Шрифт
Фон
Зіма
Было цёпла. У ваконцы
Заглядала ясна сонца.
Аж, ні села і ні пала,
Зіма зь сьнегам загуляла!
Усю нашую старонку
Спавіла, як у пялёнку,
Няма траўкі, няма кветак,
Пуста гэтак, мёртва гэтак!
Сьціхла рэчка, як забіта,
Пад шкляною лёду плітай;
Лес пашумам не гамоніць,
Птушак песьнямі ня звоніць.
Век халодны без адмены,
Мароз стукае у сьцены,
А ад сьнегу днём і ночай
Іскры сыплюцца у вочы.
Скрыпяць санкі на марозе
Па высьлізьганай дарозе
Эй, каб шчаснай больш часінкі,
Вось бы зьлётаў да дзяўчынкі!..
Сьнег
Залягла, як пасьцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег
За старухай-зямлёй
Ты пасьцель, дружа мой,
Узваліў на душу,
Як бы крыж на мяжу,
I ўжо рад не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег
Думкі, сэрца, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег
Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр і забыў,
Каб нічога ня дбаць,
Сьмела ўдаль паглядаць,
Быць самым не на сьмех
Гэта сьнег, толькі сьнег
Хтось сваяк, не сваяк
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег
Мо' і лёгкія дні
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада
Само шчасьце, сам сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег
III. Для Яе
*** З зорак усходніх, заходніх
З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
маланкі выткаў бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону
вяночак зьвіў бы табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай,
цяністай строіў бы кнеі;
Воблачак зьняў бы на трон зь небасклону,
з-пад сонца пышны, багаты.
Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,
царэўнай яснай тады я,
Славіць, шчасьлівіць сваю маладую,
сьвятую песьняй няпетай.
Сэрцавы струны зьвінелі б нязьвеўна,
павеўна гімны жывыя;
Казку тварыў бы з табой залатую
такую, як думка гэта.
Не прасьпі
Сьпі, дзяўчына, покуль сонца
Не зайграла над хацінай;
А як сонца на аконца
Бліскі кіне ўстань, дзяўчына!
Ўстань, зьніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць з касою!
Ў сонцы віся далей, вышай,
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы сьмелай,
Пасмы радасьці снаваці
Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна
З сонцам, з сэрцам, зь вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына!..
Як у лесе зацьвіталі
Як у лесе зацьвіталі
Ліпы ды каліна,
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
Трысьнягі ды лозы.
*
Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна,
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына.
Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.
*
Як дасьпела, счырванела
Ягада-рабіна,
Ўвокал глянулі нясьмела
Мь з табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі.
Журавы ды гусі
Песьня
Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду слугой, ты царыцай.
Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй.
Людка
Як Людкі ня бачу,
Ня міла мне жыць:
I сохну, і плачу,
I сон не бяжыць!
I хатка ня міла,
Ўрагамі дружкі,
I сьвет як магіла,
I ночкай дзянькі!
Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё!
I плач уцёк недзе,
I раем жыцьцё!
Хоць поўна хмар неба,
Сьвет-яснасьць адна!
Сам сыты бяз хлеба,
Вясёлай душа!
Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной,
Усё хочацца толькі
Быць зь Людкай-красой
К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
I песьню аб Людцы
На ўвесь сьвет грымнуць!
Грымнуць прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На сьвет, на людзей!
Мая дзяўчынка
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне,
Каласісты вянок жыта
Коска жычкаю павіта;
Пара пасымкаў мятлічкі
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзьве пралескі яе вочкі
Ці два ў збожжы васілёчкі;
Яе шчочкі роўны ў сонцы
Цьвету-ружы ля аконца;
Яе губкі не калінкі,
Проста сьпелыя малінкі!
Кветка-лілія з крыніцы
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты зь незабудкі
Маладыя яе грудкі;
Як хмялёчак небадыльны
Стан прытульны, перахільны;
Ручкі хто зраўняўся зь імі!
Так і шчасьце не абыме;
Сэрца Ўсюды за ім пойдзеш
Пекла, неба ўсё там знойдзеш
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.
Жнея
Як сама царыца
У залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж сьпелых гоняў.
З каласкоў вяночак
Моладасьці сьведка
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчасьлівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна царыца
Весела, шчасьліва
Карануе песьняй
Залатое жніва.
Сьмела йдзе у сонцы
Ўся сама як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.
Шрифт
Фон