Знайсці новы «дом» не атрымалася. Увесь зваротны шлях мы праходзім за дзень. Раку фарсіруем уначы. На досвітку, напаўжывыя, даходзім да машыны. Па дарозе ў Энкарыдж выбухае трубка падачы вады ў радыятар задняй печкі. Сем гадзінаў на снезе пад машынай, і новая прабоіна ліквідаваная. Жавальная гумка і бляшанка з-пад кока-колы вось яны, герметыкі новага пакалення!
Нарэшце марозным кастрычніцкім ранкам мы развітваемся з Генам і ягонай сямёй. Мне вельмі хочацца верыць, што праз пару-тройку гадоў мы сустрэнемся зноў і абавязкова знойдзем час, каб злавіць гусака на гарадскіх могілках. Але цяпер я заводжу матор, і нашы сябры павольна згасаюць у люстэрку задняга віду. Тым часам Сеня ўжо ляціць самалётам да Тэхаса. А мы бяром курс на Нью-Ёрк. Навігатар выдае крыху больш за восем тысяч кіламетраў.
Глава 3. Рома ў Нью-Ёрку
Раніцай усе вокны машыны пакрываюцца намараззю. З рота валіць пара. Звычайна Воля ўстае першай. Следам я. Мацюкаючыся, нацягваю прасякнутую потам тэрмабялізну і заводжу матор. Адкрываю капот і правяраю вадкасці. Як правіла, даліваю трохі астуджайкі. Воля тым часам робіць каву і залівае кіпнем які-небудзь хуткасуп. За сняданкам мы абмяркоўваем стратэгію жабрацтва на сённяшні дзень. У залежнасці ад сітуацыі мы або выкарыстоўваем таблічку-папрашайку, або просім бензін класічным спосабам бегаючы ад машыны да машыны.
Мы так даўно не мыліся, што ўжо не заўважаем нясцерпнага паху ўласных целаў. У адзін момант робіцца настолькі ўсё роўна, што, здаецца, можна больш увогуле ніколі не мыцца. Музыка ў плэеры надакучвае настолькі, што мы гатовыя слухаць канадска-амерыканскія радыёстанцыі, якія, дарэчы, амаль нічым не адрозніваюцца ад беларускіх у добраахвотным парадку ўсё тыя ж 70 % эфіру на іх складае нацыянальная творчасць.
Чым далей мы прасоўваемся на поўдзень, тым больш хочацца назад на поўнач. Для тутэйшай правінцыі характэрная адсутнасць характэрнага. Час запавольваецца, і канадскі кіламетр для нас доўжыцца, як пяць лос-анджэлескіх міль. З Энкарыджа да Нью-Ёрка мы дабіраемся цэлы месяц. Па дарозе завісаем у сяброў з Таронта, адмываемся і адядаемся.
Недзе з дзясятак дзён мы з Воляй прыходзім у сябе пасля дарогі. Напэўна, толькі праз тыдзень я ўпершыню дазваляю сабе прайсціся на адлегласць дзвюх вуліц ад сваёй нары, каб размяць косткі. Я так стаміўся ад дарогі, што мне зусім не хочацца ні на Таймз-скўэр, ні ў Сэнтрал Парк, ні куды б там ні было ўвогуле. Я вандрую ад хаты да бліжэйшай
крамы, а ўвесь астатні час праводжу ў абдымках з ноўтбукам.
Наш раён насяляюць пераважна габрэі-хасіды. У крамах прадаецца кашэрныя ежа, а на слупах вісяць рэкламкі танных парыкоў і афішкі будучых выступленняў вядомых рабінаў. Кожную пятніцу авіяцыйная сірэна аглушальна інфармуе нас пра пачатак шабата. З гэтага моманту і да вечара суботы ўвесь раён будзе абсалютна мёртвым. На ціхіх вуліцах не будуць працаваць крамы, цішыню не сапсуе рокат машыннага рухавіка, усе жыхары затояцца ў сваіх норках, здаецца, нават птушкі часова прыпыняць свае пералёты.
Мы з Воляй да апошняга адмаўляемся працаўладкоўвацца. Дэдлайн аплаты за пакой пачынае заглядаць нам у вочы і нядобра скаліцца. Грошай рашуча няма. Ад думкі пра тое, каб зноў пайсці на працу ў рускае камюніці, кідае ў халодны пот. Мяне настолькі палохае гэтая перспектыва, што я гатовы літаральна на ўсё, каб толькі зноў не трапіць у кампанію да не задаволенага жыццём рускага чалавека.
Неяк увечары мяне наведвае ідэя, як вытрасці трохі грошай з Нью-Ёрка. Я раблю сайт у сеціве, дзе на англійскай распавядаю пра сябе і сваю гісторыю падарожжа, а ўнізе старонкі прашу наведнікаў перавесці мне колькі грошай на новы ноўт. Вядома, кампутар не вырашыць праблемы з арэндай пакоя, але гэта дарагая рэч, якую можна прадаць у выпадку крайняй патрэбы.
Зацягваць наведнікаў на сайт я вырашаю праз афлайн. Малюю на вялікай кардонцы QR-код, у якім шыфрую спасылку на тую самую старонку ў сеціве. З гэтай кардонкай я некалькі дзён бадзяюся па горадзе, ляжу на лаўках і нават валяюся на асфальце ля офіса Google. Гэтак мне ўдаецца сабраць некалькі сотняў даляраў. Па гарачых слядах я пішу артыкул для рэсурсу «Хабрахабр» пра сваю маўклівую аферу, і гэта прыносіць мне яшчэ шэсцьсот даляраў. На кампутар па-ранейшаму не хапае, але за пакой я расплачваюся.
Воля і Сеня працуюць дні напралёт, я працягваю супраціўляцца. Удзень і ўначы я бадзяюся па Манхэтане туды-сюды, перасякаючы за шпацыр па паўтары сотні вуліц. Я спрабую ўпісаць сябе ў Нью-Ёрк, адчуць сябе моцным і шчаслівым, калі стаю на ўваходзе ў які-небудзь высачэзны хмарачос. Я ўскладаю на гэты горад вялікія надзеі, але ў мяне зноў нічога не атрымліваецца. Мне прэсна ў Нью-Ёрку, і я дакладна ведаю, што не затрымаюся тут надоўга.
Дні праходзяць бесталкова. Я больш не нашу з сабой фотаапарат. Я дажыў да таго, што выходжу з хаты без заплечніка. Звычайна ў сярэдзіне дня я наведваюся ў 99 Cent Pizza і заказваю тры кавалкі піцы. Дзякуючы каляднай акцыі ў Starbucks у любым філіяле сеткі мяне чакае бясплатная свежая кава. Такім чынам, я рэдка аддаю больш за тры баксы на дзень. Калі мне трэба кудысьці паехаць на метро, я проста скачу праз турнікет і знікаю ў натоўпе.