Шрифт
Фон
1941
Забэйдзе-Суміцкаму
Ты запеў нам песню аб барох сасновых,
аб пахілых ў полі сумных дзесяткох,
аб цудоўных межах з цветам васільковым,
што здаюцца часта на чужыне ў снох.
Ты запеў нам песню аб бярозе белай,
як ў зялёнай хусце стройная стаіць,
і аб тым, як явар уначы нясмела
аб сваім каханні лістам шалясціць.
Ды як ціха вецер лісцямі з бярозы
засыпае сумна незабыты след,
што пакінуў кажны з нас там на дарозе,
як ішоў ды з хаты ў непрыхільны свет.
Аб радзімай вёсцы запяяў нам песню,
матчыную песню запяяў не раз,
і аб тым, як птушкі кажнае прадвесне
прывітанні з сэрца там нясуць ад нас.
Хай з тваёю песняй, хай шляхом гусіным
размахнецца сэрца ды ляціць туды,
дзе астаўся след наш ў родных каляінах,
дзе мы пагублялі смех наш малады.
О, Краіна
О, Краіна шчасця, родная матулька,
о, Краіна ясных, незабытых дзён!
На шырокім свеце не найду прытулку,
не прывыкну сэрцам да чужых старон!
Тэхніка, культура ды чыёсь багацце
не ўзварушаць сэрца маяго мацней
ў ім цвітуць, красуюць нашы сенажаці,
ды калыша вецер клёнам весялей.
Вышынёю вежы быццам хмарам грозяць,
з каменю палацы задзіўляюць свет...
Мне ж мілей наш шэры камень пры дарозе,
дзе адпачывае пасівелы дзед.
Цудоўныя паркі, сеяныя травы
ды шнуры даўгія стрыжаных алей...
Даражэйшы сэрцу лес наш кучаравы,
сцежачкі у полі цягнуцца мілей.
Летам сонца збожжа цудна пазалоціць,
закалыша вецер каласамі ніў,
засумуе бусел на пустым балоце,
быццам сваё шчасце, летучы, згубіў.
Ды чуваць, як песня серабраным раннем
паплыве па рэчцы з хвалямі вады...
Часам разальецца збуджаным каханнем,
або замяцеліць ўздымам маладым.
Кажуць, што Ты зрэбе носіш у нядзелю,
кажуць, што Ты носіш лапці на нагах...
Для мяне Ты грудзі палатном усцелеш
расцвіцеш калінай на буйных кустах.
Прыбярэшся ў зелень, краскамі заманіш,
ўвосень ніжаш гусі ў тоненькі ланцуг,
то атуліш вочы вэлюмам туманаў,
быццам бы дзяўчына, едучы к вянцу.
Заварожыш Нёмнам, рэкамі сваімі,
засмяешся ў сонцы збожжам залатым...
Закалыша сэрцам верным Тваё імя,
ціхаю малітвай, водгуллем святым.
О, Краіна шчасця, родная матулька,
о, Краіна ясных, незабытых дзён!
На шырокім свеце не найду прытулку,
не прывыкну сэрцам да чужых старон!
На чужыне
Як бы добра ні жылося
недзе на чужыне
будзе ўсё ж шумець калоссем
ў сэрцы Край наш сіні.
Будзе сніцца раннім сонцам,
што ўстае з пасцелі,
і на рэчках па старонцы
туманы кудзеліць.
Будзе пахнуць, як пакосы,
скошаныя ўчора,
што блішчаць у ранніх росах
вытканым узорам.
Рэчак стужкай мігатлівай,
родным пабярэжжам,
васількамі нашых ніваў,
чабаром на межах.
Будзе клікаць, зваць начамі
песняў адгалосам,
што гуляюць ды з вятрамі
па даўгіх палосках.
Што сумуюць ды за тымі,
хто ўдалі ад Краю
успамінам аб Радзіме
сэрца пацяшае.
Будзе клікаць лес шумлівы,
стройныя паляны,
ды затужыць сіратліва
вецер на кургане.
Сэрцам матчыным Краіна,
серабраным жытам,
будзе зваць начамі сына
чарай недапітай...
Дзявочыя думкі
Не баюся парным летам
ў полі жыта жаць!
Там сінеюць межы цветам,
ціха шчасцем недапетым
травы шалясцяць!
Не баюся рана, рана
сіні лён палоць!
Ўстане сонца з-за кургану
засмяюся, выйду, гляну
сонцу насупроць!
Не баюся грэбці травы,
бегаць па расе,
хоць злы вецер для забавы,
часта пасмам залацяным,
косы растрасе!
Люблю кужаль свой шырокі
ля ракі бяліць!
Там, дзе вербы гнуцца вокал,
прывядзе мой мілы сокал
коніка паіць...
Бягуць хвалі раннім раннем,
серабром звіняць...
Колькі сіл дзявочых стане,
буду радасна, з каханнем,
з песняй працаваць!
Ты ж цвіці, цвіці, мой Краю,
макам на мяжы!
Я табе аддам, што маю,
іншай радасці не знаю,
як цябе любіць!
Мой лён і сны
Кволы лён мой напіўся расы,
быццам з воблакаў сіні наліўся.
Буду ткаць дываны, паясы
для таго, хто мне ўночы прысніўся...
Будзе кужаль за снег той бялей,
пояс ўзорны, як межанька наша;
пазірацімуць людзі ў сяле,
калі мілы яго падпаяша!..
Няхай, змыты дажджамі, расце,
хай сінее у ранні імглістым,
так высокі, як тое трысце,
як той шоўк так мяккі2, валакністы!
Мама кажа: Ты зрэбе аснуй!
яно болей патрэбнае ў хаце.
А мне хочацца толькі вясну
ды палі свае родныя ткаці.
Кажа мама: Вось світкі няма!
за сукно трэ, дачушка, узяцца...
Ах, сукно вытча мама сама
там жа ўзорам палі не ірдзяцца!
Вельмі шэрае тое сукно
я ж хачу ткаць вясёлкі і краскі;
аснаваць так прадно за прадном,
каб дыван быў, як родная казка!
Так цвяцісты, як нашы лугі,
як палі з васільковаю грывай;
быццам Нёман шырокі, даўгі,
быццам хвалі яго, мігатлівы.
Ты ж расці, валакністы мой лён...
Апалю цябе рожавым раннем,
спраду, вытку дзявочы свой сон,
аснаваны гарачым каханнем!
Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць,
на палотны узорам раскіну:
хвалі, краскі, калоссе, палі
ўсю красу наймілейшай Краіны!..
Жнівом
Сонца гладзіць па белай кашулі
і цалуе ўсё плечы жняі.
Пахінулася жыта быццам ветры нагнулі
Звоніць зернем, аж рэха ў гаі.
Заіскрылася сонца ў сярпе мігатлівым...
Над плячамі жняі ж цэлы дзень
узлятае вятрамі ўзнятаю грывай
даспелае золата жмень.
Вечар. Танцуюць, абняўшысь, дзесяткі...
Не ўцерпеў і вецер падняўся, задуў...
Дзесь пад лесам на пожні, на гладкай,
млеюць цені вячэрніх задум.
Гладзіць вецер чало прыпацеўшае,
то гуляе з кашуляй жняі,
песціць вуснаў даспелых чарэшні
дзесь адносячы песню ў палі.
Плыве песня цвяцістым узорам
дум дзявочых гарачай струёй,
калі сэрца разжаліцца зорам
і заплача балючай тугой.
Аж засне і рассыплецца ў росах,
ці задрэмле на хатніх дзвярох...
Месяц цені крывыя пакосіць
і пакоціцца сам на мурог.
Шрифт
Фон