Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 7.

Шрифт
Фон

Вясна за вясною

К нам вясна за вясною ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Хоць бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць бы раз зазьвінела каса
I дзень лепшы наклікала нам.
Вянуць кветкі штораз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льіцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
Вам пакорным рабам не вясны,
Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых вас
Не было і няма іншых дум
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
Так вясна за вясной к нам ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.

Не спадзейся

Не спадзейся, сын і матка,
Ад жыцьця патолі
Ні канца, ані пачатку
Вашай чорнай долі.
Ці сягоньня, ці то заўтра
Як і ўчора, усё так;
Стогн гнязьдзіціся спанатрыў,
Жаль пляце свой мотак.
Шчасьце ў путах Звод разьвеяў
Думку маладую,
Засталось крыху надзеі,
Дый паганяць тую.
Вера ў будучыны жніва
Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незьмянліва
Заліла, як мора.
Гарт апёрся на кургане,
Як ноч, уздыхае,
I ў кургане уздыханьне
Гарту падцінае.
Каня з смагі на пагодзе
«Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
Па крывавым хлебе.

Не для нас

Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляла на небе высокім
Сеяць думкі вясеньнія, райскія,
Гэт, па сьвеце вялікім, шырокім.
Для нас ніва, намі ўспаханая,
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Бе паклоны направа, налева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над ракою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шаптацца з душою.
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разьліваецца
Салавейкава звонкая песьня
Сонца паліць нам грудзі збалелыя,
Ніва ласкі над намі ня мае,
Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,
Ці ж тут міла і песьня якая?!
З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,
Бёмся, гінем і шчасьця ня бачым;
Працай жывяцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачам

Чаго хмурацца

Чаго хмурыцца
Неба сіняе?
Чаго носяцца
Віхры дзікія?
Чаго шэрыя
Совы ўзгукалісь?
Чаго чорныя
Крукі грагаюць?
Чаго гадзіны
Падкалодныя
Шыпяць, сыкаюць
На сьвятое ўсё?
Ці та сонейка
Загасілася,
Ці та ўскрылася
Апраметная?
Душы сільныя
Абясьсілелі,
Сэрцы добрыя
Азьвярэліся;
Песьні вольныя
Апанурылісь
I магільнымі
Звоняць жальбамі.
А за песьнямі
Звон кайданавы,
Стогн закованых
Разьлягаецца
Эх, і страшна ж ты,
Зямля родная;
Эх, і страшна ж ты,
Жыцьцё людскае!..

Разьвейся, туман

Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары,
Над хатай пахілай маей!
Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары
Ня мучаць душы і грудзей
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,
На лепшае звала жыцьцё.
Вы, злыя туманы, вы, хмары, бяз жалю,
Закрылі, забралі мне ўсё
Стаю і гляджу я на хату крывую,
На ніву пустую сваю
I сьлёз не стрымаю, і ціха бядую,
I нудную песьню пяю;
I к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,
Ці моц скуль якая ня йдзе?
I цёмна, і нема ад краю да краю,
Ні сьвету, ні сьледу нідзе
Ні сьвету, ні сьледу марнуюцца сілы,
Дух праўды і волі прыгас,
Нядоля і гора, навокал магілы
Вось роднага шчасьця абраз

Сэрца спытай

Прыгледзься днём яснаму сонцу
I месяцу ночнай парой;
Ў шум цёмнай услухайся пушчы
І ў шумы паводкі вясной;
Кінь вокам на мур пабяляны,
На стрэхі з саломы зірні;
Зайдзі на магілкі з крыжамі
I насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоньняшні дзень паймі добра,
Што ўсьлед нашай долі бяжыць
I ўсюды ад краю да краю,
Дзе зьвернецца думка твая,
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцьця.
А сэрца калі ня зьвёў сэрца
Адкажа за ўсіх неўнарай:
У нас ёсьць паны і іх слугі,
А людзі што ж?.. Сэрца спытай

*** Бледные будніе дні

Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі
Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-нікалі
Дзе-нідзе бліснуць агні,
Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскія сны
З душ паднявольных зьмялі б,
Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць
Над уміраньнем сяліб.
Скрогат нясецца з асін
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька за дзедам; усьлед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты ж кудой пойдзеш, унук?..

«Забраны край»

Я ведаю, знаю старонку такую,
Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна,
Ня поймеш, адкуль узялісь;
Людзей запытаеш, адкажуць спакойна:
«Забраны край» гэты калісь.
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі
Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодныя дзеткі
Чужую жывёлу пасуць
Кладуцца заломы Дабро зьмей валоча
Цянюе ля хат ваўкалак
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,
«Забраны край» тузаюць так.
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
Чужак зьневажае дачок.
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
За «мамак» к наездцам ідуць,
А тыя за іх малако, за апеку
«Забраны край» болей гнятуць.
Мальбішчам чужым бе пакора паклоны;
Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам зьмяшаны старыя законы,
Наладжан нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
Народным дабром, як сваім
Заплача ў пагоду канюх па расінцы,
«Забраны край» жаліцца зь ім.
Наведзены струны у скрыпках па-свойску
Чужая зрывае рука;
Жалейка азьвецца зь вясны пад бярозкай,
Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень ня ляжа, як змора паданьня
Лягла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змаганьня
«Забраны край» вырве з душы.
Жыцьцё год бязь ліку на шнурык свой ніжа,
Бязь ліку няволя есьць сіл
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам,
Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,
На стогн жывых грозна глядзяць
I зь ветрамі, з бурамі бюць на трывогу:
«Забраны край» клічуць устаць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора