Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 8.

Шрифт
Фон

1941

Краіне
Ці за рокат гучных громаў,
што начамі бюць,
ці то за страху з саломы
я цябе люблю?
Ці за сумную мо долю,
за дзяўчат красу,
ці за тыя ветры ў полі
ў буйную вясну?
Мо за тыя навальніцы,
бунтам што гудуць,
за лязо мо бліскавіцаў,
што па хмарах тнуць?
Ці за сілу гэтых бураў,
што страсаюць сон,
ці за ветру спеў хаўтурны,
ці за братні стогн?
Ці за ўздым бунтарны Нёмну
ў скутых берагох,
за пярэкліч ноччу цёмнай
па старых шляхох?
Ці за бор, як расшуміцца,
гневам задрыжыць?
Ці за зоры-зараніцы,
што прыйдуць свяціць?
Ці за сэрцы, што аб грудзі
рытмам волі бюць?
Ах, за што ж цябе, мой цудзе,
як жыццё, люблю?
1942

Калісьці
Плуг згарне для зярняці пасцель,
раллю мякка прыгладзяць баронкі,
ярына зашуміць, зацвіце
на палетках радзімай старонкі.
Будуць нівы, лугі зіхацець,
слацца ўзорна-цвяцістым абрусам.
Сіне-сіне наш лён зацвіце,
быццам вочы ўдалых беларусак.
Я паволі па сцежцы прайду,
каб нагой не стаптаць ні зярняці,
ні той бульбы ў зялёным раду,
ані траўкі буйной сенажаці.

Было свята
Было свята, нядзеля,
ясна зоры гарэлі,
пахла мятаю,
дзе пад хатаю
хлопец з дзеўкай сядзелі.
Нешта груша шумела,
нешта сэрца нясмела
аб каханні тым,
верным, маладым,
сказаць дзеўцы хацела.
Дзе ж той смех дзецюковы?
Пагубляў быццам словы...
Зоры з месяцам
цалаваліся,
нат не знаючы мовы...
Паказалі паперу
Ісці хлопцу ў жаўнеры...
Неўгамоннае
сэрца плакала,
бо хто ж дзеўчыне верыць?
Было свята, нядзеля,
вокал стрэлы гудзелі...
Лёг мой міленькі
пад калінаю,
на зялёнай пасцелі...
Было свята, нядзеля,
ў небе зоры ірдзелі...
Ой, пыталася
дзеўка ў ночанькі,
калі будзе вяселле?
Многа нітак спрадзецца,
вёснаў шмат разаўецца,
ўсё ж чакаціме
дружка мілага
дзеўкі вернае сэрца.

Дзяўчына
Заглядзеўся раз на дзяўчыну пан,
калі золатам сплылі на каптан,
сплылі хвалямі косы льняныя
на кашулю ёй палатняную,
як цвілі вясной ясна вочанькі
ў полі сінімі васілёчкамі.
Будзеш, дзеўчына, будзеш паняю,
са мной жыцьмеш у месце каменным,
ды рукамі, як лебедзь, белымі,
жаць не будзеш больш жыта спелага,
рана росамі, мяжой-стужкаю,
больш не пойдзеш ты разам з дружкамі.
Кінеш прасці лён, нітку белую,
кінеш прасніцу із кудзеляю.
I не станеш больш ты за кроснамі
патыкаць палёў сонца коскамі,
ані вечарам, ды задуманым,
не разжалішся песняй сумнаю.
Кідай, дзеўчына, сіні Нёман свой,
кідай, дзеўчына, мілы край вясной.
Кідай родную хату бацькаву
і юргіні, што расцвітацімуць.
Забудзь вочы ты Міхасёвыя
я багацце дам, жыцце новае.
Будзеш ў месце жыць, свае слугі мець,
ды не будуць там больш бары шумець.
Салавей цябе песняй гучнаю
не разбудзіць больш ў ноч пахучую...
З ветрам дзеравы абдымаліся,
нівы буйныя калыхаліся...
Толькі дзеўчыны сэрца вернае,
не хісталася, быццам дзерава.
Не пакінула ракі Нёману,
ні лясоў сівых з ціхім гоманам.
Сяла роднага, Краю мілага,
каб быць паняю, не пакінула.
У сяле сваім песняй, словамі
сэрца цешыла Міхасёвае.

1941

Толькі вецер
Толькі вецер рана зелень дрэў парухаў
падняліся хмары лёгкім, сінім пухам,
паплылі, як гусі, адна за другою
і маё дзесь сэрца адняслі з сабою.
Адляцела ў вырай з хмараў караванам,
з вольнакрылым ветрам па шляху нязнаным.
Днём ля сонца кружыць недзе ў паднябессі,
а ўначы лялее маё сэрца месяц.
Быццам тая перлаў залатая россып,
ўжо апалі хмары ў мігатлівых росах
ды на родным, пэўна, высахлі загоне...
Толькі вецер сэрца безупынна гоне.

Раніца
Ранне звейнай аснована ймглою,
такой лёгкай, як быццам уздох...
Крывічанка нат зграбнай рукою
так палотнаў не тчэ на краснох!
Нат тым лёнам сваім залацістым
не патрапіць так лёгка снаваць,
як той вэлюм празора-імглісты,
што авеяў кругом сенажаць...
Сонца ўстане, румянае сонца,
твар у чыстай памые вадзе,
ды глядзіць, як дзяцюк, праз аконца,
сінявокі, разбуджаны дзень.
Росы сыпнулі густа на краскі,
зазвінелі на межах званкі;
ў адказ словы даспелае ласкі
шле ім колас зярніста-стрункі.
Гэта ранне, румянае ранне!
Згорне вецер імглу на палёх,
блісне сонца, як тое каханне,
прытаіўшыся ў мілых вачох.

Захад
Кацілася ў полымі сонца на захад,
на стрыжанай ржышча лягло галаве...
Вось быццам хто смелым мастацкім размахам
чырвань распырскаў на палатне.
Быццам вайна удалі загрымела
Можа, ўстае паднявольны народ,
крывёю разлітай сыноў сваіх смелых
купляе вызвольны Краіне усход.
Не гіне ўсё чырвань... Палае прыгожа
Але не кроў там ужо, не агні,
гэта шырока раскінулі рожы
недзе дзяўчаты героям вайны.
Паволі ўсё гіне. Ноч наступае.
За ценем без шолаху сунецца цень...
Ды ноч міне скора. Па ёй рассвітае
ясны, скупаны у чырвані дзень.
Вечар
Апаў вечар вокал ціхім сумам,
таямніцай непрагляднай лёг,
апаў хмарай невясёлых думаў,
разаслаўся густа на палёх.
А прачнецца вецер над палянай,
Дзьмухне ў попел звогненаму дню,
залунае месяц над курганам,
зоры бліснуць сугаркі агню.
Мякка гнуцца грывістыя травы...
Хаты задрамалі, сноў вуаль.
Вецер статак хмараў кучаравых,
Як пастух, пагнаў па небе ў даль.
Ноч санліва хіліцца і вяне,
бы падкошаная ў маі сенажаць,
толькі зоры збуджаным каханнем,
толькі зоры дзіўныя гараць.
Вячэрняя містэрыя
Золатам тканаю рызаю
пакрылася неба без хмар.
Пацеркі зораў нанізаных
вечар кладзе на алтар.
Месяц над возерам кадзіць
струменямі дымнымі зор.
Сыплюцца зоры ў прысадзе
на белы дзяўчыны прыпол.
Бюць цені паклоны набожныя,
а лятучыя косы бяроз
атулілі крыжы прыдарожныя,
дзе плача драўляны Хрыстос.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке