Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 13.

Шрифт
Фон
У асенні дзень
Йду ціхім, асумелым садам,
шмат лісця вецер ўжо аднёс,
толькі, як жменя буйных слёз,
вісіць галінка вінаграду.
Над траў зялёным вадападам
не чэшуць вербы сваіх кос,
не вабіць ліпа мёдам кроз,
не кліча груша сесці радам.
Не белы бэз пахучым чадам,
а на кустох зацвіў мароз,
і градам буйных горкіх слёз
звісае жменя вінаграду.
Цуд
Весяліўся, смяяўся агонь,
чырванеў, як зара-зараніца,
і згараў на ім белы мой конь,
і згараў на ім мужны мой рыцар.
Як з паганскіх курганных часоў,
ішлі ўдовы на вогнішча смерці,
я, найболей няшчасная з ўдоў,
свайму рыцару кінула сэрца.
Ўзняўся ў неба ахвярны мой дым,
рос із сэрца майго агнявіцай,
і скрозь слёзы я бачыла ў ім,
як ажыў зноў конь белы і рыцар.
І сярод найцяжэйшых пакут
я паверыла сэрцам гаротным,
што з ахвяраў нам зродзіцца цуд,
што наш Рыцар і Край несмяротны.

Бюць хвалі
Бюць хвалі прыбоем з радзімых крыніц,
ажыўшыя воды ракочуць, задорныя,
і вольная песня не знае граніц,
бе звонам у небе з грудзей непакорных.
Хто спутае хмары і зменіць іх бег,
хто воблакам плысці іначай раскажа
і, глянуўшы ў душу людскую глыбей,
хто дум пераніжа натхнёную пражу?
Шляхотныя рукі магчыма скаваць,
сумленне, бывае, грашамі заплацяць,
а думаў арліных нам смерцю стрымаць
найбольшы у свеце тыран не патрапіць.
Іх вольнаму лёту бязмежны прастор,
ля хат разальюцца, як рэкаў разводдзе,
з прыземных нізінаў імкнуцца да зор,
то сонцу насустрач ў расплаўлены поўдзень.
І вольнае песні, што служыць багом,
ніхто не зняволіць, ніхто не заплаціць;
захоча шле словаў караючы гром,
захоча лялее сумуючых браццяў.
А крыллі параніць ля дротаў чужых
памостам рассцеле міражныя гоні.
Йдзе звонка палём зарунелым служыць
і ласкаю вернаю любых агорне.
То быццам бы бура, то лёгенькі ўздох,
а сэрцы людскія і гоіць, і раніць,
разжаліцца просьбаю слухае Бог,
раззвоніцца праўдай баяцца тыраны.
Яшчэ не час
Яшчэ не час, і я не стала ценем,
ізноў жыццёвы разбіваю стан;
яшчэ не час, яшчэ паведамлення
аб маёй смерці вецер не паслаў.
Яшчэ не час, хоць восень горка плача
і да зямлі бярозам косы гне.
У цемры я канца жыцця не бачу,
і гэты жаль асенні не па мне.
То не па мне асіны ломяць рукі,
ў паўночных ветраў просячы цяпла.
Асенні дзень канае доўга ў муках
і горкі дождж слязьмі кранае шкла.
Яшчэ не час, хоць хочацца спакою.
Як гнаны ветрам на чужыну ліст,
прыпасці б так гарачай галавою
на вечны сон да роднае зямлі.
Яшчэ не час, яшчэ на бездарожжы
бяздольных больш, чымся на сэрцы ран,
ім песні трэба віць із польных рожаў,
няхай гарачым полымем гараць
і цешаць тых, якіх не цешыць неба.
Я сэрца ў песенны ўпляту вянок
і ў цемру дзён, дзе шчырых песняў трэба,
пашлю яго да родных ніў здалёк.
Яшчэ не час прасіць у Бога смерці,
калі ў бядзе чакаюць брацці нас,
калі не згас агонь дабра у сэрцы
для родных ніў, дык паміраць не час...
Яснейшых дзён у Бога дачакаем
і пройдзе час нялюбасці і зла.
О, знай тады, што для цябе, мой Краю,
мой шматпакутны, для цябе жыла...
Ля чужых варот
Хоць доля бе, і ў сэрцы лёд,
ўсё ж думы не ў аковах.
Праходзіць ля чужых варот
мой жнівень васільковы.
Хоць вяне мак, душа у сне,
калісь забытым маем
вітала віхрамі мяне
краіна дарагая.
Ўздымаўся Нёман, гнуўся бор
і топаль вабіў вочы,
а пры дарозе цвіў чабор
пяснярцы на вяночак.
Ў закуты Край біў долі град,
слязьмі снаваў вяселле,
усё, што зраніў цёмны брат,
спавіла з межаў зелле.
Калі ж душу злівала кроў,
а думы голаў гнулі,
глыбокі боль праменнем слоў
замовіла бабуля.
Сягоння зрываў дум, ні кроз,
ні ран ніхто не гоіць,
і гэты боль, што ў сэрцы ўрос,
бабуля не замовіць...
Блукаю ля чужых варот,
хоць думы не ў аковах,
i сум душы, і сэрца лёд
гарачым плаўлю словам.
Загнаны ліст, як птах, здалёк
ў чужыне толькі ценем.
Звіваю ў залаты клубок
ўспамінаў летуценне,
каб песні новыя тварыць
і словам Край кунежыць,
той Край, дзе вецер гнуў бары,
дзе цвіў чабор на межах.

* * *
Божа, малітваў прачыстая мэта,
светлая песняў натхнёных крыніца,
глянь у адкрытае сэрца паэта
бе безупынна жыццё навальніцай.
Слёзаў чужых ужо поўныя жмені,
кроў разлілася струёю ля весніц,
мушу для іх я ў бязмерных цярпеннях
выкупіць сілу натхнёнае песні.
О, я слоў перлы дастану із тоняў,
сэрца іх ў звонкі шнурок пераніжа,
толькі не дай мне ў крывавае «сёння»
ўпасці бяссільна дарогай пад крыжам.
Крыж мой аднолькава цяжкі і мілы.
З гоняў дзірванных яго за субраццяў
буду ахвярна нясці да магілы.
толькі не дай мне пад ім заламацца.
З ніў я яго падняла без прымусу.
Нельга каханне над сіламі мерыць.
Жоўці пякучай налі мне на вусны,
буду цярпець за Радзіму і верыць.
Буду аб долі адкупленай крозіць,
сёння цяжкой, непагнутай, як камень,
буду ісці па цярністай дарозе,
потам змываючы кроў і слязамі.
Сэрцам натхнёным, Табой абагрэтым,
дай мне нат з жоўці стварыць асалоду.
Дай адкупіць мне цярпеннем паэта
волю і долю, і шчасце народу.
Жаль
Пачуцці зарыліся ў сэрца на дно,
а з хмарамі думы качуюць.
Як жаль, што мне сцежкі да вас не відно,
што сілы слоў братніх не чую.
З пустых шляхоў вецер жалліва шуміць,
як быццам ён крыўды збірае.
А дождж безуважны ападзе слязьмі
над пошасцю змораным краем.
Крывавых і страшных зямлі нашай ран
ніхто не заплаціць, не злічыць.
Збіраецца ў сэрцы пачуццяў вулкан,
і цені замучаных клічуць...
Ўспамінамі вецер шуміць за вакном,
ўдаль цяжкія хмары качуюць.
Як жаль, што мне сцежкі да вас не відно,
што сілы слоў братніх не чую.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке