Брудна, брутальна і па-брацку
Я, Нэда і Самір едзем на Каспійскае мора. Іран тут чымсьці нагадвае Грузію, толькі неверагодна брудную і брутальную. Узбочыны і лес заваленыя
горамі смецця. Увечары мы ідзём на пляж. Я забягаю ў ваду па пояс. Дзяўчаты пачынаюць крычаць з берага і просяць мяне вярнуцца, бо гэта «very dangerous!». Мне смешна да слёзаў, але яны ўсхваляваныя не на жарт. Да іх падключаецца нейкая групка іранцаў. Баюся, як бы мяне не пачалі ратаваць, і вылажу на бераг. Іранцы, якія падаспелі, цікавяцца, ці не пяны я. У іх вачах я вельмі рызыкаваў.
Дзяўчатам у Іране дазволена купацца ў публічных месцах толькі ў адзенні, але існуюць і адмысловыя басейны для жанчын, дзе яны могуць плаваць у купальніках. Аказваецца, мае сяброўкі зусім не ўмеюць трымацца на вадзе.
Назаўтра між сёстрамі здараецца сварка. Я прымаю бок Нэды, і мы абое, як Адам і Ева, з ганьбай пакідаем машыну. Я прапаноўваю Нэдзе дабрацца да Тэгерана аўтаспынам. Ці то нам неверагодна шанцуе, ці то ў Іране найлепшы аўтаспын, але хутка мы дабіраемся да сталіцы і, трохі падаўленыя канфліктам, развітваемся адно з адным.
Ізноў я ў парку. Мы з ім парадніліся. Мяне пазнаюць ахоўнікі, дворнікі і працаўнікі шапікаў. Я ведаю ўжо паўсотні чалавек у гэтым горадзе, не ўлічваючы сакрэтнай паліцыі, і мне няма каму патэлефанаваць. Чарговы раз раблю таблічку «Looking for host». Парк пусты ужо каля дванаццатай гадзіны ночы. Адзіная забаўка англійска-рускі слоўнік. Адкрываю на першай старонцы і пачынаю чытаць усё запар:
Abandon пакідаць.
Abrupt рэзкі, раптоўны.
Absent-minded рассеяны.
Нарэшце нейкія людзі запрашаюць мяне да сябе ў госці. А другой гадзіне ночы я ўваходжу ў іх кватэру, стомлены і разбіты. Усміхаюся праз сілу, пытаю, дзе душ. Стан ваннага пакоя вельмі трапляе ў настрой цвіль на столі, брудная шчарбатая кафля, дробныя насякомыя разбягаюцца пад маімі нагамі. Потым мне паказваюць спальнае месца гэта наскрозь прапылены і прапалены дыван. Напэўна, я раблю нешта не так?
І вось, калі я вараная бульба, размазаная лыжкай па талерцы, упершыню за час дарогі думаю пра дом, са мной нарэшце здараецца неверагодная сустрэча. Відаць, упершыню за ўсё падарожжа я сустракаю чалавека, які нагадвае мне мой жа адбітак у люстэрку. Яго клічуць Абцін, яму дваццаць, мы знаёмімся з ім у тым самым парку. Ён запрашае мяне дадому, папярэджвае бацькоў.
У ягонай хаце ўсё гэтак жа, як у маёй, але з іранскім акцэнтам. Я ем тую ж ежу курыцу з рысам, але з іранскімі спецыямі, мы сядзім на падлозе. У яго пакоі тое самае хламё, што і ў маім: друкарская машынка, піянерскі горн, калекцыя фотакамер, таблічкі з забароннымі знакамі і надпісамі ды іншыя вельмі патрэбныя рэчы. Але машынка з персідскай клавіятурай, горн трохі карацейшы за наш, айчынны. Ён вучыцца ва ўніверы мастацтваў. Мы разглядаем яго працы, і я губляю дар мовы. Я знаходжу партрэт свайго бацькі і брата ды што там, я знаходжу сябе. Я магу распавесці пра кожную дробную дэталь на яго малюнках. Нягледзячы на тое, што ён вельмі дрэнна гаворыць па-англійску, мы размаўляем паўночы аб усіх самых важных для нас рэчах.
Гэтая сустрэча ў корані змяняе маё ўяўленне пра краіну. Да апошняга моманту я жыў сярод іншапланецян, якія не разумеюць мяне, і я не надта спяшаўся разумець іх, але цяпер я сустрэў родную душу, і гэта самае важнае, што я магу сказаць пра Іран.
«Басідж» так і не патэлефанавалі мне яны проста скралі маю флэху з бясцэнным фотаматэрыялам. Я пражыў у Іране месяц за некалькі даляраў. Я так і не зездзіў у Шыраз, пра які плакаў Ясенін, я не бачыў вярблюдаў. Я адчуў іншы Іран, поўны падпольнай музыкі, вечарынак, наркаманаў і гарадскіх фрыкаў. Тэгеран вялікі і хуткі, як Масква у ім можна знайсці ўсё і ўсё страціць. Тэгеран такі ж маўклівы і замкнёны ў сабе, як Менск у ім амаль немагчыма сустрэць турыстаў. Я апускаю вочы ў зямлю, калі бачу чарговы патруль у цывільным. Але ўнутры я смяюся, бо ведаю: сіла ў праўдзе, а яшчэ ў веры, рашучасці і маладосці.
Глава 4 Рома ў Азербайджане
Мая іранская банда
Так, добры дзень, Раман. Я вас памятаю. Вы ўсё яшчэ ў Тэгеране? не без здзіўлення пытае трэці сакратар амбасады Беларусі ў Іране.
Так-так. Я акурат хацеў спытаць вас аб магчымасці падаўжэння візы. Я хацеў бы затрымацца тут яшчэ на пару тыдняў.
Які ў вас тып візы?
Турыстычная. Аднаразовая, на трыццаць дзён.
На жаль, падаўжэнне турыстычнай візы немагчымае, яна выдаецца строга пад пэўныя мэты.
Што ж, давядзецца зноў набіраць вышыню.
Я падлічваю колькасць дзён з моманту майго ўезду ў Іран, і высвятляецца,
што сёння апошні. Увогуле я разлічваў, што ў мяне яшчэ ёсць дзень у запасе. Ад Тэгерана да мяжы з Азербайджанам пяцьсот кіламетраў. Гэта нармальная адлегласць для аднаго дня аўтаспынам, калі б не той факт, што я цяпер у цэнтры вялізнага горада, выбірацца з якога мне прыйдзецца не менш за чатыры гадзіны. Падобна на тое, што ўпершыню ў жыцці я пратэрміную візу.
Тэлефаную Жэню, які згубіўся недзе ў нетрах мегаполіса. У яго яшчэ ёсць пару дзён у запасе, бо ён заехаў у Іран крыху пазней за мяне, але, абмеркаваўшы сітуацыю, вырашаем рушыць разам. Да таго ж яму ўдалося дзесьці здабыць пяцьдзясят баксаў.