Шрифт
Фон
старым у дарозе і для маладзіцаў.
Мяккаю, шырокай,
зложанай удвое,
ахінуць ля сэрца
дзіцянё малое.
Вось ляжаць ля хустаў,
скручаныя роўна,
горкі саматканых
паяскоў цудоўных.
Ў ёлачку, у пчолку,
вузенькіх, шырокіх,
каляровых, розных
не палічыш вокам!
Паясочак сіні недзе ад матулі,
а чырвоны, яры мужу да кашулі,
а вось гэты гожы, доўгі, з кутасамі,
падпяразваў святам бабін брат часамі.
Загудзелі дуды, гуслі заігралі,
брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі
І слязу змахнула рукавом бабуся,
бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.
А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі,
падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.
Зіхацеў на свіце, шырынёй бы ў пана,
толькі што не слуцкі, а удома тканы.
Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі,
спадабала шляхта паясок сялянскі,
не слуцкі родны паясок зрадзіўся,
а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.
*
Зноў хусткі, палотны,
ручнікоў ці мала,
ўсё гэта дарылі
бабусі, бывала.
Гэтакі абычай й сёння не загінуў:
без гасцінца людзі не йдуць у гасціну.
Ці то маладога ў войска прызываюць,
ці далёка сына з хаты выпраўляюць.
Дораць на радзіны і на наваселле,
дораць на хрысціны, дораць на вяселле
бацькоў маладога і сястру, і брата,
дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.
Гуляюць вяселле. Пюць сябры не дарам!
Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.
Дружна пры гасціне пюць, пяюць, гавораць,
выйдуць патанцуюць, і ўсё дораць, дораць.
У старэнькай бабкі, як у маладзіцы,
каптаноў ўсялякіх, блузаў ды спадніцаў.
Андарак вішнёвы з долам аксамітным,
андарак матулін, стужкамі расшыты,
цёмна-маліновы, клетачкаю роўнай,
гарусам патканы, сіненькім па чорным.
Андарак у паскі, ўпоперак, пярэсты,
гэткія насілі некалі дубенцы
і з другіх, суседніх каля Дубна1 вёсак.
На яго казалі проста: занямонскі.
Каля іх ірдзіцца вышыты сардачак,
сіні, аксамітны, бабчын, не іначай,
зубчыкі навокал з жоўтай атарочкай,
вузенькі, прыгожы, як ўспамін дзявочы.
Цяжкі сувой суконны дзедаві на світку,
зваляны, патканы ў суканую нітку.
Гэтакае світкі дажджам не адужаць,
не праняці ветру, не прабіці сцюжы.
На каптан для дзеда вытканы святочны,
глянеш, возьмеш ў руку крамнага не схочаш.
Доўгія губіцы посцілак нясшытых,
нагавіц суконных пад кажух ці світу.
*
Хвартушок гэта белае дзіва,
найтанчэйшы, з кудзелі лянок,
гэта гонар ўдалой маладзіцы,
кветкі ўзорным вяночкам ля ног.
Можна ім закрыць вочы ад шчасця,
калі шчокі калінай ірдзяць,
схаваць слёзы, калі не удасца
тое шчасце навекі ўтрымаць.
Хвартушок чарадзейнае хусце
гэта стан твой задорна абвіць.
Ў бель чаромухі голаў чыюсьці
ў забыцці на хвартух палажыць.
Хвартухоў у бабкі розна вышываных,
белых, ясных, сініх, дарагіх і танных,
гэтыя на будзень, тыя пад кудзелю,
гэтыя ў гасціну, тыя на нядзелю,
гэты йсці у цэркву, той на дзень кірмашны,
на канве рабінай вышыты, інакшы.
А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы
то на смерць бабуся адлажыла важна.
Гэткая кашуля і каптан навюткі,
андарак сліўковы, хуста і абутак
ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні
і чакае толькі той сумной гадзіны,
каб у раз апошні, гожа, па-сялянску,
апрануць бабусю без чужое ласкі.
Гэтак і для дзеда, гэтакі абычай,
ўсё ляжыць, чакае, покуль смерць пакліча.
А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты,
акрамя караляў, стужак аксамітных
ёсць і жменька грошай на долы, на труны,
на шчырасць апошняй гасціны хаўтурнай.
*
А дзе пахаваці?
Бабусіна воля:
сялянка жыве
й застаецца на полі.
Здалёк супроць вёскі,
на горцы пясчанай
схілілі бярозы
галіны з пашанай.
Туды на сон вечны
сышліся сяляне,
пад крыжам бяспечна
ляжаць на кургане.
Каменныя пліты
касцей ім не гнуць,
іх памяць і славу
нашчадкі нясуць.
Шчабечуць там птушкі,
пяюць салаўі,
там ляжа бабуля,
як серад сямі.
Вясною ў сяле нават
будзе чуваць,
як будзе зязюля
па ёй кукаваць.
Ды з дрэвамі разам
па ёй на зары
заплачуць, затужаць
сумныя вятры
*
Сутонне. Ўжо мала што
ў куфры відаць,
схілілася голаў
бяссільна.
Не хочацца куфра таго закрываць,
ўспаміны яго абступілі.
Зрабілася цёмна і пуста наўкруг,
прабіліся слёзы на вейкі,
і цяжка апала са змораных рук
акована куфрава века.
1965
На чабары настоена (1982)
Жаўрук
О кліч вясны непераможны!
Рунее поле, водаў бег.
Пыл на нагах маіх дарожны,
на скронях белым-белы снег.
У полі жаўранак вітае вясну,
узняўся, каб пяяць.
І я жаўрук. I я такая.
I мне без песень не стрываць.
Звінець душой, пяяць і верыць
у цвет лугоў, у гон ракі.
Любіць зямлю сваю бязмерна,
як толькі ўмеюць жаўрукі.
Дрэмле вечар у ціхай дуброве
Дрэмле вечар у ціхай дуброве,
летняй стомаю ные зямля.
Заспявай мне на матчынай мове
незабыўную песню з сяла.
Пра сярпочак, дзявочыя рукі,
васільковы на скронях вянок.
Хай над пожняй калышуцца гукі,
надрываецца рэха здалёк.
Месяц выплыў на хмарку сярпочкам.
Мала стомы ў руках маладых.
Млее ноч ад тых песняў дзявочых.
Бог Ярыла ля ніваў прыціх.
Дыван
Пад старасць дзён, калі так ломіць змора
ўсяго жыцця, што засталося ў снах,
прыгадваю дзівосныя узоры
у ромбікі на матчыных краснах.
Узор пяе па лоне пражы белай,
шнурок з квадратаў роўненька бяжыць.
Як вылічыць, як аснаваць сумела
дыван свой, каб аж так заваражыць?
Так далікатна, анідзе памылкі,
на бель асновы колерам лягло,
так ад калыскі да самой магілкі
жыццё людское выткана было:
квадраты дзён, запоўненыя працай,
між імі сонца залаты прасвет.
Так роўненька, так нельга памыляцца,
каб спраўным быў дыван жыцця як след.
Шрифт
Фон