Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 11.

Шрифт
Фон

Вёска

За хатай хата у парадак
Сядзіць адна каля адной;
Залегла вуліца сяродкам,
Будынкі збоку чарадой.
Ня год, ня два зьняла з плеч вёска,
Дзянькоў уцёкшых знак відаць:
Мох у салому паўпіваўся,
Падпора час сьпяшыць стрымаць.
Жыцьцё у лапці абувае
Сваяк, чужынец-прайдзісьвет,
Бяда багацтву б'е паклоны,
Цямнота к знаньню зводзіць сьлед.
Вядзе вайну сьляза са сьмехам,
Дзярэцца той, а той дрыжыць,
З грахамі важыцца пакута,
У пары ноч і дзень бяжыць.
Ня знаю: шчасьце ці няшчасьце
Ўе тут спакойнае гняздо
У вёскі гэтага спытайся,
Маўчыць і вёска пакуль што.

Сад

Гальлё панадна разлапушыў
За хатай прадзедавай сад;
Чарэшні, яблыні і грушы
Сышліся згодліва у рад.
Ківаюць макаўкамі ўдала,
Плывуць напевы ад галін,
Як бы зь іх кожная ўзывала:
«Хадзі, бяспутнік, адпачынь!
Хадзі, усядзься каля нас ты,
Жыцьця прыгод забудзь напасьць,
Паслухай музыкі лісьцястай:
Яна табе гарт новы дасьць.
Ты многа йшоў, блудзіў ты многа,
Жаданьня крыж ты нёс і нёс,
Аж на расстайных стаў дарогах;
Цяпер да нас ад бур і сьлёз!..»
Так быццам вабіць сад лісткамі
Пад цень свой думку многа лет;
А думка што? яна зь вятрамі,
Ня знай, за чым ляціць у сьвет

Рэчка

Між гор далінаю за вёску,
Не аглядаючыся ўзвыш,
Суважна, попрасту, па-свойску
Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.
Падгоніш каменьчык жвіровы,
Травінку водную трасеш,
Чапаеш кораньчык альховы,
Па верху кветачку нясеш.
I лёд зімой табе ня шкодзе
Ўсё коцішся; а цёплым днём
На бераг выглянеш разводзьдзем,
Дый посьле зноў сваім сьлядком.
Нясецца весела вадзіца,
Мая зь ёй думка сьлед у сьлед,
То рвецца ўдаль, то зноў баіцца.
I міл, і страшан думцы сьвет.
А рэчка як бы мне гавора:
«Аб долі хочаш знаць маей?
Я капля ў моры; толькі ж мора
Маё ад дум тваіх сьвятлей!..»

Сельскіе могілкі

Люблю я могілкі з каплічкай,
Прысельле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Сьлязой дзе кожан дол абмыт.
Сваё дзе Радаўніца сьвята
Сьпяшыць у год абходзіць раз,
Сялян склікаючы сямейку,
Спраўляе зь сьветам тым папас.
Жывыя душ успамінаюць
Сваёй успанае радні,
Над імі жаляцца галінкі,
Нясуць былыя думцы дні
Агул жыцьця ўсяго абыймеш,
Друзы пагод і непагод,
Зямлю і неба ў рукі возьмеш,
У гэты край зьляціць паглёд.
I як жа міл дзірванчык цішы,
Спакою дзіўнага узгор,
Дзе не чапіў сялянства пушчы
Навейшай мудрасьці тапор!..

Явар і Каліна

Песьняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісьцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песьцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць сьмехаў русалчыных,
Лопату крыльляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
Ў повесьцях сонных імшараў
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.

Явар

За пакутнай за гарою
Ўзьнёсься явар адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі.
Колькі, бедны, крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме:
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць-біцца
Сіл замала зь непагодай
Па лісточку, па галінцы
Ўсё губляе з кожным годам.
Гэй, і явар жыў надзіва,
Паглядаў у сьвет з адвагай,
Быў ён князем гэтых ніваў,
На ўсім сьвеце меў павагу.
Ад узгорка да узгорка
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці то соладка, ці горка
Помніць явара жалейка.
I ў дзень будні, і ў нядзелю
Ён зь людзямі са сваімі.
Колькі песень аб ім сьпелі?
Колькі ў песьнях яго імя?
Зьбеглі леты за лятамі.
Як ня нашы, нашы песьні;
I мы самі, як ня самі.
А наш явар? Аж балесьне
За пакутнай за гарою
Плача хмурны, адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі

Дуб

Распусьціўшы сучча
У глухім прывольлі,
Сам адзін расьце ён
На далёкім полі.
Як цар, у кароне,
Аб нічым ня дбае,
Ці то стогне бура,
Ці віхор гуляе.
На адным ён мейсцы
Днюе і начуе;
Многа казак знае,
Многа песень чуе.
Дождж падмыў карэньне;
Ў ім дупло як хата
Ён стаіць і дрэмле
Грозны, расахаты.

Вярба

Стаіць вярба сухая
У полі на мяжы,
Кару з галін сьпіхае,
Галіны як крыжы.
Ці непагадзь іх мые,
Ці сьпеката пячэ,
Ўгару глядзяць нямыя,
Штогод нямей яшчэ.
Шчабетлівая птушка
Папеці не ляціць,
I мятлічак, і мушка
Гняздо баяцца віць.
Адно птах несьвянцоны
Спраўляе свой папас
Падбітыя вароны
Ды груганы падчас
А ўсесьвяточнай ночай,
Як ляжа цемната,
Ў сухой вярбе ляскоча
Асеньняя слата.
Галодны вецер сьвішча,
Шалее ў злыбядзе,
Цямняцкае ігрышча
З сухотніцай вядзе.
Праклённы хохат-рогат,
Выклічыны жуды,
I жальны ціхі ёкат
Там чуецца тады.
Ў такі час кажуць людзі
Аб той вярбе сухой:
Хай Бог судзьдзёю будзе
Над грэшнаю душой.

Груша

Калышацца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільены.
Шпакі на ёй чырыкаюць,
I белкі часам скачуць,
I сонца дарыць сьпекамі,
I хмары дажджом плачудь.
Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То зь небам, то зь зямлёю.
Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці,
Хоць мо' аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.
Хоць будзе мо' расказываць
Аб долі, аб багацьці,
З даўнейшага, прайшоўшага
Пыл забыцьця зьмятаці
О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці

Дзьве таполі

Там, за вёскай, у полі дзьве стаялі таполі,
Як адна, дзьве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзьве таполі стагналі.
Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,
Як адна, дзьве таполі шумелі,
I аб Захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі,
Як адна, дзьве таполі ўсё пелі,
Што пануюць у полі над дубамі таполі,
Як адна, дзьве таполі пануюць,
Што начуюць у полі самаўладна таполі,
Як адна, дзьве таполі начуюць
Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
Як адна, дзьве таполі пачулі,
I навекі у полі дзьве заснулі таполі,
Як адна, дзьве таполі заснулі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора