Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 21.

Шрифт
Фон

1966

* * *
Маці мая сялянская,
маці мая славянская,
ветлівая, гасцінная,
ў крыўдзе чужой
непавінная.
Ураджайная і зялёная,
хлебам слаўная ад вякоў,
неспакойная, неўгамонная
ды бунтарская ў жылах кроў.
Гаспадарыла
ды батрачыла
намагалася за дваіх.
Не хачу я чужое
мачыхі
аглядаць
на слядох тваіх!
Ты мой боль круты,
ты мой шлях святы,
сцежка верная ў цішыне.
Ўсё мне дорага,
што прыдбала ты
працай, сілаю для мяне.
Ты як праўда праўд,
ўсюды свой і брат,
мовы роднае
звонкі дар.
Ты мой шлях круты,
ты мой боль святы,
Беларусь мая,
мой алтар.
1966

* * *
Кажуць, што праўды няма на свеце,
дружба людская словы на вецер,
вернасць і сталасць як лёгкі дым,
пышуцца словам да першай бяды.
З кім бы бяды не дзяліў папалам,
ў горы, ў нягодзе апынішся сам,
певень і тройчы не пракрычыць
кінуць самотнай цябе уначы.
Як добра, што сонца не гасне ўгары,
і ветры гамоняць са мной, як сябры,
і дождж аблівае, змывае слязьмі
памяць аб тых, каго звалі людзьмі.
1966

Мая мова
Ў добры час, на улонні вясковым,
дзе вадзіца крынічная бе,
навучыўся я матчынай мове
і задуманых песняў яе.
Многа ёсць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!
Яна гойдае спевам калыску,
літасціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.
Мая мова не знае змярканняў
ад маленства да старасці лет,
буду песціць яе, як каханне,
разглядаць, як чароўны букет.
Можа, мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.
Мая мова як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
1966

* * *
Не бярозаю і не калінаю
з салаўямі на досвітку млець,
ані вечна зялёнан ялінаю
ў снегапады і ў спёку шумець.
Не лябёдкай, не скрыпкай ліповаю
я хачу, як апошні наш зубр,
сільнай быць, гартаванай, суроваю,
так цвярдой, бы пушчанскі наш дуб.
Хачу ўстояць каронаю ў просіні,
а карэннем ад сэрца зямлі,
ад нямілых, ліхіх, ад няпрошаных
сваім голлем яе затуліць.
I пяяць ёй ліствою, галінамі,
кожным нервам карэнняў кахаць.
Яе лёс, яе шчасце праўдзівае
на дубовыя плечы узняць.
Старажыць, засланяць, безбаронную,
ад чужацкіх разгулаў спыняць
і удар, ў яе сэрца скірованы,
трапяткім сваім сэрцам прыняць.

1966

Моладзі
Дзень мой гасне, жыццё на змярканні
адплывае, як хвалі ракі.
Добры дзень, маладыя зальвяне,
дарагія мае землякі.
Раніцой выбягаеце з вулак,
бы вясёлы, жывы ручаёк,
спяшыце, быццам пчолы у вулей,
на няўмольны, працоўны званок.
Са слядамі марозу на шчочках,
з сумкай, поўнаю кніг і сшыткоў.
Вашы крыху заспаныя вочы
мяне часта вітаюць без слоў.
Дзень за днём я душою вас мераю.
Часам радасць, а часам сумнеў.
I глядзіш, з малай вусені шэрае
матылёк аж пад сонца ўзляцеў.
А да сонца дарога адчынена,
толькі крыллі расправіць шырэй.
Захацець і ўсё стала магчымае
для харошых, працоўных людзей.
Няхай ваша вяснянае «сяння»
стане стартам да новых змагань,
да навукі, да працы, да знанняў,
да высот, да жыцця без заган.
Моладзь гэта надзея, світанне,
каласы нашы і васількі.
Ў добры ж час, маладыя зальвяне,
дарагія мае землякі!
1966

* * *
Час пазрывае галіны з камля,
камень ад гадоў струхлее.
Жыць толькі будзе па нас зямля,
якая штогод маладзее.
Хочаш не хочаш ты жменька яе,
цяжка на гэта згадзіцца,
што рана ці позна яна нас спаўе,
прытуліць, каб не разлучыцца.
Так зроблена мала мною ў жыцці,
гляджу і ужо вечарэе.
Дай мне, зямля, яшчэ раз прарасці
над Нёмнам тваёю надзеяй.
1966

Гудзевічы
Плодам цвет становіцца увосень,
хлебам колас буйны на мяжы,
боль жыццёвай заваддзю адносіць,
толькі памяць застаецца жыць.
Калі вецер зашапоча лісцем,
раскалыша неўгамонны лес,
памяць валачэ мяне ў дзяцінства,
ў дзедаў кут, у гудзевіцкі бэз.
Цвіў той бэз, як цуд, на ўсіх дарогах,
апіраўся на амшэлы брук,
воблакам суквецця ля парогаў
нахіляўся да дзіцячых рук.
Ўсюды папялішчы і руіны
і з каменняў голыя муры,
толькі неба ў лужах каляінаў,
залаты сярпочак угары.
Бой заціх, кругом пустое поле,
дзевяць вёснаў на маім вяку,
я вучуся ў Гудзевіцкай школе,
лётаю па бэзавым вянку.
Сівы дзед мой, пан з сямі мужыцкай,
гэтак дзіўна ўнучку гадаваў,
сыпау шчодра у прыполік дзічкі,
залатоўку на сшыткі даваў.
А зімою браў к сабе на санкі,
затуляў з каленцамі ў кажух,
да бацькоў мы гналіся маланкай,
аж званочак хахатаў паўкруг.
А у школе? У школе ўсё па-польску.
Не «адзін», а «едэн», «пенць» не «пяць»,
«буль» не «боль» і «бэндзе весь» не «вёска»,
вучыць пані дзетак размаўляць.
Мы пяём, адказваем, чытаем,
а калі выходзім на парог
гаманіць Радзіма дарагая,
роднай мовай плешчацца ў грудзёх.
I на ёй, адзінай, звоняць росы,
зоры палымяныя ўначы,
на зары разбуджаныя кросны,
дзеўчына, па воду бегучы.
Маладзіцы ткуць ляны, бывала,
песні вечарынамі пяюць...
Нават ноч пад дрэвамі сціхала,
толькі б песні гэтыя пачуць.
Валаконцы у дзіцячай жмені,
ляскатанне церніц-сакатух,
верацёнаў танец летуценны,
на кудзелі залацісты пух.
Маладая пралляў задумёнасць,
досвіткамі казкі без канца,
белая, зімовая чароўнасць,
ў пост вялікі хвосцік селядца.
Ўсё гэта завалакло гадамі,
я сягоння ў сваім краі госць.
Варушу вось цяжкі, шэры камень,
што маю прыціснуў маладосць.
Ціхі боль, якому не уняцца,
незнарок разбуджаны ўспамін
пра мазольныя далоні ў працы,
пад сярмягай людскасць і цяплынь.
Гудзевічы, род мой незабыты,
беларуская мая сямя.
Дождж змывае з надмагільнай пліты
дарогое дзедава імя...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке