Шрифт
Фон
Русалка
Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, зь ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе зь ёй над крыніцай.
I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасьць ім, малодзенькім,
Зграе вясельле вецер крылаты.
Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Разьвесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц.
Казку аставяць дзіўную згнаньнікам.
Страх баязьлівым кожны зь іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..
IV. Наша вёска
Наша вёска
1
Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.
Курныя ваконцы
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.
Лапці ды сярмягі
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.
Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.
2
Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
Зь сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучысься, вёска, няпраўдай старой
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
Зь песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою зь нядоляй.
3
Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.
Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
I платы, і стрэхі.
А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.
I ўсё б чыста зь вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?
Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць
Мужык
Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсьць гэты сьвет вялік,
Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць,
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею,
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
I сьвята рэдка калі знаю,
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу,
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык,
Працую, як той вол рабочы,
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся,
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
I, як сабака, сьвет пакінуць,
Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! бо я мужык!
Аб мужыцкай долі
1
Дайце скрыпку мне маю.
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло
Ветрам хоць разьвей,
Завяло ж там, завяло
Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палях,
Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзях,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць,
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю,
Увосень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой холадам зь сям'ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
I не паглядзіш
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.
2
Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось дайцеся ўсе дзіву
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем,
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.
3
Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
Сам днём блудзіў, як ночай.
Так выйшла ўся моц з жыл,
Араць ня стала сіл,
Настаў канец дакукі
З касою сьмерць прыйшла,
З сабой весьць прынясла:
Пара складаці рукі!
Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
Ўвесь век чужое поле.
Шрифт
Фон