Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 22.

Шрифт
Фон

1966

Зла няма
У прыродзе зла няма,
усё умоўнае.
Спыніўся бой адразу боль заціх
і роў цвіце!
Прырода ж не дароўвае.
Прырода проста родзіць за дваіх...
Няма калі ёй бесканечна хмарыцца,
зялёных рук няма калі ламаць,
вось толькі што халаднаватай раніцай
раса пасыплецца на сенажаць...
Асушыць ветрыкам, усцішыць працаю,
абмые ліўнямі сляды пакут,
трэба расці-цвісці, трэба змагацца ёй,
на ранах, попеле тварыці цуд.
Яна не мсцівая, злопамінальная,
яна красуецца, яна жыве,
таму прырода мо і незнішчальная,
хавае шрамы ўсе ў буйной траве...
Людскому сэрцу так сказаць бы горача:
«Змый роснай раніцай ўспамін крыві,
змый хваляй Нёмнавай пакуты горычы
і, як зямля твая, твары, жыві!!!»
1966

Куфар
Быў час ў маім Краі
сягоння туманны,
аднесены хваляй,
час прадзены, тканы.
Працоўныя рукі
каханай матулі
усіх накармілі,
усіх апранулі.
Ад лёну зярняці
да белых палотнаў
паслала, спрала,
паткала ахвотна.
Не проста, не роўна,
а ўсё пераборам,
пад колер краіны
цудоўным узорам.
О сэрца матулі,
жывая крыніца,
дазволь мне сягоння
ля куфра спыніцца.
Над працай тваёй
у паклоне сагнуцца,
ўспамінам мазольнай
рукі дакрануцца.
За тое, што нас ты
вякі апранала,
за тое, што лёгка
табе не бывала.
*
Шырокі, высокі, акованы куфар,
малёваны вокал, з клямкаю са сталі,
не стыдна б такому і на панскі хутар.
Куфар незамкнёны, бо у нас не кралі.
Загарнула бабка посцілку удвое
і нядужай века падняла рукою.
У пахучым куфры важна ўсё ляжала,
што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты
так запахла лугам, чабаром і мятай.
*
Ах, ляны, ляны залатыя сны,
белы кужаль цвет вішнёвы
на грудзях вясны.
Ля маёй мяжы век бы ім цвісці:
поўны куфар тканай белі
замуж можна йсці.
Сінія ляны, зіхацяць яны.
Ў бурны Нёман на світанні
выплылі чаўны.
Наперадзе той, каго Пётрам зваць.
Мне бы сёння на красёнках
сонейка снаваць
Адцвілі ляны. Восень, туманы
Буду церці кволы лён мой, прасці да вясны.
Буду віць, снаваць, досвіткамі ткаць,
вечарамі прыйдзе Пётра песняй памагаць.
*
Палатна сувоі белыя, льняныя,
стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя,
спрадзеныя тонка, вытканыя туга,
выбеліў іх травень сонейкам і лугам.
Вечарамі колькі трэба было прасці,
колькі ткаць, бяліці, пакуль ў куфар скласці.
*
Бела навокал, аж вочы баляць,
вішні лунаюць ля плота,
белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць
то сонейка беліць палотны.
Белыя косы, бялявы хлапец
каля дзяўчат завіхнуўся,
з песняю выйшлі дзень белы сустрэць
белыя, белыя, русыя.
*
Сцежкамі у полі ўздоўж дарожных даляў
вышытыя розна ручнікі ляжалі,
белыя, даўгія гэтак ў час мяцелі
студзень каля хатаў чысты снег пасцеле.
А на іх рукою вышыты жаночай
сінія валошкі з макамі ў вяночак,
галубок і пеўнік, ягады каліны,
нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.
Па канцах карункі тонкім павуценнем
альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.
Ў покуці павесіць, на абраз у хату,
альбо перакінуць цераз плечы свату
ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,
знача з працавітых, калі поўна скрыня,
няхай паглядаюць і сваты, і госці
колькі вышыванай, любай прыгажосці.
*
Пальцам няцяжка нітачку віць,
долю з праменных валокнаў,
нітачка ўецца, песня ляціць,
зоры калыша звонку.
Дзеўцы няцяжка кросенцы ткаць,
ўзор вышываці не сумна,
на ніцях, на струнах чаўночкі мігцяць,
за імі снуюцца думы
*
Белыя кашулі, рукавы ў заборы,
пазуха скрозь-наскразь вышыта узорам
чорным і чырвоным, ў васілёчкі сінім,
роўненька пры боку зложаныя ў скрыні.
Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы,
а у кожнай колер і узор інакшы!
Вось бліскучы, ў восем нічальніц, шырокі
і другі, ў чатыры, з фрэндзлямі навокал,
той з льняной карункай, мяккі, бы шаўковы,
той утком суровым на другой аснове
Вось, здаецца б, выняў, на сталы паслаў бы
і гасцей жаданых пасадзіў на лавы,
пірагі паставіў, частаваў бы мёдам,
ганарыўся працай і харошым родам.
*
Дываноў жа столькі,
ўсе па лёне воўнай.
Глянеш як на ніве:
зелена, чароўна.
Тканыя ў гурочкі
ў нічальніц чатэры
васількамі тымі
па аснове шэрай.
То узорам чорным
па утку зялёным,
то па белым сінім,
бы расой замглёным,
то ў вянкі, ў алені
нейк перабірана,
быццам не рукамі,
а машынай ткана.
То з адное воўны
дываны на сані.
Ярыя, як вішні,
кутасы звісаюць.
*
Дываны луг квяцісты ў руках,
мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці,
каляровы дзявочы пасаг,
промень шчасця з жыццёвай крыніцы.
Кветак спеў, чорнай долі на злосць,
кліч тугі, апяяны узорам.
Дываны маладосць, прыгажосць,
гоман сэрца жывы і задорны.
Калі ходзе дзяўчына, як мак,
калі хата цвіце дыванамі,
не мяняўся б ніводзін юнак
сваёй доляю нават з панамі!
*
А хустак, як макаў!
Розных шаляновак
з дзён яшчэ дзявочых,
сініх і бурдовых.
Цёмныя у цэркву,
калі пост надыдзе.
Ясныя, як сонца,
тыя на Вялікдзень.
У кветкі, юргіні,
каласы і зелень.
Тыя йсці ў гасціну,
тыя на нядзелю.
Ясны шоўк на свята,
а паркаль на будзень.
Ёсць у чым бабусі
паказацца ў людзі.
*
Кветка у полі галоўка жанчыны,
сонца ў вачах, а сама сцебялёк,
хустку на косы вясёлкай накіне,
каб макам ці ружаю ззяла здалёк.
Чыстую, светлую альбо узорную,
часам чырвоную ў радасны дзень,
часам ўдавіную, сумную, чорную:
без хусткі ў людзі дзяўчына не йдзе.
Гнуцца на сцежкі сцяблінкі чароўныя,
кветкі на косах залётна нясуць.
Сёстры бярозаў, танклявыя, стройныя,
Краем сваім беларускі ідуць.
*
Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,
баба яе велькай хусткай называе.
Ёю ў непагоду добра атуліцца,

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке