Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 16.

Шрифт
Фон

Брат мой Аркадзь
Брат мой, кажуць, ад кулі памёр,
доляй гнаны, ў чужыне загінуў.
Ўсё ж ён строгаму свету ў дакор
ясны смех свой званочкам пакінуў,
сінь вачэй адказаў васількам,
мілы голас жывым ручайкам.
Нёс надзею і радасць для нас...
Вастрыё засталося ўспамінаў
і адзіны, крывавы адказ:
медалі із-пад Монтэ-Касіна
і кашуля з засохшай крывёй,
і кусочак зямелькі чужой.
Лёг у дваццаць вясняных гадоў
сярод красак цвітучай Італіі,
бы ў пахучых учадзеў садох,
бы расплыўся ў чаруючых далях,
ў кіпарысах трагічна-сумных
абарванай надзеяй заціх.
Сэрца
На разрытай аружжам зямлі,
на скрываўленых шэрых загонах
раны йзноў зараслі, зажылі
пад кашуляю траваў зялёных.
Із шматлікіх магільных капцоў,
із прасяклых крывёю разораў
вырас мак пурпуровы ізноў,
прыгажэйшы, буйнейшы, як ўчора.
Толькі сэрца не можа ажыць,
як вясною загон ажывае,
калі ўсенька пад крыжам ляжыць,
а зямля сцеражэ, не вяртае.
І бацькоў, і братоў ўжо няма,
сэрцы вырвалі ім перадчасна.
Ўжо жыцця не разіскрыцца май
над магіламі полымем ясным.
Із руінаў падымецца дом,
на пажарышчы вырасце топаль,
толькі ў сэрцы, у сэрцы людском
застанецца боль вечны і попел...
Чайкі
Прыляцелі чайкі на вэлтаўскі бераг,
раннім вішняцветам нізенька апалі.
Хочацца так з імі ў вяснянай веры
разам прытуліцца да шумлівых хваляў.
Ці лунаць свабодна над палі і рэкі,
і ўзляцець насустрач сонцу веснавому.
Гэдак надаела быць мне чалавекам
скованым стварэннем, без зямлі, без дому...
Учора
Учора праз сіні кусочак аконца
на сумныя вочы, на рукі як з воску
сонца паслала маленькую коску.
А мо не было гэта яснае сонца?
Мо з даляў, мо з гробу аж поглядам мілым
матуліны вочы сюды заблудзілі?
Як водгулле шчасця, прыйшлі нечакана
да родных, да мілых, да сэрцам каханых,
каб жарам нязгаслым ад болю і плачу
уцеху пасеяць у сэрцы дзіцячым?
А мо то не матчыны мілыя вочы,
што бачаць праз далі, праз цемрыва ночы?
То, можа, край родны, крывёю абліты,
прыслаў прывітанні дачцэ незабытай?
А мо то не край мой, як святасць, каханы,
заўсёды прыветны, заўсёды чаканы?
Мо Бог пасылае мне променьчык мілы,
каб выстаяць ў буру хапіла мне сілаў?
Учора праз сіні кусочак аконца,
мо промень пяшчотны ласкавага сонца,
мо край мой, мо іскра з каханага вока
штось глянула ў душу глыбока, глыбока.

Малы перапынак
Вачамі да воблакаў сініх прыпаўшы,
пю кволасць прамення ў парыве вясняным,
нат заўтра здрадлівым ударам не страшыць,
і голкамі сэрца ўспаміны не раняць.
То проста ў дарозе малы перапынак.
Усё, што дадзела, убок адкладаю,
любуюся беллю вішнёвых галінаў,
запененай рунню, чакаючай даллю.
Гляджу, як гуляюць вятры на свабодзе,
як рэкі на хвалях калышуць праменні,
як дзень замірае, як ноч надыходзе
з балотных лагчынаў трывожачым ценем.
Праз плечы ёй месяц на золаце зораў,
бліскучы і ясны, ляніва звісае.
Штурмуючы хмары адважным напорам,
з выццём і адчаем вятры пралятаюць.
Ды часу няма мне ваколле галубіць,
бяру сваё гора, дарога чакае...
Ноч доўга, трывожна ў рог месяца трубіць,
і зоры вятрамі ў засекі зганяе.

Невадам з Нёмана (1967)

Над празорай крыніцай
Над празорай крыніцай
на палі, на лугі,
ой, не шлі, маладзіца,
сваіх песняў тугі.
Яны стогнуць так глуха...
Сум звіў сэрца, як вуж...
Ці ліхая свякруха,
ці няветлівы муж?
А мо ён ды не любы,
а мо гэта не той,
што салодка галубіць
у буйны цветабой?
Знаю доля не гладзіць!..
Ўсё ж тужыць перастань,
як юргіню ў прысадзе,
зломіць сівер твой стан.
Быццам колас падцяты,
бадылёк на вятры,
куст сарванае мяты
адцвіцеш без пары.
Сініх слёзаў, што ўпалі,
шчокаў макавы цвет
ўжо не вылавіш з хваляў,
бо вада адплыве...
Над празорай крьніцай
не спускай жа касы,
не губляй, маладзіца,
беларускай красы.
1939

* * *
Воля не тое, што рукі развяжуць,
зменяць на большую клетку малую.
Воля не тое, што «вольны ты» скажуць.
Воля то воля, якую адчую.
* * *
Маю душу ў спакоі пакінь,
дум крылатых не стаў на калені,
нат вачэй наднямонская сінь
пацямнела ў адчаі цярпенняў.
Не скрываю няспутаных дум,
узіраюся смела і проста,
сваёй сцежкай наперад іду
Юдаў твар для мяне не сяброўства.
Мо замала вам грошай далі?
Што ж, прадаць вам другіх давядзецца.
Прыйдзе час, і на нашай зямлі
на пакутнай не будзе вам месца.
Вечар над Прагаю
Дрэмле ўжо Прага вячэрняй гадзінай,
вежы святыняў ўздымаюцца к зорам,
гэтак часамі ў малітве застынуць
рукі людскія, узнятыя ў горы.
Важна Градчаны, як арка біблійная,
ў хмары плывуць над туманнымі стрэхамі,
вежамі ў неба ўпіраюцца сіняе,
бы прагавіта шукалі пацехі.
Стодзівы толькі не дрэмлюць каменныя,
ноч іхніх сэрцаў нат не пераможа.
Доўга вякамі стаяць, ўсё нязменныя,
сон залацістае Прагі старожаць.
Месяц па вежах спускаецца стройны,
блудзіць, сярэбраны, местам заспаным,
быццам ў бліскучай акованай зброі
нейкі забыты вякамі каханак.
Ціха спіць Прага гадзінай вячэрняй...
Стодзівы з каменя сон ёй старожаць,
месяц блукае між хмараў містэрных,
вежы ўсё рукі ўздымаюць набожна.

1942

Пасей палоску
Пасей ля вёскі
нашу палоску
на вясну,
летам гарачым
нават не ўбачыш,
як пажну.
Засей загоны
шаўковым лёнам
пры бары,
доўгія ніткі
спраду і вытку
пры зары.
Пастаў мне хату,
хоць не багату,
ля сяла,
там, дзе юргіня,
быццам дзяўчына,
расцвіла.
Высадзі садзік
разам ў ім сядзем
спачываць.
Вецер паволі
будзе нам голлі
нагінаць.
Так сярод ніваў
будзем шчасліва
разам жыць,
начамі вольхі
будуць нам толькі
гаманіць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке