Браты, як па загадзе, прыпынілі бойку і ўсхапіліся на ногі. Яны асцярожна адхілілі рукі Люсі ад бара, паставілі шафку на месца і, цяжка сапучы, знясіленыя, сцішыліся ў маўклівым чаканні. Іх шэрыя ўсхваляваныя вочы прамяніліся аднолькавым дзікавата-жорсткім позіркам.
У гэты момант яны хацелі пачуць толькі адно: хто з іх бацька. Люся спужалася гэтых калючых, няласкавых вачэй, убачыла ў іх холад, адчула затоеную пагрозу і ў думках упікнула сябе за тое, што не сказала раней праўды. Цяпер ёй патрэбен абаронца, высакародны і добры, патрэбен чалавек, за якім яна з дзіцём будзе як за каменнай сцяной, і гэтым заступнікам хацела бачыць толькі Андрэя. Каб даказаць сваё каханне, у Люсі ўзнікла вялікае, непераадольнае жаданне абняць абранніка, але збітых і акрываўленых блізнюкоў у чарговы раз не змагла распазнаць. Поўная адчаю і роспачы, Люся абхапіла галаву далонямі, плюхнулася ў адзінае не перавернутае крэсла і жалобна застагнала:
І за што мне ўсё гэта Хоць бы меткай якой адрозніваліся Хоць бародаўкай, хоць радзімай плямкай
Ад каго дзіця?.. Хто бацька?.. строга запытаўся Алесь, і зноў у пакоі запанавала напружаная, хісткая цішыня.
Люся паволі ўзняла вільготныя вочы і нейкі час доўгім стомленым позіркам паўглядалася ў аднолькавыя пакамечаныя твары блізнят. Яна не адчувала сябе вінаватай і не хацела ні ў чым апраўдвацца. І ўсё ж у грудзях як нешта надламалася, шчымлівае пачуццё жалю слязлівай злой крыўдай напоўніла душу. Ёй раптам расхацелася даказваць сваё каханне.
А вы абодва ціха, але рашуча сказала яна, змахнула са шчакі няпрошаную слязінку, дадала: Па-іншаму і быць не магло
Як гэта?.. разам ускрыкнулі браты і пераглянуліся.
А вось так!.. Дзіця народзіцца і, канешне, не на Пушкіна будзе падобнае
А на каго? нецярпліва перапыніў каханку Андрэй.
Вы не толькі насы расквасілі, пэўна, і мазгі па падлозе растрэслі, надрыўна рассмяялася Люся. Ад яблыні яблык, ад елкі шышка Зірніце ў люстэрка Хоць разам, хоць паасобку, а твар адзін убачыце І дзіця гэткае будзе
Збітыя з панталыку браты не маглі засяродзіцца на пачутым.
Люся, не круці хвастом, ты ведаеш, што мы хочам ад цябе пачуць, сцягваючы з сябе перапэцканую вінаградным сокам тэніску, сказаў Андрэй.
Люся ўбачыла на плячы палюбоўніка ашчэраную пашчу тыгра і з палёгкай выдыхнула:
Андрэй, дзіця ад цябе
Гэта праўда?! усхваляваны Андрэй укленчыў перад Люсяй, уткнуўся тварам ёй ў калені, зашаптаў: У мяне будзе сын!..
Шчаслівая Люся парывіста цалавала каханка, гладзіла дрыжачымі рукамі і ціха прыгаворвала:
Даруй, любы, што не сказала раней Доктар вызначыў тэрмін пяць тыдняў.
На душы ў Алеся было прыкра і моташна. Ён нейкі час адсутным, халодным позіркам паўглядаўся ў палюбоўнікаў і, каб зноў не зрабіць якое глупства, усунуў рукі ў кішэні, рэзка крутнуўся да шафкі-бара. У думках дакараў сябе за нястрыманасць, за ўчыненую бойку, за тое, што даўнія летуценныя мары пра бацькоўства сёння ўспрыняў як нешта блізкае, і зноў адчайная, помслівая злосць брала верх, як ні намагаўся задушыць яе. Цела апякло гарачай хваляй сляпога гневу, у скронях нясцерпна тахкала: «Дзіця магло быць маім» Каб прыглушыць гэты колкі боль, Алесь каўтануў адну чарку каньяку, другую, наліў трэцюю.
Плюсні, брат, і мне грамульку, хачу сустрэчу нашу сагрэць, Андрэй падняў з падлогі келіх, паставіў побач з чаркай Алеся, ягоны перапэцканы крывёй твар прамяніўся гордай радасцю.
Глядзі, не перагрэйся, ціха, скрозь зубы прасіпеў Алесь і, напоўніўшы келіх брата да краёў, запытаўся: За што пем?
Андрэй шматзначна паглядзеў на Люсю, падміргнуў, маўляў, не хвалюйся, зараз выпраўлю сітуацыю. Ягоны неспакойны позірк затрымаўся на папераварочваных крэслах, раскеўзаным вінаградзе, пустой бутэльцы, з якой па дыване вялікай лужынай расцёкся каньяк, і ледзь прыкметная ўсмешка кранула сасмяглыя вусны і адразу знікла:
Ну і вэрхал, Ватэрлоа адпачывае, Андрэй нагой адпіхнуў ад сябе зламаную фруктоўніцу і на адным дыханні звонкім голасам выпаліў: Алесь, я адзін вінаваты Мы з табой не толькі тварамі, але і густам падобныя Павер, з Люсяй у нас каханне ўзаемнае. Выбачай, браценік, што склалася так, ён асцярожна, каб не расплёскаць каньяк, узняў фужэр: Браты бюцца, браты і пагодзяцца Давай выпем за мір паміж
За мір ва ўсім свеце, перапыніў брата пянаваты Алесь. Да ўчарашняга дня я таксама верыў, ён са зедлівым сумам паглядзеў на жонку і, расцягваючы словы, працягваў: Цяпер ве-ры няма, ве-ра ў пазыкі пайшла А ты добра сказаў, як на мітынгу Зычу палітычнай кареры З Люськай прабешся, яна дасведчаная.
Алесь, у нас будзе дзіця, падхапілася на ногі ўстрывожаная Люся.
Цяпер яна баялася раўнівага мужа і, каб прыглушыць ягоную агрэсіўнасць, абачліва стала паміж братамі. Люся спінай прытулілася да Андрэя і, спрабуючы сямейную перапалку звесці на жарт, сказала:
А што тычыцца палітыкі і палітыкаў, дык мой дэпутат, а мо і прэзідэнт, яшчэ ў пузе.
Не, ён не ў пузе, а ў маленькім прыгожанькім жывоціку, цалуючы жанчыну, гучна засмяяўся Андрэй.
За вас піць не буду, а за дзіця чарку падыму, сказаў Алесь і адным махам праглынуў бурштынавую вадкасць.
Нешта абдумваючы, ён трошкі пастаяў і, не падымаючы вачэй, крутнуўся да выхаду. З калідора, не паварочваючы галавы, кінуў:
Бывайце здаровы, больш мне няма чаго тут рабіць. Кватэра падарунак пляменніку ці пляменніцы.
А бізнес!.. З бізнесам як? кінуўся ўслед Андрэй; ён нагнаў брата ў самых дзвярах, ухапіў за руку: Алесь, мы сёння павінны ва ўсім разабрацца Табе непрыемна, але ж справа стаяць не будзе Яе рабіць трэба.
Алесь наўмысна не ўздымаў галоўнага пытання. Некалькі хвілін таму ён амаль паверыў у тое, што перад ім закаханыя, бескарыслівыя і летуценныя, што іх акрамя адно аднаго ніхто не цікавіць, і нічога ім не патрэбна. І раптам чуе: « што будзе з бізнесам?» Вось табе і на!.. Вялікае і ўзнёслае зноў спусцілася з нябёсаў і ўперлася ў прозу жыцця. Зрэшты, ідучы сюды, ён не сумняваўся, што здарыцца менавіта так, бо ведаў сваю жонку, зведаў і братаву сквапнасць. Нарэшце ўсё стала на свае месцы: бізнес галоўнае, дзеля чаго варылася ўся гэтая каша.
Згодзен, трэба працаваць, і вельмі шмат, гледзячы брату ў вочы, пагадзіўся Алесь. Ты ж гэткі гаспадар, як і я, усё, што ёсць, падзелена пароўну Я працаваў на сумесны дабрабыт, а ты суцяшаў Люську Зрэшты, баба з возу Думаю, калі мяняцца месцамі, то мяняцца да канца Забраў жонку, забірай і вупраж, і падводу, і хамут Цяпер табе і карты ў рукі, пакажы, на што здатны. Палкі ў калёсы ўстаўляць не буду, не з рукі мне, але калі ўбачу, што не спраўляешся, сваю частку бізнесу прадам
Я выкуплю, ускрыкнуў Андрэй.
Дурненькі, ён з нас смяецца, злосна сказала Люся. Якая самастойнасць, калі асноўны пакет акцый не твой.
Болей усяго на два працэнты адмахнуўся ад каханкі Андрэй. Алесь уступіць Мы ж браты
Алесь не верыў сваім вушам, падумаў, што Андрэй жартуе. Колькі хвілін углядаўся ў брата, намагаючыся зразумець, як далёка той зайшоў ў сваіх фантазіях, і, калі ўбачыў ў Андрэевых вачах непрыхаванае спадзяванне, стрымацца не змог, рассмяяўся.
Вой, не магу, гучна рагатаў Алесь, без нажа зарэзаў
Люся прынесла кубак вады, Алесь папіў, але вада не супакоіла.
Што тут смешнага? сілячыся перакрычыць брата, запытаўся Андрэй.
За каго ты мяне трымаеш?.. трошкі супакоіўшыся, запытаўся Алесь. За дурня?.. Лоха?..
Андрэй не адказаў. Паводзіны брата канчаткова збілі з панталыку, і, галоўнае, іх з Люсяй прагнозы наконт маёмасці не апраўдаліся. Андрэй яшчэ мог дапусціць, што брат сарвецца, кінецца на яго з кулакамі, але тое, што Алесь, як на тым «полі цудаў», адгадае ягоныя думкі пра «дурня і лоха», прадбачыць не мог. Яшчэ тыдзень таму Андрэй быў упэўнены, што дзеля яго брат ахвяруе ўсім, аддасць апошняе, як было дагэтуль. Шукаючы падтрымкі, ён паглядзеў на палюбоўніцу. Люся цішком паказала яму два пальцы, што па ранейшай дамоўленасці азначала пагадзіцца з умовамі мужа.