Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 10.

Шрифт
Фон

Я люблю

Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптаньне крынічнае ўлетку
Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску сваёй крыўды сьведку,
Свой народ гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.
Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі,
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?

II. Па межах родных

Па межах родных

Па межах родных і разорах,
Пад небам зводна-неспагадным,
Спакоем воджаны век здрадным,
Сную, і нейкі са мной шорах.
Са мной, за мною ўсьлед сум-вораг
З глухім нашэптам, непрынадным:
Як ты ні хочаш быць праглядным,
Сягоньня ўсё тут як і ўчора ж!
Усё жыве тым самым Богам,
Таксама шумнае прадвесьне
Усёй ня зводзе з гоняў плесьні
Араты ўсход нясе адлогам:
Курган чапаючы нарогам,
Ня ўспомніць прадзедавай песьні.

Мой край

Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на сьвеце на белым
I жаляцца руняй зялёнай,
I коласам жаляцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
Зь мінуўшчыны казкі складае
I шле іх далека па нівах,
Плакуча, ад краю да краю
Паводкаю коцяцца воды
Руч'ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітыя плесьняю вёскі
Між пустак заселі бясьсільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай зьнямогі-пакуты
I, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.

Над Нёманам

Ціха і плаўна ўдаль коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
Зь берагу Нёман ня выйдзе амаль.
Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сінія хвалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай,
Здасца, там гэтакі голас чуваць:
«Гэй, не дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.
Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
Некалі бераг мой бачыў і знаў,
Іншы меў выгляд ня гэткі жабрачы,
Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.
Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баяў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.
Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшнай была.
Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоньня, народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам,
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў
Слухаў, што веча яму звон казаў.
Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазьвецца калі болей ён?..
Так, так, мой дружа, іначай бывала,
Не называўся забытым мой край;
Поўнач ня раз у ім схову шукала,
Захад знаў сілу яго неўнарай.
Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.
Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыцьцём,
Роднага ж краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
Я іх ня ваблю сваёю ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве,
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве.
Скора сын бацьку, а бацька сыночка
Не распазнаюць адзін аднаго;
Дзеці чужацкія корме ўжо дочка,
Маці працуе на злыдня свайго.
Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы узьдзелі, у рабства пайшлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.
Рынкам жывога тавару няслава
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой.
Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чалавеча, зьмярцьвелы у сьне!..
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне!..»
Гэтакі ў часе глухой непагоды
Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль.
Сьціхне, і плаўна зноў коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль.

Над Сьвіслачай

У Карзюках
Плаўна Сьвіслач-рэчка
Удаль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць.
Зелянеюць вольхі
Па краях ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам,
Між палёў сялян
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсю ж гэту мясьціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьнінцам
Долі ў сьвет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..

Над Іматрай

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,
На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны бераг, як з сталі,
I зарасьнік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
Адна адну схопіць, піргне.
Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,
Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,
Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім дантаўскім процьмам на зьдзіў,
I люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышунь прастор;
Свабодай сваёю і роднай Суомі
Сягнуць быццам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
І сэрца лялеецца ў сьцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай
Ды як бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце,
Спачын векаавечны дамо ў забыцьці;
Нязьведанай воляю будзем шумеці
І гутарку з сонцам вясьці.
Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі
Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
І песьню нам зложыць пясьняр».
Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора