Шрифт
Фон
Я хацеў бы
Насьледаваньне з Асныка
Я хацеў бы душу адшукаці такую
I такое хацеў бы я сэрца знайсьці,
Што са мной праз жыцьцёвую сьцежку блудную
Захацела б супольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў бы я мець прад сабою,
Як у ясныя зоры, ў якія б глядзеў,
І забыўся б, што ходзіць маркотнасьць за мною,
I забыўся б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў бы, што мне б саладзілі
Пацалункамі горкую долю маю,
Што з-пад сэрца, з душы галасок бы здабылі
I ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю.
Я хацеў бы знайсьці ручак беленькіх двое,
Што к сабе прыгарнулі б, пясьцілі мяне,
Памаглі б мне змагаціся з чорнай нудою,
А па сьмерці павекі закрылі бы мне.
Я хацеў бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцам чыстым, якую б усякай часінкай
Я любіў бы, туліў і служыў бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
I адной, што мяне б зразумела, душы
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.
Мая жонка
Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
Як я багацейшай,
І як я мудрэйшай.
Я вазьму такую,
К якой любасьць чую,
Што мяне палюбіць,
Як сябе самую.
Будзем зь ёю жыці
I долю хваліці,
Весьці лад у хаце,
Дзетак гадаваці.
I так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
Покуль хаўтуроў нам
Злая сьмерць ня справе.
Да дзяўчынкі
Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:
Збудзі сэрца, збудзі, хай навек не засьне,
Дабудзь песьню з душы, разгані цемнату.
Не было мне пацех ад людзей, ад жыцьця,
Не заглянула сонца у хату маю,
Віхры гналі-гулі без канца, без пуцьця,
Ажно долю паганую кляў я сваю
Ой, так шоў так сыходзіць мне год за гадком,
А ёсьць шчасьце, ах, ёсьць на бяспутнай зямлі!
Гэта шчасьце ў каханьні, ў змаганьні са злом
Дык хадзі ж, не ўцякай душу, сэрца вазьмі!
Ты і я удваіх станем сьмелай ступой
Змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд,
Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой
За нявольны свой край, за свой змучаны люд!
*** Абнімі ты мяне, маладая
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па сьвеце цярністым.
Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
Зь ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.
Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаньнем,
Вышлем росы брыльянтныя ў сваты.
Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы,
Ў сьлёзы-іскры забраных загонаў;
Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.
Адну песьню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, па сьвеце цярністым
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым.
Перад ночкай
Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
У зорак грамадзе:
Тайнасьць жуткая гэт, здаля
У сьвет ідзе, ідзе.
Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
«Добрай ночы» сьпей, дзяўчынка,
Сьпей хоць раз, хоць раз!
Запей нотай сэрцу блізкай
А долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!
Пей пацехай, пей разгульна,
Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прысьпі, прысьпі!
Сьпеўшы песьню, ў ціхамоўку
Без трывогані
На плячо мне звесь галоўку
I засьні, засьні!
Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатые
Сны с табой, с табой!..
Па захадзе
Мой міленькі прыйшоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў аконца.
Заныла сэрцайка маё,
Як гэтае пачула,
Сваё зьняла я акрыцьцё
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі выйшла я на двор
Да любага зь сьвятліцы,
А неба рдзела ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай.
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любыя,
I распляталі мне касу,
I ласкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх
I моўчкі паглядалі,
Як цені з хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў
I штось шаптаў нясьмела.
Сьляза жывая за сьлязой
З маіх зраніц сплывала,
Ў адно мяшалася з расой,
Што на пяску ляжала.
А ночка пела з бліскам зор
Нам сьмелы гімн каханьня,
Сьмяяўся, плакаў сіні бор
Да самага сьвітаньня.
I мілы выйшаў ад мяне,
Адзін пайшоў к пагонцы,
А ўсьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіла ўжо сонца
З недацьветаў
Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады,
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў
Абняліся мы зь ёй,
Божым сном паплылі
Ўдаль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ўдаль да сонца ўдваіх
Заадно зь яснатой
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся зь ёй
Туманом і агнём
Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:
Маладую маю
Разлучылі са мной
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.
Ці ты чуеш?
Ці ты чуеш, дзяўчынка,
Як трасецца хацінка,
Як вятрыска скуголе,
Шум нясе нейкі з поля?
Ці, пачуўшы, пазнала,
Што ўсё гэта нагнала
Табе ў сэрца са сьвету,
Ці адчула ўсё гэта?..
Гэта восень заводзе,
Сьлёзы лье ў непагодзе
Над табой, нада мною,
Над няшчаснай зямлёю.
Не пужайся ж ты крыкаў
Непагоды вялікай
Нас Бог крыўдзіць зь людзямі,
Восень плача над намі.
С табою
С табою спаткаліся ў лесе:
Багун і чарнобель к нам слаўся,
Сьмеяўся пушчар, а у сьмесе
За ценем цень новы снаваўся.
За намі, прад намі снавалі
Павучные, бледные цені,
Мяне у палац зазывалі,
Цябе у сьвятые прадсені.
Сьвятая пасьцель небасхілу
Крывавай імглой заплывала,
Пасад заручальны магілай
Пуціна сьлепая хавала.
Пуціна была, мы і тую
Згубілі, як лепей не зналі:
Ці маем шукаці старую,
Ці к новай блукаціся далей?
Шрифт
Фон