Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 1 стр 18.

Шрифт
Фон

Ужо год яны жывуць без грошай

Раніцай выпадае снег. Намахаўшыся на марозе сякерай, я прастываю. Мяне перастаюць пускаць у дом, каб не заразіў дзяцей. Калі я заканчваю з дровамі, Улад выносіць мне каструлю з супам, і я іду да сябе ў каранцін. Грэць ежу прыходзіцца на печы. Гэта доўга, але яна робіцца ўдвая смачнейшаю.

Нарэшце прыязджае Жэня. У дзве рукі мы за дзень разбіраемся з абрыдлымі дровамі. Пакуль мы перацягваем паленцы ў сцірты, з лесу выходзяць нейкія людзі. Высвятляецца, што яны жывуць непадалёк, на суседняй паляне. Пасля доўгага працоўнага дня мы выпраўляемся да іх у госці.

У доме, які нагадвае мядзведжы бярлог, жывуць Вова, яго жонка Насця і сябар Юра. Іх дом сабраны трыма парамі рук з бульбяных мяшкоў усяго за некалькі месяцаў. Сцены зробленыя паводле той жа тэхналогіі, паводле якой будуюць ваенныя ўмацаванні, дамбы і бамбасховішчы. Мы плануем заскочыць да суседзяў на гадзінку, але завісаем амаль да раніцы. Яны перабраліся ў гэтыя мясціны літаральна два тыдні таму. Мы першыя госці ў іх незвычайнай хаце, і з гэтай нагоды Насця дастае

святочны брыкет халвы.

Я распытваю, чаму яны вырашылі зехаць з горада. Тое, з якой шчырасцю яны распавядаюць пра веру ў ідэю, пошук і расчараванні ў сваім жыцці, прымушае мяне запісаць іх у спіс сваіх герояў. Я слухаю іх гісторыі, разявіўшы рот.

Вова сышоў з дому ў шаснаццаць гадоў і з тых часоў ніколі туды не вяртаўся. Бацькі не змаглі дараваць таго, што іх сына паказалі ў праграме «Времечко» ў рэпорце з анархісцкага мітынгу, дзе малы трос іракезам і размахваў сцягам. Пяць гадоў хлопец бадзяўся па маскоўскіх сквотах, бухаў і закідваўся. Зарабляў пераважна тым, што гандляваў усякім хламам на блышыным рынку. Аднойчы сябар запрасіў Вову на працу ў кіно, і Вова пагадзіўся. Наступныя пятнаццаць гадоў ён, нібы адчайны матрос, правісеў на асвятляльных мачтах. Праблемы з грашыма зніклі. У здымачнай тусоўцы Вова пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Насцяй. Насця вырасла ў курортным Новарасійску ў ліхія дзевяностыя, таму не па чутках ведае славутыя бандыцкія разборкі. У сямнаццаць гадоў Насця перанесла клінічную смерць ад перадазіроўкі. Год таму яны прадалі ўсю сваю маёмасць і зехалі на Алтай у горы. Амаль усе сродкі пайшлі на тое, каб купіць зямлю. Ужо год яны жывуць наогул без грошай.

А яшчэ Вова сказаў, што знаёмы з хлопцамі, якія напісалі культавую кнігу «Больше Бена». Паводле гэтай кнігі пасля быў зняты аднайменны фільм. Зусім нядаўна, у тым жыцці, гэта была мая самая любімая стужка.

Карацей, я закахаўся ў іх і атмасферу іх чароўнага дома. Няроўныя сцены, касыя праёмы дзвярэй, парыпванне падлогі усё было такое сапраўднае. Увечары мы запальвалі свечку і правальваліся ў размовы пра свабоду, выбар і сумленне. Мы спрачаліся да світанку і з першымі праменямі сонца, якія прабіваліся праз акно ў зеніце, адыходзілі да сну.

Але вось я з Жэнем стаю на гары Чаптыган, побач з самаробным рэтранслятарам Улада. Гэта апошняе запланаванае мерапрыемства. Заплечнікі спакаваныя, тэрмасы напоўненыя мы выпраўляемся на трасу. Па дарозе на Паспаўл зноў заскокваем да Вовы, Насці і Юры, каб развітацца. Развітанне зацягваецца на два дні.

Мне зноў сумна зязджаць. Я думаю пра тое, як зазірну да іх у госці праз некалькі гадоў. Вова выцягне яшчэ адну святочную халву, Насця заварыць горны бадан. Я ўсміхаюся ад гэтых думак, пратоптваючы сцежку ў глыбокім снезе. З кожнай хвілінай адлегласць паміж намі расце.

За праклятыя дровы Улад заплаціў мне грошы. На іх у Горна-Алтайску я залячыў сабе зуб. Там жа я сустрэў свой дваццаць першы дзень нараджэння.

Глава 6 Рома ў Манголіі

Прыгажосць па-мангольску

Каза драная! Два кіламетры не дацягнула, бляць! выпальвае кіроўца «Сканіі» Мікалай. Скончылася паліва.

Ён выскоквае з кабіны, бярэ вядро і злівае некалькі вёдраў саляры з трыццацітоннага баку, які мы цягнем на запраўку. Сэрца машыны па-ранейшаму маўчыць. Мы абдымаемся з паліўнай помпай тры гадзіны, за гэты час міма нас праязджае ўсяго адзін дохлы уазік. Нарэшце наша кабылка заводзіцца. Мы даграбаем да апошняга рускага паселішча. На пагорку віднеецца пустая руска-мангольская мяжа.

Блакітнавокі рускі памежнік кажа, што праз гадзіну прыбудзе статак мангольскіх аўтамабіляў, каб вывезці з запраўкі ўсё наша паліва. Ваенны не схлусіў, хутка равучая калона машын перасякае мяжу і роўным строем накіроўваецца на тую самую запраўку, куды мы толькі што прывезлі бенз. Адзін кіроўца адразу ж садзіць мяне з Жэнем да сябе ў кабіну.

Мы запраўляем машыну і вырульваем на Манголію. Рускую мяжу праходзім гладка. Памежнікі шчыра смяюцца з нашых планаў даехаць да Улан-Батара аўтаспынам:

Ды вы ёбнуліся! Там на паўтары тысячы ні дарог, ні машын няма! Тут толькі летам турысты ездзяць. Да Баян-Улгій даедзеце, там сядайце на самалёт і праз дзве гадзіны будзеце ва Улан-Батары.

Яшчэ нядаўна іх скептыцызм мог мяне спалохаць, але цяпер я ўпэўнена аджартоўваюся.

Як толькі канчаецца Расія пачынаецца грунтоўка. Мангольскі вартаўнік мяжы пытае мяне пра візу. Я кажу, што візы няма. Ён кажа: «Добра» і ставіць штамп. Алтай застаецца ззаду. Пакуль я не ведаю пра тое, што ў сне яшчэ тысячу разоў вярнуся ў свой мілы домік на схіле гары. Наперадзе дзікая і чужая Азія. На доўгія месяцы, а можа і гады, я ператваруся ў «белага містара», а значыць у іншага.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора