Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 7.

Шрифт
Фон

На начлезе
Вецер хвалі ўперад гоне, вербы гне,
ходзяць спутаныя коні ў тумане.
Буланыя мае коні
капытамі ціха звоняць
ў сэрца мне.
Доўга, доўга ноччу цуднай я не спаў
аганёк на полі блудны вандраваў...
Доўга песня салаўіна
не сціхала срэдзь галінаў,
сярод траў.
Доўга, доўга чуў дзявочы з вёсак спеў,
аж пакуль рагаты месяц не самлеў...
Пакуль хлопцы не паснулі,
агонь ветры не раздулі,
аж згарэў.
Ноч была як быццам казка сіняя...
Пакуль зоры не пагаслі, думаў я,
што, чым зоры праз галіны
чараўней глядзіць дзяўчына,
ой, мая!..
Ходзяць коні, ходзяць ў раннім тумане...
Ўстануць хлопцы ды дахаты пажанем.
Вецер хвалі ўперад гоне,
яны роднай песняй звоняць
ў сэрца мне...
1941

Родная мова
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
быццам музыкай, душу чаруеш.
Мы за вокнамі дзень залаты,
нашых рэкаў пявучыя хвалі,
роднай хаты святыя куты
ў гэтай мове раз першы назвалі.
Мова наша буйны цветабой!
Пралілася ў ёй першая радасць...
Словы матчыны сыпалісь ў ёй,
як лісточкі з адцвіўшага саду.
Любай песняй старою гучыш
з-над калыскі, з гадоў тых дзяцінных;
салаўіным разлівам ўначы,
звонам хваляў прыткой ручаіны.
З-пад вясковых прыветлівых стрэх
мілагучна звініш ад світання;
бы дзявочы рассыпчысты смех,
быццам першае ў сэрцы каханне!
Ты вясною аквечаны луг,
шум дубровы магутны, пявучы;
непадайны сталёвы ланцуг,
што нам сэрцы крывіцкія лучыць!
Так балюча і гэтак даўно
стогне любы народ ў паняверцы;
ты адна толькі ясным прадном
нам снуешся праз нівы, праз сэрцы.
Святы прадзедаў ты нам адказ,
якім слаўна ў харомах гудзела!
Ты як неба, як сонца для нас,
быццам наквеццю сад заінелы.
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
быццам музыкай, душу чаруеш.
1942

Нёмне
Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы,
мой дружа з гадоў тых дзяцінных!
Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі,
імклівы, у бегу няўпынны.
Праз срэбныя далі хвалюючых ніў
і зелень лугоў аксамітных
ты грудзі Краіне чароўна абвіў
шырокаю стужкай блакітнай.
Калі бліснеш хвалі сталёвай луской
ў дзявочых, ў вясёлкавых мроях
ты быццам бы рыцар, бы казачны вой
ў зялезнай закованы зброі.
І часам здаецца вось ў воблакаў сінь,
над соснаў стрункіх верхавіны,
бы волат, бы верны зямлі нашай сын,
на помач устанеш Краіне.
Крывіч ты дастойны, ты волаце наш,
калышаш народнае імя!
Ніякая недругаў нашых мана
нам сэрца твайго не адыме.
Калі ж задуменнасць агорне лугі
і змораны вецер спачыне
люструешся, стройны, прыгожы, даўгі,
як вочы дзявочыя, сіні.
Начамі тужліва на неба глядзіш
ў сярэбраным блеску крыштальным,
а месяц прыходзіць к табе, маладзік,
купацца ў запененых хвалях.
І сосны, і вольхі, і дуб к табе стаў
на бераг круты і адлогі.
Бы ў люстры, бярозы калышацца сталь,
бе хваля аб белыя ногі.
Калі ж спаўюць шыза цябе туманы,
бы пачассем бераг авеюць,
народныя ціха калышаш ты сны
ды вольныя думы лялееш.
Як дні, безупынна імклівы твой бег;
жыццё твае звонкія хвалі.
Народнаю песняй калышам цябе,
як колісь дзяды калыхалі.
Гэй, Нёмне шырокі, як лён, галубы!
Кроў сіняя любай Краіны!
Вясёлы ля берагу, строгі ў глыбі,
як вочы дзявочыя, сіні!

1942

Нішто так няміла
Нішто так няміла, як хатні агонь,
што сэрца астылае грэе.
Нішто так няміла, як родны загон,
што сам колісь хлебам засеяў.
Нішто так няміла, як бацькавы кут,
як гул калаўроткаў у вечар;
як гоман вясёлы цапоў на таку,
як дзедава казка ля печы...
Нішто так няміла, як песні у нас,
як прадзедаў сівы абычай,
аквечаны ў покуці Божы абраз
і Маці Святое аблічча.
Як мілы, вясёлы дыван на краснох,
што тчэ у задуме дзяўчына
румяняцца шчокі манлівай вясной,
а рукі як бель палатнінаў!
Пагляне, а вочы як возера дно!
магло б у іх сэрца ўтапіцца,
запутацца ў косы, што русым прадном
на плечы сплываюць крыніцай.
Нішто так няміла, як шнур нашых хат,
гасцінныя нашы парогі,
і вербы, што сталі, зялёныя, ў рад
ля стрункай, далёкай дарогі.
Нішто так няміла, як сівы курган,
як славы былой успаміны;
калі не шкадуюць нам ворагі ран
папомняць другую хвіліну.
Нішто так няміла, як родны наш сцяг,
як нашы дзядоўскія гоні;
нішто так няміла, як тое дзіця,
што сэрцам вітае Пагоню!
Нішто так няміла, як чыны братоў,
ахвярным акрылены ўздымам;
нішто так няміла, як моладзь ў радох,
як нашы байцы за Радзіму!

Дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчах дабывалі
з старых, вякамі пачарнелых пнёў
і мёдам залацістым налівалі
рады гліняных, паленых збаноў.
Аружжа цвёрдае кавалі сабе самі,
вастрылі стрэлы, нацягалі лук,
часамі быў аружжам толькі камень
ці двое дужых, гартаваных рук.
І дзік, і лось, мядзведзь асілак буры
пад сілай рук не раз у лесе паў.
Цвярдое ложа пакрывалі скуры,
кругом сплывалі з дзераўляных лаў.
Як дуб магутныя, адважныя як зверы,
адужалі ў лясох суровае жыццё.
Перад цяжкою, кованай сякерай
паганы вораг заўсягды уцёк.
Калі ж дружынаю за стол дубовы селі
і кубкі пенным мёдам налілі
не зналі меры буйнаму вяселлю
сівыя продкі нашае зямлі.
А калі князь агнём раскідаў віці,
каб ісці дружна Краю бараніць,
каўшы кідалі з мёдам залацістым,
каваць зялеза ды смалу паліць.
Пад горды сцяг збіраліся дружыны,
грудзямі-мурам ворага спаткаць,
нашчадкам імя слаўнае пакінуць
ды родных пушчаў недругу не даць.
Героям сыпаліся курганы-магілы.
Міналі славы поўныя вякі,
аж покуль вораг хітры не асіліў
Крывіцкі род з-над Нёману-ракі.
Не ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых,
магутных замкаў, слаўных гарадоў
ды не прысвоіў славы на курганах,
дзе тлеюць нашых попелы дзядоў.
І часта вецер ноччу на магіле
азвецца стогнам волатаў сівых:
Мы Край грудзьмі сваімі баранілі,
каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх?
Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі
чужак сваёй краінай называў
ды слаўна племя мучыў сёння здзекам
і нават мове волі не даваў?
Так стогнуць сэрцы волатаў магутных,
як быццам вецер жалем галасіў,
што расце Крывія маладая ў путах
ды ўнук аб славе дзедавай забыў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке