Шрифт
Фон
1942 1942 1943 1943
* * *
Сэрца, зямля мая, ніва ўраджайная,
збожжа палеткі, істужкі дарог,
неба цвітучае, радасць вянчальная,
скарбам схаваная ў буйных лясох.
Войнамі спалена, недругам знішчана,
рукі заломіш, праводзіш «гасцей»
і зноў ўздымаешся над папялішчамі,
далей загон твой на славу цвіце.
Вечна пакутная, вечна гаротная,
сцятая зноў адрастаеш з камля,
вечна жывучая і несмяротная
ты, беларуская наша Зямля!
Запяі мне песню
Запяі мне песню не з мяшчанскіх вулак,
не з вялікіх сцэнаў, не з эстрад,
запяі мне тую, што я сэрцам чула,
калі асыпаўся белы сад.
Запяі мне тую, што пяяла няня
над калыскай, доўга не сплючы,
ці аб безнадзепным маладым каханні,
што трывожыць сэрца уначы.
Не хачу навінаў з шырокага свету
пуста майму сэрцу, цесна ў ём,
можа, помніш песню, што пяяла летам
маладая жнейка за сярпом.
Ці мо помніш тую, аб ліхім прыгоне,
з-пад навіслых сумна нашых стрэх,
што пяялі хлопцы, як вадзілі коні
месячнаю ноччу на начлег.
Запяі мне песню нашу, не чужую,
я шматгадовых гоняў ды бароў,
што я сэрцам вечна на чужыне чую
сярод думаў зорных вечароў.
Хата
Хата радзімая, хата старая,
што абаперлася ў садзе аб вішні,
стройна свой чуб саламяны ўбірае
голлем, вясною аквечаным, чыстым.
Ў поле бязмернае, поле далёкае,
ўбок, дзе палоскі шлях рассякае,
сумна глядзіш ты прымружаным вокам,
быццам з дарогі каго выглядаеш.
Мохам пратканыя шэрыя сцены,
плот, што ля саду пастаўлены крыва,
ясна-шумлівай, квітнеючай пенай
буйная зелень вясёла прыкрыла.
Камень шырокі ляжыць ля парога,
гладкі, бліскучы, вітае так міла!
Безліч бяздомных з далёкай дарогі
тут каля хаты на ім адпачыла.
Пэўна, не раз ім матуля казала:
«Сядзь, папалуднуй, чужынча, ты з намі,
роднага сына дзесь доля загнала,
можа, й яго хто пакорміць таксама.
Покуль жыву, сцерагу яго месца,
прыйдзе пачэсна на покуце сядзе,
хатняе стравы напецца, наесца,
колас наліты рукою пагладзіць.
Выйдзе на поле з баронкай і плугам,
ў ціхую хату прывабіць дзяўчыну,
кончыцца боль мой і злыя нядугі,
косці старыя пры іх адпачынуць.
Можа, спаткаеш? Такі цёмна-русы,
скажаш, матуля яго тут чакае.
Хай не забудзе сваёй Беларусі,
хай не зрачэцца радзімага краю...»
1943
Дзед
Была ў дзеда дудка,
была ў дзеда люлька,
была ў дзеда падружанька
сівая бабулька.
Дудачка іграе,
сэрца пацяшае,
а закурыць дзедка люльку
гора забывае!
Цешыць дзедка дудку,
цешыць дзедка люльку,
клапоціцца ля яго
сівая бабулька.
Ўсё суседзі хочуць знаць...
Раз, кругом пасеўшы,
сталі ў дзедачкі пытаць,
хто яму мілейшы.
Дзядок кажа дудка,
бабка кажа люлька...
Людзі думаюць сабе:
«Ой, мусіць, бабулька!..»
Ўсё ж ніхто не мог пазнаць
дзедавай натуры,
замест праўду адказаць
толькі люльку курыць.
Ўсё ад раніцы гудзе,
ўсё на дудцы грае,
а на бабку прыйдзе дзень
ўвагі не звяртае.
Ўскалыхнуўся цэлы свет,
бюцца людзі-брацця,
ціха толькі дзед жыве,
хваліць бога ў хаце.
Толькі шчасце у людзей
доўга не трывае,
і да дзеда адзін дзень
смерць прыйшла ліхая.
Дзеда дома не было
ён з дудой і люлькай
пайшоў рана на сяло,
пакінуў бабульку.
Бабка сцяміла, што ёй
смерць дзядочка скосіць...
Паківала галавой,
гэтак смерці просіць:
Замест дзеда лепш мяне,
смерць, вазьмі, ліхая!..
Хай дзядок яшчэ жыве,
хай на дудцы грае!
Мае радасці ён тры,
я ж з усіх найменша,
дык мяне ты забяры
дудачка пацешыць!
А для смерці ўсё адно:
душаньку хацела,
дзед ці баба ж не відно,
бо душа без цела...
Ды, забраўшы бабін дух,
паляцела далей,
бо другія ўжо наўкруг
на яе чакалі...
Ой, прыйшоў дзядок дамоў
не жыве бабулька...
Не хапіла ў дзеда слоў,
пакацілась люлька...
Ах, бабулька, плача дзед,
чаму ж не паждала?
Пацямнеў мне цэлы свет,
як цябе не стала...
Сеў ён сумна ля акна;
заіграла дудка,
сумна плакала яна,
ды замоўкла хутка...
Ўжо не будзе болей граць,
люлька дагарэла...
Прыйшлі людзі ды глядзяць
без душы ўжо цела...
Другім страшна паміраць,
дзед памёр іначай,
рады быў не апісаць!
ён бабульку ўбачыў...
Любіў дзедка дудку,
любіў дзедка люльку,
а мілей за ўсіх была
сівая бабулька.
* * *
Блукаю сёння па родным краі
збалелым ценем.
Хачу быць кропляй, што перапаўняе
чару цярпення.
Хачу быць словам, што напраўляе
на шлях сапраўдны,
сілай, якая перамагае
ў баі за праўду.
Пад тваім небам, чыстым і сінім,
быць канапелькай,
быць тваім гордым, вечным ўспамінам,
мая зямелька.
Бацька мой
Бацька мой родны, родзіч мой мілы.
Глядзеў ты ўслед мне, здаецца, учора.
Сёння не знаю нават магілы,
дзе твае косці злажыла гора.
Бацька мой сільны, табе б спакойна
сеяць пшаніцу на родных гонях,
у дзень кірмашны вокам нямыльным
ацэньваць коні.
Табе б на плечы сыноў-асілкаў
пакласці рукі ў гадоў змярканні
і ўнукам баяць пра ўсе памылкі,
пра ўсе уцехі юнасці ранняй.
Табе б ад маці лепшы кусочак,
табе б з сябрамі чарка ў бясёдзе,
пашана ўнукаў, апека дочак,
пачэсны гонар у нашым родзе.
Бацька мой родны, даруй, што старасць
тваю я сэрцам не даглядзела.
Несла ў далонях сваю ахвярнасць,
несла і раптам асірацела.
Дзе твае косці сёння? Не знаю.
Апошніх спеваў ужо не пачую.
Хмары навіслі над нашым краем,
на родных гнёздах вораг лютуе.
1943
Залатая сонца калясніца
Ноч крылом пастукала у дзверы,
вецер сілай тузае прабой,
застанецца ўсё, што на паперы,
ўсё, што ў сэрцы, забяру з сабой.
Заўтра залунае снег вішнёвы,
зацвіце на сонцы бэзаў куст.
Ёсць такое казачнае слова,
вырванае з рэбраў: Беларусь.
Вораг далі не аддасць затанна,
гордасць выбілі ў паніжаных рабоў,
паляглі айчынныя тытаны
недзе за пярэплаццю дратоў.
Недасказана, нязроблена так многа,
неадпомшчана за слёзы і за кроў.
Я пакіну вам мае трывогі,
я пакіну вам маю любоў.
Няхай сэрцу змучанаму сніцца
пах вясны, вішнёвы белы дым,
залатая сонца калясніца,
вольны сцяг і пераможны гімн.
Шрифт
Фон