Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 5.

Шрифт
Фон

Мой родны кут
Мой родны кут,
мой ціхі дом,
дзе ў голле дрэў,
аб сцены ніў,
пад сумны спеў
буйным крылом
паўночны вецер звонка біў.
Мой родны кут,
на твой спамін
бушуе кроў,
а ў сэрцы гар,
а ў сэрцы боль,
бо з ніў, з далін
урок мяне туманны чар.
I ў ясны дзень,
і ў ноч без зор
душа, як птах,
пад гоман дум
ляціць на шлях,
дзе песняй бор
калыша долі нашай сум.
Мой родны кут,
квяцісты луг,
пад шумы вольх
прыйдзе ўначы,
як ціхі ўздох,
мой верны дух
на вечны сон
к табе спачыць.
Пад ветру шум,
Пад буры кроз,
пад гоман хат,
хто сэрцам жыў,
ў вясняны чад
хто ў полі рос,
той не пакіне
родных ніў.

Мінулыя дні

Адцвілі белай яблыні цветам,
як начлежныя згаслі агні,
адзвінелі, як колас той летам,
залатыя над Нёманам дні.
Калі з прасніцы ніткай льняною
жыццё доля снавала ясней,
а пад зорнаю неба красою
мучыў сэрца ўначы салавей.
Або казкамі вечар цудоўны
маніў зорамі душу вясной
ці дзявочае сэрца напоўніў
аж па бераг нязнанай тугой.
Ласкай матчынай сонейка грэла,
думкі вецер-пяюн развяваў,
калі дзеўку-чаромуху ў белым
з пышным клёнам у полі вянчаў.
Адцвілі, адцвілі, празвінелі,
як начлежныя згаслі агні,
недапрадзенай ніткай кудзелі
залатыя над Нёманам дні.
1941

Братом-палонным
Ці табе не шкода, браце,
родных ніў,
тых лугоў, той сенажаці,
што касіў?
Ці табе не шкода даляў,
што маўчаць,
ні садоў, што расцвіталі,
ні дзяўчат?
Ані Нёмну сініх водаў
між лясоў,
хваляў берагу крутога
ў верасох?
Ці табе не шкода песняў,
што вясной
білі ў хвалі напрадвесні,
бы вяслом?
Ці не шкода табе косаў
залатых,
ці не сніцца на палосах
лён густы?
Па вачох не сумна зоркіх,
што гараць?
Ці не хочаш баразёнкі
прыгараць?
Ці не рвешся ты душою
адкажы!
Ці табе начамі сэрца
не дрыжыць
па тым краі, дзе радзіўся,
дзе ты жыў,
дзе каліны расцвіталі
на мяжы?
Дзе твой след? Мо ветры ў полі
замялі,
калі гнулі, гнулі голле
да зямлі!
1941

Не сумуйце
Не сумуйце, дзецюкі, вясною,
на магілы гледзячы сяброў
жалем нашых ранаў не загоіш
і цяжкіх не скінеш кайданоў.
Не сумуйце, дзецюкі, па сёлах
і па вочах кінутых дзяўчат
барацьба ўжо пеніцца, як солад,
маладыя воклікі гучаць.
Не сумуйце, дзецюкі, па долі,
не хілеце гордай галавы,
бо не з жалю, толькі з ранаў, болю,
воля толькі родзіцца з крыві.
Не сумуйце, дзецюкі, начамі
ўжо не дасца спутаць вольны дух!
Мы былі і будзем Крывічамі
ад хваль Угры аж па сіні Буг!
1942

Ой, пайду
Ой, пайду, пайду я ды ў старонку тую,
дзе мая дзяўчына ўсё па мне сумуе...
Дзе начамі вецер песні, казкі бае,
дзе матуля тужыць, мяне выглядае.
Дзе над роднай хатай ціха дуб нагнуўся...
Ой, пайду, пайду я, касой размахнуся!..
Пакашу атаву, пакашу я зелле,
шыкуй, дзеўка, скрыню шыкуй на вяселле!
Прыдбай, дзеўка мёду за наш Край чароўны,
за тваё здароўе выпю чару поўну!
Ворагам на ганьбу выпю я другую!
Трэцюю за ніўку сваю дарагую.
А калі спяеш мне ціха нашу песню
і дасі мне вуснаў спелыя чарэсні,
я за іх, за косы у чырвонай стужцы,
аддам душу, сэрца табе беларусцы!
Дык чакай, галубка, я прыйду, вярнуся!
Ні цябе, ні Краю свайго не зракуся!

1941

Адказ
Скажы, скуль ты, хлопча?
З зямлі беларускай,
стуль, дзе льецца Нёман мігатлівай стужкай.
Дзе лугі буйныя, ураджайны землі,
дзе старыя вербы ля гасцінцаў дрэмлюць.
Дзе лясы, бы ў казцы ўсё з дубоў адвечных;
дзе у нетры пушчаў глянуць небяспечна.
Я з краіны слаўнай, з гарадоў прыгожых,
што не зналі колісь цьмы чужой, варожай.
Родны сцяг наш горда уздымаўся ўгору
ад балтыйскіх хваляў аж па Чорна мора!
Ў маім краі казкі, сівыя курганы;
там зрадзілась песня вешчага Баяна.
Выпілі вякі ўжо нат з Нямігі воду
славу нашых продкаў засланіла воддаль.
Але ўсё ж я горды нашых сэрцаў сілай,
мы падымем славу з курганоў-магілаў.
Бо мы хочам волі горача і цвёрда,
бо мы хочам славы для Пагоні гордай!

Князь Усяслаў Чарадзей
Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе,
срэдзь семені зор адзінокі;
вось, быццам гуляе шчупак па вадзе,
ныраючы ў хвалях глыбокіх.
Арол, гэтак ўзбіўшысь пад воблакаў сінь,
магутны сваёй адзінотай,
аб шэрай нізіне забудзе зусім,
паднебным упіўшыся лётам.
У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей
змагаецца з духам бурлівым,
і ўздох гладзінёю калыша грудзей,
бы вецер даспелаю нівай.
Ён думаў не можа цяжкіх ўгаманіць,
тугі сваёй ўцешыць да краю;
і гордае князева сэрца баліць,
ды сон ад вачэй адлятае.
З вязніцы сумнай на княжы пасад
яго увесь Кіеў паклікаў
ён ўсё ж з панавання ні з волі не рад
не хоча той чэсці вялікай.
Мілейшыя сэрцу парогі сваі,
пасад свой і тыя дружыны,
з якімі хадзіў у цяжкія баі,
баронячы межаў Айчыны.
Мілейшы той Полацкі край дарагі
і пушчы з пахучай жывіцай...
Нядаўна Нямігі ціхой берагі
крывёю зліліся крывіцкай.
Там мужных ваяраў ляжаць чалясы
хто ж гоіць крывіцкія раны
тады, калі князь, першы Полацка сын,
чужацкія носіць кайданы?
І хоць над Нямігу склака груганоў
не раз ўжо зляталася ў госці
ўсё ж князева сэрца начамі дамоў
ўсё клічуць байцоў сваіх косці.
Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі
і знік бляды месяц за імі
князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч
ды з думамі бецца цяжкімі.
Ён чуе, як рвецца Дзвіна ў берагох,
бароў сваіх гоман адвечны,
ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох
шуміць ўсхваляванае веча.
Цвіце ужо неба, як тыя ляны,
і дзень ўжо над Кіевам сіні
князь слухае сэрцам бюць, звоняць званы
у полацкай роднай святыні.
Нядарам казалі, што князь чарадзей...
Хто ж, духам прабіўшы прасторы,
у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе,
хто б знаў, што ён сэрцу гавора?
Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх
і духа магутныя чары,
каб чуць, як у полацкіх гордых мурох
у звон святой Зофіі ўдараць.
Агнём палымяным трэ край свой кахаць,
трэ вырасці з ніваў, загонаў,
каб славу, багацце ўсё кінуць, аддаць
за кліч свайго роднага звона...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке