Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 11.

Шрифт
Фон
1941

Бывай
Бывай, дарагая мне Прага!..
Ты ў белы прыбралася іней,
калі карабель мой жыццёвы
прыстаў на Вэлтаве сіняй.
Адвагі было ў мяне мала,
настрой беларускі, гаротны.
А ты снегам места прыбрала
так белым, як нашы палотны!
Ляцелі, як быццам бы зоры,
танцуючы з ветрам, сняжынкі,
у бель яны строілі горад
і цешылі сэрца чужынкі.
У неба цягнуліся вежы,
так стройна, як нашы таполі,
хоць вецер не гнуў іх на межы,
і вокал не слалася поле...
Ўсё ж ў ноч, калі сніліся краскі
і сум крышыў сэрца ў аковах
мне баяў таёмныя казкі
граніт гэтых вежаў вяковых.
Бывай, залацістая Прага!..
Мой парус кірунак ўжо меціць...
Успомню цябе я няблага
за казкі і сэрца каменняў.
За прыязні даўняй азнакі,
за кажнага Крывіі сына
прымі сёння, Прага, падзяку
ад ўнучкі Францішка Скарыны!
Глядзі, як вякі ўжо, з адвагай
ў апеку святога Вацлава...
Бывай, дарагая мне Прага,
бывай ў пене срэбнай Вэлтавы...
1941

Загад
Ураджай шумлівы на палёх,
лугі і рэкі, і азёры,
і магутнейшы бор ад бору
ўсё гэта даў нам добры Бог.
Авёс вяцісты, нівы жыта,
пшаніцы звонкае калоссе
і шмат дароў багатых ўвосень
з зямелькі плодна-сакавітай.
І хаты роднае парог,
красу дзяўчатам нашым мілым,
а дзяцюком буйную сілу,
ўсё гэта даў нам добры Бог.
Даў наквець белую садоў,
багацце песняў мілагучных,
а ў сэрцы даў агонь пякучы
кахання да зямлі дзядоў.
І даў загад нам добры Бог:
каб кажны моцнаю рукою
гараў загон ды сеяў волю
і Родную Зямлю сцярог.

1942

Наш сцяг
Не слава Краю, ўздым магутны,
нат не шумелі мне сцягі...
Заместа іх звінелі путы
і цёмнай ноччу ланцугі.
Заместа водгулля Пагоні
яшчэ сягоння, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.
Дзявочы твар, бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
і кроў братоў, што бунтавалі,
я толькі гэткі знаю сцяг!..
За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь
я, Божа, чуць хоць раз хацела б
шум сцягу вольнага свайго.
Калі Крывіцкая Зямліца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшуміцца,
на развітанне запяе,
няхай разгорне свае крыллі,
як стораж вечнага жыцця,
хай зашуміць хоць на магіле
мне бел-чырвона-белы сцяг.
Маё сэрца
Ці мо сэрца малое маё?
Свет вялікі агнём не ахопіць
для тых ніў толькі горача бе,
што нам сёлы у золаце топяць.
Для тых ніў, для сасны у бары,
для бярозы, што беллю лунае,
яно толькі каханнем гарыць,
ды каханне у чын расцвітае.
Доля сотняў не нашых жанчын
слязьмі сэрца майго не цярэбіць,
як лёс той, што ад болю маўчыць,
нахіліўшыся ў працы над зрэбем.
Дзеці ўсюды, здаецца, адно,
іх галоўкі паўсюдна святыя,
ўсё ж хай тых пад падраным радном
Бог цяплейшаю доляй прыкрые.
Тым дзяўчатам, што ткуць дываны,
што з калосся аб долі варожаць,
дай ім шчасце, як тыя ляны,
дай ім долю яснейшую, Божа!
Ці мо сэрца малое маё,
ці мой дух неузлётны і вузкі?
Для Цябе толькі, Краю мой, бе,
для Цябе, мой Народ Беларускі!

Як хмарны дзень
Як хмарны дзень так маё сэрца сёння...
Дождж з непагодных сыплецца вачэй...
Гэта таму, што Край мой любы стогне,
кроў Нёмну ў воды жыламі цячэ.
Не счырванела зорана каліна,
не мак цвіце, а Край наш, Край ў агні!
бы сцеле сонца ярым кармазынам,
заходзячы за грыву спелых ніў.
Уціш мяне, што гэта не пажары,
што не сяло, не лес стары гарыць!
Наш Край злажыў даволі ўжо ахвяраў,
каб выпесціць і ўбачыць свет зары!..
1941

Скажы
Ой, дзяўчына, скажы
чаму смутак ляжыць,
ды туга ўсё на твары прыгожым?
Можа, месяц бляды,
Мо, дзяцюк малады
тваё сэрца так рана трывожаць?
Табе ж родзяць ляны,
ўзорам тчэш дываны,
кужаль белы, як снег на паляне!
Сама быстры той птах,
Нёман сіні ў вачах,
засмяешся як сонца прагляне!
Чаму сумная ты?
Быццам скарб залаты,
табе косы на плечы апалі;
твар твой рожы лісткі,
стан, як вербаў, гнуткі,
і за працу усе цябе хваляць!
Глянь там горад відно,
я сумую даўно,
ці ж, запраўду, ніколі не зналі,
што ў дзявочых грудзёх
жаль бязмерны залёг,
як братоў ў кайданы закавалі?
Глянь там горад, а ў ём
тужаць ноччу і днём
сакалы нашай роднай Краіны...
Май красуе, цвіце,
а за кратамі цень,
нават сонца там коскі не кіне!
Там дзе сосны, дзе дуб,
там дзе пушчы, дзе зубр,
на магілах дзядоў, на курганах,
у старых гарадох,
нат на славы слядох
ўсюды вораг, усюды татарын!
Калі хочаш любіць,
калі хочаш здабыць
беларускае сэрца дзяўчыны
дык жа мусіш устаць,
памагчы разарваць
кайданы наймілейшай Краіне!

1941

Беларуска
Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму не будзе ў мяне на абліччы,
і страху не будзе ў грудзёх.
Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
ніколі тады не здрыгне,
а буду не менш за цябе я адважнай,
каб сілы дадаці табе.
Бо сэрца дзяўчыны пад кужалем тонкім,
як сэрца найлепшых сыноў,
гарыць то ж каханнем да роднай старонкі
і спадчыны нашых дзядоў.
Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю,
і так абаронім, засеем, збудуем
Беларусь дарагую сваю.
Бо гэтак, як стрэльбы і кулі як звонкай,
як сіняе сталі мяча,
заўсёды патрэба для нашай старонкі
адважных хлапцоў і дзяўчат.
1940

Спатканне
Калі тупат каня я пачую,
і зазвоніць здалёк ужо стрэмя,
шчасцем сэрца ў грудзёх забушуе,
з хаты выйду, цябе я сустрэну.
Ды каханнем, як яснай зарою,
напаю твае смелыя вочы,
як з каня свайго быстрай стралою
ты на рукі, на грудзі саскочыш.
Пацалунку тады мо не прымеш,
цяжка голаў адкінеш на плечы,
я расцвіўшай чырвонай юргіняй
твае гордыя грудзі аквечу.
А як больш не устанеш ад бою,
і на твар ляжа ціхасць блядая,
буду думаць: імгла над ракою
ці палотны бяліць рассцілаю.
Буду думаць: не кроў гэта з раны
жменю пацерак нехта раскінуў;
буду думаць: румяніцца ранне
ды усходзіць зара над Краінай.
Не скажу, што ты рана загінуў,
не пажалюся людзям, ні Богу!
Для каханае нашай Радзімы
й найдарожшых ахвяр не замнога.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке