Увогуле, усе партыйныя сакратары, фюрэры і прэзыдэнты павінны ведаць, што вайна з пісьменнікамі, з літаратурай бессэнсоўная. Ваяваць з літаратурай як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткай, хто з рагацінай. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. Для такіх Ларыса Геніюш прыдумала трапнае слова сталіназаўры. Што ж, з усёй пароды выкапнёвых яны аказаліся самыя жывучыя. Але і сталіназаўры вымруць.
У савецкай Беларусі з Ларысы Геніюш імкнуліся зрабіць этнаграфічную паэтку. Хвалілі яе паэму Куфар , дзе сапраўды па-майстэрску ўслаўлялася спрадвечнае рамяство жанчыны-ткаллі. Паэма насамрэч нагадвала музей беларускага ткацтва, дзе ў вока наведніку западалі непаўторнымі ўзорамі падвойныя дываны, паясы, кашулі-вышыванкі. Але Ларыса Геніюш не была этнаграфічнай паэткай. Кажучы фігуральна, на дне яе куфра , прыхаваныя ад празмерна цікаўных вачэй, маглі ляжаць іншыя скарбы, якія і будзілі творчую фантазію паэткі.
Там мог знаходзіцца тастамент старшыні Рады БНР Васіля Захаркі ад 6 сакавіка 1943 года, паводле якога Ларыса Геніюш станавілася сакратаром беларускага ўраду на выгнанні.
Там магла зберагацца самаробная паштоўка з Пагоняй, перавітая бел-чырвона-белай стужкай, якою павіншавалі Ларысу Геніюш сябры ў яшчэ гулагаўскім 1954-м.
Там магла знаходзіцца яе лагерная кашуля з нашытым на спіне арыштанцкім нумарам 0-287.
Там паэтка магла перахоўваць сваю пражскую кнігу Ад родных ніў , над старонкамі якой ніякавелі нават спрактыкаваныя спецдаследчыкі ў спецфондах, прачытаўшы, напрыклад, такія радкі:
На дне таго куфра магла ляжаць аўтабіяграфія паэткі пад назвай Сто ранаў у сэрца , напісаная на просьбу аднаго з менскіх выдавецтваў і забароненая цэнзурай.
Тамсама маглі назапашвацца сотні і сотні не разлічаных на публікацыю вершаў, з якіх потым складзецца архіўны Фонд 31 у Акадэмічнай бібліятэцы невычэрпная скарбніца для даследчыкаў-геніюшазнаўцаў.
Доўгі час працуючы ў тым фондзе, я прыкінуў: нават пасля выхаду ў свет зборніка Невадам з Нёмана (1967) у друк праходзіла хіба адна дзесятая частка з таго, што пісалася Ларысай Геніюш. Прычым, адабраныя для друку вершы караціліся, падчышчаліся, рэдагаваліся часам да непазнавальнасці. Мне ўжо даводзілася пісаць пра пашматаны цэнзарскімі нажніцамі рукапіс Невадам з Нёмана , з якога было выкасавана 120 радкоў, дзе сустракаліся словы Бог, Пагоня, крывіцкі.
Словы Край, Краіна Ларыса Геніюш любіла пісаць з вялікай літары насуперак правілам арфаграфіі, але ў згодзе з правапісам сэрца. Гэта быў яе адказ тым, хто прыніжаў Беларусь, цягам стагоддзяў імкнуўся ператварыць яе ў бязмоўную і паслухмяную калонію. Юрыдычна Беларусь стала незалежнай у 1990 годзе, для паэткі яна была Краінай нават у складзе савецкай імперыі.
У краіне краіна як напісаў адзін украінскі паэт. Кемлівыя рэдактары тут жа паправілі: у краіне раіна (таполя). Гэтак пільная цэнзура стаяла на варце цэласнасці Савецкага Саюза. Але ўсачыць за ўсімі іншадумцамі не магла і яна.
Калі 11 красавіка 1983 года ў лесе пад Зэльвай людзі ў форме спынілі рафік, на якім у Менск вывозіўся архіў памерлай Ларысы Геніюш, іхнія начальнікі наўрад ці ведалі, што самы крамольны яе твор Споведзь ужо даўно знаходзіцца ў бяспечным і недасягальным для іх месцы. Пра існаванне Споведзі спецслужбы ведалі напэўна пра мемуары ёсць неаднаразовыя згадкі ў ліставанні паэткі. Тады, у лесе, ператрусу ці рэквізіцыі архіва ўдалося пазбегнуць найперш дзякуючы Адаму Восіпавічу Мальдзісу, які, выпраўляючыся ў Зэльву з адказнай місіяй, змог заручыцца падтрымкай у высокіх інстанцыях. Але, відаць, і дасведчанаму Мальдзісу не прыходзіла ў галаву, што адзін з самых каштоўных рукапісаў Ларысы Геніюш улетку 1982-га, пад покрывам ночы, ужо вынес з Зэльвы археолаг Міхась Чарняўскі.
Шкада, што тады ж, яшчэ задоўга да ўсіх перабудоваў і галоснасцяў, ён не пераправіў Споведзь на Захад. Сусветны рэзананс на той час ёй быў гарантаваны. І варыянт замежнай публікацыі разглядаўся з усяго рукапісу былі нават зробленыя фотакопіі. Не сталася, не адбылося. Споведзь прыйшла да чытача толькі ў 1990-м, калі былы выгнаннік і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын за свой Архіпелаг Гулаг ужо атрымліваў Дзяржаўную прэмію Расіі
І ўсё ж той красавіцкі дзень павінен застацца ў аналах айчыннай архівістыкі. Сем мяхоў геніюшаўскага архіва, літаральна вырваныя з рук зэльвенскіх чыноўнікаў, правезеныя праз лясны міліцэскі заслон, былі ўрэшце дастаўленыя ў Акадэмічную бібліятэку. У яе прытульных сценах некалькім пакаленням геніюшазнаўцаў праца забяспечаная.
О, гэтае ні з чым незраўнанае, трапяткое пачуццё, калі ты развязваеш тасёмкі чарговай архіўнай
справы, адкладаеш убок чысты ліст карыстальніка (твой подпіс на ім будзе першым) і Што цябе чакае? Якія знаходкі падаруе табе архіўная сховань гэтым разам? Унікальны дакумент, рэдкі фотаздымак, невядомы твор?