з лета ў лета
Пляце яму лапці.

Ці-ж ня доля мая

I нашто ж мне воля вольная,
Залатая, расхахольная?
Цемняком пайду сьляпы я
На дарожкі крыжавыя!
Эх ты, доля мая,
Маю волю ўжо я!
I нашто школа з настаўнікам,
Добра быць і неахайнікам:
Калі з кніжкі не даўчуся,
У астрозе далаўчуся.
Эх ты, доля мая,
Маю школу ўжо я!
I нашто ж мне поля гонейкі,
З дабром клеці, коні, волікі?
Я магу жыць і «пашырэ»
У шырокай у Сібіры.
Эх ты, доля мая,
Землю маю ўжо я!
I нашто ж мне хата новая,
Сталы, лавы ўсё дубовыя?
Злыдні змогуць маю сілу,
Як пан, лягу у магілу.
Эх ты, доля мая,
Хату маю ўжо я!..

Грай-жэ, музыка!

Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай жа, музыка, сэрцам рві струны
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе
Шумна, разгульна Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды,
Сыну і ўнуку падаўна дано
Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа асьлепленых кат
Прэч, прэч, сумленьне! Золатаў гулі!..
Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..
Сьветла, прасторна Зьзяюць брыльянты
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў вакне?..
Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне
Грай жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі зь зямлі,
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косьці паўсталі і ў танец пайшлі.
Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..
Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам
Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..
Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?..
Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца
Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..

Брату

Мой ты ўбогі, мой ты цёмны,
Родны мой,
Ты пытаеш, хто такія
Мы з табой?
Ці мы людзі, ці скаціна,
Запытай
Гэту коску, гэту сошку,
Гэты гай;
Гэта поле, на якім ты
Млееш, млеў;
Гэту згніўшую хацінку,
Гэты хлеў.
Запытайся сваёй долі,
Сваіх пут,
Ці мы людзі, ці скаціна,
Хто мы тут?

Як спытаюцца нас

Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
I спытаюцца нас:
«Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?»
Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
I адкажам: «Э, што там
Мусіць, бабскім звычаем
Зьбегла ўпрочкі на час».

Дзе вы?

Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы зь песьняй удалою,
Як на поле на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
Ці пайшлі вы у далёкую
У старонку у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе, свабодныя?
Дзе ваш водгалас магучы,
Як вы звалі, сыны родныя,
Да той працы да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
Гэй, нявідна друга сільнага,
Сьпіць. Хто ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку ад магільнага
Песьня вырвацца ня можа!..

Вялікдзень

Два сьвяты на сьвеце ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы.
I далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!
Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў
Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,
Аб тых, што ў сьвітаньні навек адышлі,
Усе костачкі тыя на гонях папарных,
Жывых, што ў бяспуцьці акуцьце зьвіняць
Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,
Пачатую справу шырыць, расшыраць!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! ад нівы да нівы
Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы.
I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне
Вясна ўжо на сьвеце, Хрыстос уваскрос!

Хрыстос васкрос

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! пяе сялянін
З сваей убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ўціхамоўку куюць путы
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
I я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора