Шрифт
Фон
1941 1941
Маладыя крыллі
Ужо сонца за морам ў пасьцельку лягло,
і птушка заснула, прыкрыўшысь крылом,
у норцы прыціхла ля мышанькі мыш
чаму ж ты, сыночку, так доўга не спіш?
Ці ў ручкі малыя табе халадно?
Ці ножанькі змёрзлі пад тонкім радном?
Вось месяц заглянуў у нашу пасцель,
і вугальчык зоркі уніз паляцеў,
Не будзе ўжо болей начамі свяціць
пагас недзе сумна ў надрэчным трысці.
Заплюшч свае вочкі з-пад небных старон
зляціць матылёчкам к табе ціхі сон!
А я табе песню ціхенька спяю
пад думкі, што голаў скружылі тваю...
Хачу я, матулька, вялікі расці,
Малочнаю Сцежкай манлівай ісці!
Хачу неба з шэрай зямлёю злучыць,
Мядзведзіцу з зораў у Воз запрагчы,
акелзаць на небе разгонены гром
і сеяць на стрэхі праз Сітца дабро!
Маланкай, як пуга, як востры бізун,
гнаць хмары, што воўкам над вёскай паўзуць,
вісяць па-над намі, як слёзы, як зло,
закрыўшы для сонца дарогу ў сяло!
Каб сівер у хаты крывыя не дзьмуў
сам ветравы лейцы я ў рукі вазьму;
расплаўлю нат сэрцам на Нёмане лёд,
я шчасцем сагрэю свой любы народ!
Адвечныя слёзы братоў я збяру,
дзірванную долю на поле згару...
Усе нашы раны злічу ў рызманох
і крыкну, што нават злітуецца Бог!
Сын крозіць, ён целам дзяцінны, малы,
а духам як тыя пад небам арлы!
За вокнамі вецер бе ў бубен-страху,
шапоча малітвы матуля ў страху,
А сэрца бе сілай пад тонкім радном,
праз вокны шлях сіні, шлях ясны відно...
1941
Тры дарогі
Агарнуў хлапца раз такі сумлеў
прад сабою ён тры дарогі меў.
Пойдзе па адной стане важным ён
ды нязнаціме невясёлых дзён.
Ад курганаў тых, ад сяла далей,
а найдалей дык ад сваіх людзей.
Будзе мець там моц, грошы звонкія,
жаль часамі, мо, за старонкаю...
А другая йдзе к шчасцю скораму,
і ідуць па ёй нашы ворагі.
Пашто крыллі мець, пашто вольным быць?
Лепш за тую медзь ворагам служыць!
Быццам недруг, жыць з яго платаю,
ды не бачыць слёз тых за кратамі.
Хай сабе ў сяле з плячоў згорбленых
ападзе жыццё шэрай торбаю.
Хай магілаў ля ног прыбаўляецца,
хай браты свае адхіляюцца...
Сцежка трэцяя йдзе, няроўная,
праз бары, лугі, праз чароўныя.
Паміж сёламі, паміж хатамі,
паміж сэрцамі, паміж братнімі.
Там не ворагі, не магутныя,
а вітацімуць рукі скутыя.
Рукі цвёрдыя ды мазольныя,
сэрцы з крыўдаю паднявольнаю!
Вочы з просьбамі, душы з ранамі
ўсё пытацімуць свету ранняга.
Пры дарозе той чабор сцелецца,
узышло на ёй волі зелейца.
Паліваць яго трэба з ласкаю,
нат слязамі, нат кроўю ўласнаю.
Каб расло яно, ды магутнае,
красавалася, рвала путы нам.
Гэй, зарэе там ранне светлае!
Прывітанне шлюць дзеўкі ветліва...
Гэй, лунае там даль бярозамі...
Вораг вязніцай страшыць грознаю,
гневам пеніцца, грозіць смерцяю,
ўсё ж пайшоў дзяцюк сцежкай трэцяю...
Сонца лашчыла асалодаю,
краскі сыпала зямля родная.
Калыхаў вецер пахам ліпавым,
на дарогу з ніў росы сыпалі.
Моладзі
Гэй, збірайцесь, крывіцкія дзеці,
пад народны, пад горды наш сцяг!
Воля Краю нам зоркаю свеціць,
яго шчасце у нашых руках!
Мы за волю крывіцкіх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыціўся вораг,
жыццё наша і нашую кроў.
Але Краю, што Нёман галубіць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць,
ўжо не будзе арол крывадзюбы
да крыві пазурамі здзіраць!
Нам не страшны сібірскі больш холад,
нам не страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, ні молат
мы разгорнем крывіцкі наш сцяг!
Нашы сэрцы гімн родны зайграюць!..
Адгукнецеся, сёлы, ў адказ!
Мы нясём жыццё наша для Краю,
мы нясём жыццё наша для вас!
Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронім Краіну грудзьмі,
воля будзе вялікай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!
Ужо даволі
Ўжо даволі нам стагоддзі
адну горыч піць!
Боль і гора сваё годзе
ў Нёмане тапіць!
Ўстанем, крыўды нагародзім,
запяём мы аб свабодзе,
станем вольна жыць!
Доўга мучыў вораг люты
ў капцюрох сваіх...
Голас волі ў сэрцах скутых
ўсё ж ды не заціх!
Ўжо мінае час пакуты,
паржавелі нашы путы,
сёння скінем іх!
Гэй, паслухайце з курганаў,
рыцары-браты!
Ўжо не сцелюцца туманы
палассём густым,
толькі сонца рве кайданы,
асвячае, гоіць раны,
залаціць куты!
Што было навукай будзе,
мы ж пайдзём ўпярод!
Нашых сэрцаў не астудзіць
нат сібірскі лёд!
Воля сілай бе у грудзі,
звонам веча кліча, будзіць
цэлы наш народ!
Хто з нас верным Краю сынам
кажны ўздыме сцяг!
Для крывавых каляінаў
мала пачуцця!
мы з узлётам сакаліным
ахвяруем для Краіны
дар свайго жыцця!
1942
Рукапісны зборнік Вершы (19451947)
Кусочак неба
Мяне свет ласкі не сустрэў
апошні блеск пагас учора,
а сэрца тысячамі стрэл
зноў злосна пранізала гора.
Бюць хвалі ў грудзі мне із дна.
Паміж запененых прыбояў
стаю прад бурамі адна
з глыбокай верай, што устою.
Навісла цяжасць чорных хмар,
шалее бура, сіл мне трэба...
Ўздымаю з болем ўгору твар
там ў цьме бліснуў кусочак неба.
Удар
Учора сурова падбілі мой лёт,
песні паранілі ясныя крыллі,
гэтак часамі вясною галлё
бура шалёная глуміць і хіліць.
Заўтра мо большы, страшнейшы удар
целам маім страсяне чалавечным.
Потам пакрыецца змораны твар,
гледзячы сумна у вір небяспечны...
Толькі мой вольны не зломіцца дух,
Божая іскра у целе бязрадным.
Голаву ўзняўшы, у цемень пайду,
сэрцам у небе пытаючы праўды.
Чужыя хвоі
Пад чужым небам шапочуць хвоі,
дзіўную песню штодня тут чую,
пытаюць ціха: скуль я і хто я?
Адкуль прыходжу, па чым сумую?
Стрункія хвоі чужога краю,
добра мне голаў аб вас аперці.
Вецер аб долі ж хай не пытае,
словам не скажаш таго, што ў сэрцы.
Словам не скажаш аб тых цярпеннях,
што сум на душы пластамі сцеле,
што сонца крые магільным ценем,
а расказаць вам вы пасівелі б...
Лепш загудзеце, сумныя хвоі,
вольна, свабодна, вы жа не людзі...
Зялёным шумам сэрца ўспакою,
ад вольнай песні лягчэй мне будзе...
Шрифт
Фон