Шрифт
Фон
Заручыны
Далёкай, нялёгкай сьцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой,
Як цар і царыца;
Шурпаты няжаты сох верас ля ног,
Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох
Над цёмнай крыніцай.
На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясьмела раса, як сьляза,
На лісьцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў
I шумам-задумам законы пісаў
Ў нягаданых словах.
Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшыя пні,
Як варта на стражы;
I ціха суліхай сьцікаўся, плыў цень,
За горы, за моры адходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.
Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
I поўнач на помач, палохаці сны,
Нязначна падклікаў
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
Бяз памяці, дзіка
Даўгажданная
Ты прыйшла ка мне тады,
Як зьвінелі халады,
Як стагнаў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.
I сагрэла ты мяне
Ў палуцьме, у палусьне;
Паня ты была, я пан
Посьле зноў зацьвіў курган.
Ад мяне пайшла тады,
Падганялі халады,
Скрыпам выў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.
Ты прыдзі
Ты прыйдзі ка мне вясною,
Кветкаю прыйдзі;
Заквіці красой са мною,
Думку разбудзі
Ты прыйдзі ка мне улетку,
Коласам прыйдзі;
Песьняй жніўнай на палетку
Думку саладзі
Ты прыйдзі ка мне зімою,
Сонейкам прыйдзі,
Даўнай казкай залатою
Думку абудзі
Ты прыйдзі ка мне увосень,
Зоркаю прыйдзі;
Ў сьвет далёкі з шумам сосен
Думку павядзі
Ты прыйдзі і на магілкі,
Кветкаю прыйдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
Шчыра пасадзі
Ты прыйдзі
Над рэкою ў спакою
Над ракою ў спакою
Зацьвітала каліна;
У сяле за ракою
Вырастала дзяўчына.
Да зялёнай каліны
Прылятала зазюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.
Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
Перастала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
Зь ненаглядным страчацца.
Бедавала зязюля,
Што каліны ня стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
Па рацэ гналі хвалі
Ўдаль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны
Над ракою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна;
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.
Як у повесьці
Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы зь сьвятліцай хаціна,
У хаце з бабуляй дзяўчына.
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала,
Хлопец у хаце жыў зь дзедам,
Быў той дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.
Улетку кляпаў хлопец коску,
Шоў луг касіці за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці
Ці лён часала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.
Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не адпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача,
Нешта капае, валоча,
Ждучы ўсё сонейка ўночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым
Людзі ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.
Дзяўчынка і вянок
Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы
Не хапала адной кветкі
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці ня знаюць
Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
Клопат Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі ўпрочках, хлопца мае
Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе
За вянок дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.
Ястрэб
Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,
I кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
I выгрызе сэрца, і кроў высьсе зь цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў,
Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
Паганячы славу дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваёй у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і зь ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:
Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.
Хмарка і Маладзік
Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:
Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной,
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.
А ты лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе,
Дык прымі ў добры час
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут сам адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла,
Прытуліся ж ка мне
Ты царыца, я цар
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць жа тут
Будуць зь веку у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
I ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.
Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
I гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Шрифт
Фон