Виктор Правдин - Парыж, Эйфелева вежа і… стр 4.

Шрифт
Фон

 Незаконна паркаваць машыну на тратуары і брыдка да бяспамяцтва напівацца, тым больш у машыне,  узвысіў голас прапаршчык і кінуў на калені Гурскаму пульт аховы з бірулькай.  Пільнуйце сваю крэпасць і беражыце сябе Жыць не толькі мёд піць

Застаўшыся адзін, Алесь цяжкавата высунуўся з машыны і, валюхаючыся, зрабіў некалькі крокаў. Здранцвелыя ад доўгага сядзення ногі не надта слухаліся, і ён, прытуліўшыся спінай да дрэва, некалькі разоў прысеў. Калі адчуў гарачыню ў лытках, шырока закінуў рукі за галаву і, ўглядаючыся ў перадсвітальнае неба, з асалодай удыхнуў начную прахалоду.

Навальніца скончылася, але высокі вецер яшчэ шапацеў у разгалістых, густалістых кронах, і цяпер з абмытых дрэў сыпаліся важкія дажджавыя кроплі.

Вецер, дождж, неба, якое ён бачыў праз хісткія кроны, нечакана супакоілі. Змучаную рэўнасцю душу паціху напаўняла шчымлівае пачуццё адзіноты, і, як ні дзіўна, гэтакі стан яму падабаўся ўсё больш і больш. Думкі прасвятлелі, хмелю як і не было, толькі не выходзіла з галавы пачутае: «Жыць не толькі мёд піць».

7

На другі дзень душным надвячоркам Гурскі з затоеным хваляваннем пераступіў парог кватэры, якая да нядаўняга часу і сапраўды была ягонай крэпасцю. Убачыў насупленага злога брата, якога не спадзяваўся тут сустрэць, сваю, але ўжо не сваю жонку, што ўзрушана нешта даводзіла Андрэю, і ў памяці імгненна ўсплылі звады, якія ўспыхвалі паміж ім і Люсяй, здавалася, без усялякай на тое прычыны. У сямейных сварках Алесь заўсёды саступаў і толькі цяпер, у гэтую хвіліну, зразумеў і прычыну частых лаянак, і чаму Люся не хацела мець дзяцей. Яна не кахала яго!.. Зразумеў і адчуў, як прыкрая туга, што вярэдзіла надарваную душу, раптам прытупілася, помслівая злосць саступіла месца пагардлівай абыякавасці.

Калі ішоў сюды, яму мроілася, што пры сустрэчы жонка будзе бажыцца і клясціся ў сваёй вернасці, назаве здраду глупствам, першай і апошняй недарэчнай выпадковасцю, папросіць прабачэння. У самых патаемных куточках душы цеплілася надзея, што, калі здарыцца менавіта так, ён не адразу, але даруе Люсі. Толькі мроі не спраўдзіліся, а спланаваная размова, да якой рыхтаваўся, аказалася непатрэбнай. «У любоўным трохкутніку трэці лішні, і гэты трэці  я,  бязрадасна падумаў Алесь, і тут жа трапяткой упартасцю затахкала ў скронях:  Жыць не толькі мёд піць». Ён прыгадаў начное адчайнае пянства, блуканне па міліцэйскіх пакоях у пошуках дакументаў і зразумеў, чаму павінен прыйсці сюды.

 Добры вечар,  з вымучанай усмешкай на твары павітаўся Алесь і з непрыхаванай іроніяй дадаў:  Вы мяне зноў не чакалі?

 Чакалі, яшчэ як чакалі!  узбуджана ўскрыкнуў Андрэй і зрабіў крок насустрач.  Нам даўно трэба

 Перацерці сітуацыю,  з насмешкай у голасе перапыніў брата Алесь; ён няспешна прысмаліў цыгарку і, пыхкаючы дымам, дадаў:  Няма больш ката, як брат на брата

 Можа, выпем, закусім?  лісліва заглядваючы Алесю ў вочы, запыталася Люся.

Яна ніколі не магла зразумець, чаму атрымоўвалася так, што браты, быццам згаварыўшыся, заўсёды аднолькава апраналіся. Ранкам Андрэй перагледзеў увесь гардэроб, доўга корпаўся, перабіраў кашулі, а цяпер як адзін, так і другі былі ў сініх пацёртых джынсах і аднолькавых белых тэнісках. Зрэшты, апратка брата здзівіла і Алеся, бо джынсы ён купіў усяго некалькі гадзін назад.

 І то праўда, на сухую цяжкавата  падтрымаў Люсю Андрэй.

Ён дастаў з шафкі бутэльку каньяку, скруціў накрыўку і наліў у тыя самыя келіхі, з якіх піў віно з Люсяй.

 Піць не буду, і без гарэлкі ахмялелы,  катэгарычна адмовіўся Алесь і, сядаючы ў крэсла, абыякава, быццам наперад ведаючы, што скажа Андрэй, зазначыў:  А ты расказвай, перацірай сваю сітуацыю

Андрэй каўтануў, зноў напоўніў келіх і нервова зашпацыраваў па пакоі. Нячутна ўвайшла Люся з плеценай фруктоўніцай у руках, на якой у гуллівых промнях вечаровага сонца іскрыліся вінаградныя гронкі. Яна запытальна зірнула на палюбоўніка, але сказаць нічога не паспела. Андрэй крутнуўся да Алеся і выпаліў:

 Любая мне Люська Даўно з ёй жывём у адзін дух

 І як даўно?  перапытаў Алесь і адчуў, што не рэўнасць, а помслівая злосць зноў гарачай хваляй ускалыхнула пачуцці.

Попел з цыгаркі спікіраваў на дыван, і Алесь, хаваючы дрыжыкі ў пальцах, сціснуў кулакі. Далонь апякло, але гэта быў камарыны ўкус у параўнанні з тым агнём, які цяпер віраваў у ягонай падманутай душы.

 З першай сустрэчы

 З залы суда?  ад здзіўлення вочы ў Алеся акругліліся, але праз хвіліну яго імклівы, учэпісты позірк ужо свідраваў жонку.

Гурскі не верыў, не мог паверыць у тое, што і года не прайшло з дня вяселля, як каханая здрадзіла, ды не з кім-небудзь, а з яго родным братам.

 Люся, ты мне здраджвала цэлых сем гадоў?

Жанчына вольна перасмыкнула плячыма і, як само сабой зразумелае, горда сказала:

 У нас каханне з першага позірку,  яна трошкі памаўчала і дадала:  А потым, ты сам прывёў і прымусіў Андрэя жыць з намі Вы ж як дзве кроплі вады, як адно цэлае Першы раз я нават і не зразумела, хто ёсць хто Хіба ж гэта здрада?

Люся бачыла, як наструнілася мужава цела, а бледны твар, толькі што ўмольна насцярожаны, акамянеў. Гнеўныя вочы не прадвяшчалі нічога добрага. Яна хутчэй адчула, што сказала нешта не тое, і, намагаючыся выправіць сітуацыю і апраўдаць каханка, роспачна ўскрыкнула:

 Ты не так зразумеў Андрэйка заўсёды дома, а ты днюеш і начуеш на сваёй працы

Напамін пра работу яшчэ больш падліў масла ў агонь.

 Ну ты і цюцька з каралеўскай псярні!.. Я ішачыў, зарабляў грошы, а ты гэтым часам паскудзіў!..  крыкнуў Алесь, спружыніста падхапіўся на ногі і кінуўся з кулакамі на Андрэя, і браты, таўкучы адзін аднаго, пакаціліся па варсістым дыване.

Ашаломлены Андрэй больш бараніўся, але гэта ў яго не надта атрымлівалася. Алесь за ўсе гады слова кепскага не сказаў, а тут каршуном наляцеў і кулакамі лупіць прафесійна і балюча. У гэтыя хвіліны яны быццам месцамі памяняліся і верхаводам быў Алесь. На падлогу глуха пляснулася, але не разбілася, пляшка з каньяком, следам паляцела фруктоўніца, пругкімі нагамі перакулілі стол, абарвалі занавескі

 Зараз падпраўлю тваё падабенства,  цяжка сапучы, прыгаворваў Алесь,  быў кропляй вады станеш кропляй дзярма

 Жанчын кахаць трэба  сіпеў у адказ Андрэй,  падарункамі секс не заменіш

Пачуўшы гэтыя словы, Люся з усёй жаночай рашучасцю кінулася ратаваць палюбоўніка. Ухапіла за валасы таго, хто быў зверху, раз-другі страсянула і адступілася: яна зноў не магла распазнаць, хто ёсць хто. Лепшае, што магла прыдумаць,  гэта паспрабаваць разняць забіякаў. Толькі як? «Разліць вадой»,  мільганула думка, але Люся адразу яе і заглушыла: «Дурніца, мэблю пашкодзіш Міліцыю выклікай, няхай забяруць мужанька-буяна» Яна крутнулася да тумбы, на якой звычайна стаяў тэлефон, але апарата на месцы не было, толькі жыўцом выдраныя дроцікі тырчалі са сцяны ды зламаная трубка валялася ў дальнім кутку пакоя. Мабільны тэлефон Люся заўсёды насіла ў сумачцы, але, каб да яго дабрацца, трэба прайсці на кухню.

У гэты момант браты зачапілі бар, шафка захісталася, пачала хіліцца, і Люся, сілячыся яе ўтрымаць, далонямі ўперлася ў люстэркавую гладзь. У сярэдзіне шафкі дзынькнула шкло, і на галовы ваяроў пацяклі ручайкі бурштынавага пахучага каньяку, але блізнюкоў гэта не спыніла. Люся з жахам зразумела, што можа здарыцца, калі бар бразнецца аб падлогу. Толькі на імгненне ўявіла вялізную лужыну з гарэлкі, розных він і лікёраў, расколатую на кускі шафку, разбітыя бутэлькі, шклом парэзаных братоў, і ёй стала нядобра. Не разбіраючыся, хто ёсць хто, Люся моцна піхнула нагой аднаго з задзіраў і завішчала, быццам трывожная сірэна:

 Спыніцеся-я-я Я цяжарная-я-я

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

Кейд
4.8К 42