Уся чалавечая надбудова
з правілаў, законаў і звычаяў у большай ступені трымаецца на абсалютызацыі каштоўнасці чалавечага жыцця. Выконваючы правілы, мы становімся на бок дабра. Парушаючы правілы, мы ствараем зло.
Быць добрым значыць прызнаваць перамогу страху смерці над уласнай свядомасцю. Быць добрым значыць запісацца ў шэрагі сцыкуноў.
Я стаміўся ад дарогі. Змена рэльефу больш не прыносіць радасці. Рэчы, якія вабілі ў шляху, ператварыліся ў руціну. Мне вельмі хочацца дадому, да сябе, у Менск на станцыю метро «Аўтазаводская». Мне хочацца выгуляць свайго сабаку і абняць бацькоў. Я так хацеў бы напіцца са сваімі сябрамі. Але ёсць адна рэч, якая мяне палохае і спыняе. Я ведаю, што ў мяне не атрымаецца жыць на першай паніжанай. Я не змагу мірыцца з тыраніяй кіраўнікоў, законаў і традыцый. Я шалёна хачу пазбавіцца ўласнага імя і любога пашпарта. Я хачу быць простым чалавекам безадносна любога дзяржаўнага ладу і статусу.
Не магу паверыць! узбуджаецца ён. Я цэлы год жор толькі макарону. Мне не хапала грошай нават на кетчуп. Пра сасіскі я наогул маўчу. Кожная сасіска была для мяне святам! Я цэлымі днямі адшкрабаў ад талерак ветнамскую локшыну ў самым убогім шынку Лос-Анджэлеса толькі для таго, каб увечары пайсці ў краму і на заробленыя грошы купіць сабе макароны. А цяпер мы за паўгадзіны дастаём са сметніцы прадуктаў на пару сотняў даляраў! На гэтыя вось шампіньёны я раней у краме нават глядзець баяўся. Як жа выдатна быць адкідам грамадства!
Дзякуючы шчодрасці капіталістычнай памыйніцы мы пачынаем ладзіць царскія абеды, на якія б ніколі не дазволілі сабе патраціцца. У нас ёсць пастаянны выбар разнастайных прадуктаў, таму Воля нават пачынае прапампоўваць свае кулінарныя скілы.
Мне тым часам прыходзіць у галаву яшчэ адна ідэя здабыць сапраўдную парусную яхту і адправіцца ў бок Карыбскага мора. Дакладнага плану пакуль няма, я проста днямі напралёт чытаю тэорыю і гляджу ўрокі кіравання суднам. Здаецца, мора гэта іншы свет, які заўсёды быў побач, але пра які я дагэтуль нічога не ведаю.
Якім чынам мы стартанём на поўдзень, будзе ясна зусім хутка сядзець на месцы больш няма сілаў. У любым выпадку, наперад мне ўжо даўным-даўно карацей, чым назад.
Глава 4. Рома ў Мексіцы, Гватэмале і Гандурасе
Апошнія пяць дзён у Нью-Ёрку мы праваляліся з тэмпературай за 38˚С і збіралі заплечнікі па калена ў соплях. Мы так і не адважыліся знайсці яхту Сеня нечакана атрымаў грын-карту, прадаў тачылу і зваліў па справах у Маскву. Маё вернае карыта ўжо даўно спачывае на сметнішчы, а аглядаць мясцовыя прыстані без колаў пад дупай справа вельмі няўдзячная. Таму ідэю прайсціся пад ветразем прыйшлося адкласці да лепшых часоў.
Цяпер уся гэтая нью-ёркаўская бытавуха ўжо ў мінулым, мы брыдзём па тэхаскай трасе і маральна рыхтуемся да жахлівага амерыканскага аўтаспыну. Але выцягнуць вялікі палец я не паспяваю побач з намі ўжо спыняецца машына.
За стырном старэнькага бэжавага «гранд-меркурыя» сядзіць чалавек гадоў сарака пяці. Гэта Джордж. У яго вялікія кісці рук, ліхая лысіна на патыліцы, круглы лоб і масіўныя акуляры савецкага інжынера. Ягоная міміка нібы запаволены ў два разы відэашэраг, ён размаўляе вельмі мякка, удумліва і адразу ж пагаджаецца давесці нас да Форт-Ўэрта. Джордж жудасна нагадвае класічнага маньяка з амерыканскіх фільмаў. Настолькі жудасна, што я мімаволі аглядаю прастору пад сядзеннямі і дзвярныя кішэні на прадмет цесака са слядамі загусцелай крыві. Вадзіла тым часам прапаноўвае заскочыць на хвілінку да яго на хату, каб захапіць мапу і тое-сёе перакусіць. Мы пагаджаемся.
Па дарозе балбочам пра аўтаспын тых часоў, якія ўжо не вярнуць.
Джордж і сам не раз ганяў спынам па маладосці. Кажа, што пасля ўзарваных вежаў Амерыка вельмі змянілася.
Ужо ў цемры ён адвозіць нас за сто міль ад свайго дома і частуе вячэрай. Мы сядзім у Burger King і бясконца доўга смакуем апошнія кавалачкі бульбы. Я разумею, што Джорджу няма да каго вяртацца дамоў, і гэты добры маньяк у акулярах з надзеяй чакае, што мы прапануем яшчэ адну хаця б трохі цікавую тэму для гутаркі. Праз хвіліну ён сумна прызнае, што, напэўна, пара ехаць. Падкідвае нас да бліжэйшага гатэля, здымае нам нумар і растае ў ночы, каб вярнуцца ў свой блакітны домік з завешанымі вокнамі.
Ён мог бы быць ідэальным маньякам, але зрабіўся проста адзінокім чалавекам.
У мяне зусім не было часу асэнсаваць усё, што адбывалася, пакуль мы рвалі праз кантынент і тусаваліся ў халодным Брукліне. Але цяпер, стоячы на краі велізарнай краіны, я разумею, што буду сумаваць па Штатах. Я ўспамінаю вымотвальны Лос-Анджэлес, любімую Аляску і тытанік Нью-Ёрк, які ідзе на дно. Цяпер, калі нашая іміграніяда засталася за плячыма, уся гэтая гісторыя варушыць унутры мяне цёплыя пачуцці.
Мы перасякаем мексіканскую мяжу ў мястэчку Нуэва-Лярэда, і з першых жа секундаў робіцца ясна, што мы трапляем у іншы свет. Натоўпы мексіканцаў цякуць праз пост у абодва кірункі. Адразу за пераходам стаіць калона таксовак спрэс дабітае хламё родам з дзевяностых. Мы заскокваем у бліжэйшую калымагу і просім давезці нас да вакзала.