У гэтым двухтомніку 72 вершы друкуюцца ўпершыню. Безумоўна, тое надае вагі першаму збору твораў Ларысы Геніюш. А колькі тамоў будзе ў яе будучым Поўным зборы твораў можна прадказваць толькі прыблізна. Пяць, дзесяць, пятнаццаць?.. Спадчына Ларысы Геніюш як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія на глыбіні. І чым глыбей зачэрпнеш, тым чысцейшае і смачнейшае пітво
Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай, пісаў у 1967 годзе Ларысе Геніюш літаратурны кансультант Гродзенскай праўды Васіль Быкаў, чыя сусветная слава яшчэ толькі замігцела на даляглядзе. Ён ужо тады беспамылкова адчуў тую глыбінную, прыхаваную жылу, якая калісьці выбухне неастылым за дзесяцігоддзі гейзерам паэзіі. Час гэты прыйшоў. І час гэты будзе працягвацца доўга.
Сапраўдны талент ён заўсёды шчодры. Пушкін падараваў Гогалю ідэю Рэвізора і Мёртвых душаў . Дзевяць з дваццаці трох строфаў верша Адама Міцкевіча Паніч і дзяўчына напісаныя (ананімна) ягоным сябрам Антоніем Адынцом. Ларыса Геніюш падказала Караткевічу сюжэт апавядання Сіняя-сіняя . Пра што ўдзячны Уладзімір Сымонавіч па-сыноўску сардэчна згадваў у адным са сваіх лістоў у Зэльву.
Што да эпісталярнай спадчыны самой Ларысы Геніюш, то яна здзіўляе і колькасна, і якасна. У гісторыі сусветнай літаратуры я не ведаю другога такога пісьменніка, які гэтак жа шчодра выдаткоўваў бы свае душэўныя сілы ў эпісталярным жанры, як тое рабіла Ларыса Антонаўна. Ёю напісаныя тысячы лістоў сябрам па ўсім свеце.
Калісьці ў лагеры геніюшаўскія вершы вязні называлі глюкозай яны дапамагалі перажыць доўгія гады змушанага безрадзімя, той патрыятычны авітаміноз, які ўзмоцнена насаджаўся савецкай уладай паўсюль, а ў Гулагу асабліва. Глюкозай беларушчыны, відавочна, былі і лісты Ларысы Геніюш, якія многім суайчыннікам не далі ўпасці ў адчай і беспрасветны смутак. Як у амаль дарэшты ссавечанай Беларусі, гэтак і ў свабодным свеце, несвабодным, аднак, ад працэсаў асіміляцыі.
Чытаеш, напрыклад, перапіску Ларысы Геніюш і Зоські Верас і толькі дзіву даешся: як гэтыя дзве бабулі падтрымлівалі на духу, кажучы па-царкоўнаму, духоўна акармлялі дзесяткі і дзесяткі людзей, якія да іх звярталіся!
Ларыса Геніюш магла дзе-небудзь на палях ліста сябру ці сяброўцы дапісаць некалькі вершаваных радкоў як бы ненарокам, як бы неабавязковым дадаткам. Але чалавек чытаў ліст і разумеў, што ў ім дадатак, а што галоўнае.
Галоўнае запаміналася без перачытванняў, гучала афарыстычна-запаветна:
Напачатку юбілейнага 2010-га Года Ларысы Геніюш мы сядзелі і размаўлялі з яе унукам Міхасём у занесенай снегам вёсачцы пад Беластокам. У печцы патрэсквалі дровы, са сцяны на нас глядзела маладая, у модным капялюшыку, бабуля, а перада мною на стале ляжаў зборнік На чабары настоена з яе апошнім аўтографам: Адыходзячы пакідаю, Міхасёк, Табе маю любоў і благаслаўленне. Ларыса Геніюш. Гродна, больніца. 22.3.83 г. .
Я спытаўся ў свайго цёзкі які галоўны жыццёвы ўрок атрымаў ён ад свае бабулі? (Мы запісвалі перадачу для радыё Свабода, і мне хацелася пачуць нейкі арыгінальны адказ.) Але ў адказе прагучалі два звычайныя словы: бабуля наказвала ўнуку трымайся праўды!
Праўдзе не патрэбныя пстрычкі парадоксаў.
Праўду не закапаеш і не сашлеш у Гулаг.
Ларыса Геніюш перамагла праўдай.
Міхась Скобла.
Ад родных ніў (1942)
1941