Шрифт
Фон
4
За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот лье народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Хлеб наш людзі ядуць,
Мы ж мякіну жуём!..
З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Аграваем другіх,
Самі холад клянём!..
На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяем,
Дамы ставім людзям,
Самі мром пад вуглом!..
5
Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што ж касіць буду,
Божа дарагі?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду касіць?..
Туды-сюды, сям-там
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, куп'ё
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату,
Дзе дабро шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, везьці ў ток?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Што ж буду зьбіраць?
Туды-сюды, сям-там
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец,
Вось і ўсё, і канец!
*
Як выйду за хату,
Бор шуміць, пяе
А што ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Дзе дровы, бярно?
Туды-сюды, сям-там
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё,
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату,
Дарога ідзе,
А куды ж, кудою
Мяне павядзе?
Ой, лю-лі, лю-лі,
Куды ж завядзе?
Туды-сюды, сям-там
Сьмех казаці людзям:
У астрог, у карчму,
Вось і ўсё усяму!..
6
Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрад,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо' дзе на куце
Разам там саджаюць
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вунь, дзе панна йдзе,
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць,
Думай і аб хаце
Вось, сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Нязваны, нясланы,
Са сьлязой пад брывой,
Нясыты, няп'яны.
Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што ж рабіць? трэба жыць
Слухай долі-маткі
I панам ня хлюсьці,
Пільнуй сваёй хаткі,
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце,
Дзе радзіўся, дзе ўзрос,
Трэба і ўміраці.
7
Сажань шырынёю
Надзельны шнурок
Пустыня, бяз гною,
Каменьне, пясок
Пад сьнегам адпрэла
Жытцо за зіму;
Прыхваціпа, зьела
Сьпека ярыну.
Бульба як арэхі,
Як цьвек бурачок
Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок!
Багаты будзь зь нівы,
Ўвесь чынш заплаці;
Будзь весел, шчасьлівы,
Ня пі, не крадзі!
Жый згодна з усімі
І Бога хвалі,
Не крычы з другімі:
«Свабоды! Зямлі!»
8
Нашто хлеб, нашто багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
Нашто боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
Нашто век зямлі хацеці?
Памром сажань будзем меці!
Нашто новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
Нашто сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
Нашто лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
Нашто знаці ўсяго многа?
I так трапім да астрога!..
На прадвесьні
I сівер ледзь хаткі ня зьверне,
I сьнегу ані не ўбывае,
А тут у сьвіронку ні зерня,
Апошняя бульба ўцякае!
I сена няма ад Грамніцаў,
Саломкі той зараз ня хваце;
Кабылка падбегчы баіцца,
Кароўка ня хоча ўставаці.
Даведаўся ў двор і да сына
Ня служцы куток свой карміці!
I больш не даюць з магазына,
Няма дзе рубля зарабіці
Нялёгка на сэрцы, нялёгка!
Дум чорных ня збыцца дзень цэлы
А так яшчэ траўка далёка,
Калі ж і той колас насьпелы?!
Аратаму
Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
Цябе шнур чакае даўно.
Хай сошка крывая, кабылка худая
I ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
На тыя прадзедаў сьляды.
Ты пан, ты багаты, ты сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
Дый сам ты галодзен зусім
Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
Ты выараш, братка, сабе
Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі
Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..
Араты
Цягнецца араты
За сахой крывой.
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.
Бразджыць, скача сошка
То на пень, то з пня
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!
Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ ня стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.
I ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
Зь якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?
Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чалавек?
Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.
Ў сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Не лічы варон!
За кожным зваротам
Баразну ральлі
Палівай ты потам,
Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці,
Аддыхнуць, дружок
Нясе жонка есьці
Цэлы спарышок.
Ну, што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці ж на то ўсё лета,
Араты, арэш?
Ці ж на тое трэба
Ліці табе пот,
Каб есьці бяз хлеба
Лебяду, асот?
Ці ж на тое ў полі,
Хоць душой замры,
Б'есься без патолі
З зары да зары?
Доля твая, доля!
Дзе ж яна расла?
На чыстае поле
Хіба уцякла!
Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней:
Зь цябе сьвет багаты,
Ты ж усіх бядней
Шрифт
Фон