Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 1 стр 23.

Шрифт
Фон

Наперадзе тры тысячы кіламетраў па дарогах мясцовага значэння. На кітайскіх аўтабанах забаронена ездзіць на матацыклах, і за гэтым строга сочаць, таму прыйдзецца даверыцца функцыяналу Google Maps.

Апошні месяц я правёў у Шанхаі. Высыпаўся, выгульваўся пасля сцюдзёнай Манголіі. Большую частку часу я кантаваўся ў свайго сябра Сярогі, рускага скейтара з Благавешчанска, які вучыць тут кітайскую мову. Менавіта з яго дапамогай я здабыў абодва матацыклы. Астатні час я займаўся здабычай шмацця і падрыхтоўчымі гонкамі на скутары па начным Шанхаі.

Неяк проста на хаду, на выездзе з тунэлю, з майго транспартнага сродку адляцела дэталь, якая адказвае за мацаванне задняга тармазнога дыска, і я ледзьве не ўляцеў у бетонны плот кітайскай ваеннай часткі. Гэта быў трывожны сігнальчык. Скутар я адрамантаваў з дапамогай сваіх матузкоў. Менавіта ў той момант я быў вельмі гатовы перасекчы Кітай.

І яшчэ адна навіна. Рэдакцыя часопіса 34mag.net выслала мне на дапамогу штурмана Вольгу Палевікову. Менавіта яна падчас мотапрабегу будзе сачыць за мапай і не даваць нашаму «эндура» пайсці ў няправільным кірунку.

Усе кропкі над «і» расстаўленыя. На баку матацыкла красуецца свежае лога 34mag.net трыбуны, з якой я вяшчаю. І вось мы ўжо ў дарозе.

Надворе стаіць халоднае. Я еду ў двух парах падштанікаў, састрыжаных тыдзень таму ў H&M, парачцы тышотак, байцы і куртцы. Шанхай першы па колькасці насельніцтва горад у свеце, таму выбірацца з яго можна паўдня.

Першае правіла матацыкліста-нелегала: не высоўвайся на скрыжаванні, пакуль там гарыць чырвонае святло. Кітайскія паліцаі звычайна пасвяцца менавіта там. Лепш спыніся за сотню метраў і ўважліва сачы за тым, што адбываецца.

Другое правіла матацыкліста-нелегала: калі ты вылез на скрыжаванне і бачыш, што да цябе шыбуе палісмен, урубай перадачу і выціскай ручку газу, пакуль ён не страціць цябе з поля зроку. Кітайскія вартавыя парадку не глядзяць амерыканскіх баевікоў, таму наўрад ці наладзяць за табой пагоню. Калі ж яны ўсё-такі вырашаць дагнаць цябе, не пстрыкай дзюбай заязджай ва ўсе магчымыя падваротні. Часцей за ўсё мясцовыя палісмены не вельмі бойкія, і праз пару паваротаў яны ад цябе адвянуць.

У першы дзень з-за дажджу ў нас атрымліваецца праехаць усяго пару соцень кіламетраў. Але насамрэч гэта нядрэнны вынік. Яшчэ да адезду адзін вельмі дасведчаны чалавек, у якога шлем каштуе даражэй, чым мой матацыкл, раіў мне зрабіць пробны выезд «на якія-небудзь сто кіламетраў»,

каб зразумець, як гэта. Высветлілася, што гэта досыць займальна.

Прамоклыя, мы заязджаем у нейкае невялічкае мястэчка, зарульваем на паркінг пад шматпавярховікам і адразу накіроўваемся на дах, каб паставіць палатку. Тэхнічны паверх аказваецца цалкам у нашым распараджэнні, мы ўсталёўваем намёт і адпраўляем дэвайсы на зарадку. Што характэрна, тэхнічны паверх зачыняецца на замок знутры.

Ноччу я стаю на даху дваццацівасьміпавярховага дома і думаю пра тое, як усё неверагодна складаецца, перабіраю ў галаве факты. Паўтара года таму я ўпершыню задумаўся пра тое, каб пракаціцца па Кітаі на матацыкле, тады гэта здавалася палётам на Марс. Два месяцы таму ў мяне не было ніякай магчымасці купіць матацыкл, але я выйграў фотаконкурс, і прызавых грошай хапіла на патрапаны апарат. Я купіў старэнькі Suzuki, і маю мару адабралі тутэйшыя мянты літаральна праз два дні пасля набыцця. Сябры перавялі мне грошай на новы байк, і ёп вашу маць! вось я стаю на даху пасярод Кітая! А недзе на сто метраў ніжэй, у нетрах гэтага вулля, на паркоўцы астывае мой стальны конь.

Яшчэ тыдзень таму я не здагадваўся, дзе ў матацыкле ручка счаплення, а тормаз блытаў са скрынкай перадач. Цяпер я збіраюся выціснуць з сябе ўсё, раўці рухавіком і сэрцам.

Хочацца надзець процівагаз

Раніцай наступнага дня мы доўга не можам адарвацца ад спальнікаў думаем, што дождж яшчэ грукоча па даху. Але гэта шуміць труба, побач з якой мы спім. Сёння пачынаецца восьмы месяц майго падарожжа.

Вецер свішча ў вушах, за бортам +18 ºС. Мы падбіраемся да першых горных участкаў. Уздоўж дарогі пачынаюць зяўляцца маленькія кітайскія вёсачкі. Мы праязджаем той самы Кітай, які малююць на рэпрадукцыях. Старыя апрацоўваюць зямлю матыкамі, хтосьці цягне колы, хтосьці гуляе ў маджонг. Я бачу выдатныя фотакадры ледзь не праз кожныя сто метраў, але чамусьці прапускаю іх усе. Так за цэлы дзень мы ні разу не спыняемся.

Перад адездам я наладзіў зарадку нашага тэлефона з GPS ад акумулятара байка, але току не хапае і навігатар павольна разраджаецца. Штурману нашага карабля даводзіцца адключаць GPS на доўгіх прамых дыстанцыях. Google Maps часам заводзяць нас у такую глуш, дзе яшчэ не ступала нага беларуса.

На гарызонце час ад часу мільгаюць іскры салютаў. Кітайцы пачынаюць святкаваць Новы год. Я вяду матацыкл па начных звілістых дарогах і прымаю гэтае свята на свой рахунак. Хочацца спяваць і танцаваць.

Але раптам свята заканчваецца у матацыкле згарае свечка запальвання. Конь хутка губляе хуткасць. Мы спыняемся пасярод начной трасы.

Гарачы рухавік стомлена патрэсквае. Здаецца, пяцьсот метраў таму мы бачылі вясковую майстэрню.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора