Гэтае палкае развітанне ўразіла Алега, і ён у думках пазайздросціў закаханым і нават пашкадаваў, што яны расстаюцца уявіў пустату і шчымленне, якія агорнуць абодвух, як толькі кранецца цягнік.
Але цягнік пайшоў, тыя, што яго праводзілі, таксама пачалі разыходзіцца, а гэтыя двое, нібыта нічога на свеце для іх зараз не існавала ні цягніка, ні пасажыраў, усё яшчэ горача цалуючыся, развітваліся. Алег, убачыўшы такое, жахнуўся, падбег да іх і, спяшаючыся апошні вагон яшчэ можна было дагнаць, пацягнуў хлопца за рукаў:
Гэй, таварышы, цягнік пайшоў!
Яны нехаця адхінуліся адно ад аднаго ён неахвотна выпусціў са сваіх яе вусны, яна яшчэ раз дагнала іх, пацалавала і толькі тады паглядзела ў Алегаў бок і іранічна спыталася:
Няўжо пайшоў? Што вы кажаце
У яе словах Алег адчуў насмешку. А калі закаханыя, нават і не зірнуўшы ў бок поезда, які ўжо далекавата стукаў на стрэлках, абняўшыся, паволі падаліся ў тунэль, ён зразумеў, што ніхто з іх нікуды не адязджаў, а сюды, у вакзальную таўхатню, яны прыйшлі, мусіць, проста пацалавацца: на вуліцы нельга, у скверы няёмка, усе глядзяць як на дзівакоў, а тут ніхто не звяртае ўвагі маўляў, няхай-няхай развітваюцца закаханыя. Што такое бывае, ён ведаў і раней нехта з сяброў расказваў пра гэта, а вось жа, на табе, прамахнуўся, уставіў і тут свае тры грошы аж за руку пацягнуў: «Гэй, таварышы!» Вось табе і «таварышы» Цьфу ты, дябал!
Злуючыся, плюючыся і дакараючы сябе за тое, што вось і на гэты раз улез не ў сваю справу гэткі ім таварыш знайшоўся! Алег, не спускаючыся ў тунэль, цераз пуці балазе цягнікоў не было паволі пайшоў у вакзал
Займалася ўжо другая гадзіна ночы. Народу на вакзале крыху паменела, але ўсё роўна было яшчэ многа дастаткова, каб не адчуваць сябе адзінокім. Ён зноў паштурхаўся ля кас, зноў доўга, задраўшы галаву, вывучаў расклад руху цягнікоў.
У зале чакання Жавейка заўважыў вольнае месца, пайшоў туды і, асцярожна пасунуўшы ногі мужчыны, які салодка хроп на лаўцы, сеў каля яго сам.
Пасажыры, чые цягнікі ішлі пазней, пад раніцу, прыладзіліся, хто як змог, і ўжо моцна хто сапучы, хто храпучы, хто падсвістваючы спалі. Абводзячы вачыма сонную залу, Алег успомніў, што заўсёды, калі яму здаралася бачыць вакзал ноччу, ён шчыра шкадаваў, што не ўмее маляваць. Паставы тых, хто спаў, былі такія выразныя, што яму здавалася, нічога не трэба ні дадаваць ад сябе, ні выдумляць малюй так, як ёсць, і ты падорыш свету шэдэўр «Начны вакзал».
Вунь сядзіць мужчына галава адкінулася далёка назад, востры коўцік аж выпірае, нацягвае скуру на шыі, адна рука, як чужая, вісіць за лаўкаю, другая ласкава абдымае брудныя чаравікі суседа, канечне ж, зусім незнаёмага чалавека, які ўспёр свае ногі яму на калені, соладка спіць, седзячы, і яшчэ, дябал, шчасліва ўсміхаецца ў сне, нібыта нічога прыемней за сон вось у гэткім нязручным становішчы няма. А вунь сядзяць дужа розныя большыя і меншыя, тонкія і тоўстыя хутчэй за ўсё таксама незнаёмыя між сабою людзі, пачакай, колькі ж іх раз, два, тры аж сямёра на адной лаўцы, сядзяць і ў той жа час нібы ляжаць, нахіліўшыся ў адзін бок быццам тарганула машына, у якой яны ехалі, і ім усім, відаць, зручна, апрача, можа, першага самага шчуплага і кволага сярод іх, якога яны прыціснулі да рубежаватага падлакотніка лаўкі. А гэта, бачыш, маладая маці яна сцішылася на голай лаўцы, на мулкай гнутай фанеры, а на ёй хораша, як гэта могуць толькі дзеці, спіць белавалосая дачушка, абняўшы матулю за шыю; маці ж не спіць, ёй нязручна так ляжаць, у яе, пэўна, здранцвелі плечы, зацяклі рукі, але яна баіцца нават паварушыцца, каб не разбудзіць малую.
Вось так разглядаючы сонных пасажыраў, пераводзячы стомлены позірк з адной лаўкі на другую, з аднаго чалавека на другога, Алег не заўважыў, як заснуў і сам. Прачнуўся ён ад нейкага дужа прарэзлівага звону, які аж не месціўся ў вушах. Падняў галаву і тады толькі ўбачыў, што ў сне паклаў быў яе на плячо незнаёмаму чалавеку, суседу па лаўцы, і той, хоць сам і не спаў, але сядзеў ціха і не варушыўся. Жавейка крыху засаромеўся і вінавата зірнуў на мужчыну:
Даруйце, з-за звону Алег і сам ледзь пачуў свае словы, але сусед, відаць, зразумеў яго.
Нічога, нічога, адказаў ён і даверліва ўсміхнуўся.
Алег таксама ўсміхнуўся яму, а сам падумаў: дзе б гэта яшчэ, апрача вакзала, было магчыма такое ты на яго плячо кладзеш галаву, на калені брудныя чаравікі, і ён не лаецца: «Во, разлёгся тут!», а ветліва ўсміхаецца табе.
Што тут здарылася? каб не маўчаць, спытаўся Жавейка, хоць ужо і сам зразумеў, што гэта звініць сігнал аўтаматычнай камеры захавання.
Ды вунь дзяўчына паставіла чамадан у камеру, зачыніла, а шыфр, відаць, забылася.
Ля камеры і праўда стаяла дзяўчына, а ля яе жанчына ў чыгуначнай форме і міліцыянер. Яны дасталі чамадан, аддалі яго дзяўчыне і пайшлі ўсе ў адміністрацыйны пакойчык пэўна, каб аформіць паперы, а ў зале зноў стала сонна і ціха.
У гэтай цішыні гучным здаўся нават нечы ціхі голас, які даверліва расказваў пра Сярэднюю Азію, пра басмачоў: «О, мы іх тады ганялі». Алег азірнуўся і на суседняй лаўцы ўбачыў старэнькіх дзядка і бабульку, якія, ласкава прыхінуўшыся адно да аднаго, сядзелі побач: стары гаварыў, старая слухала. Яго чамусьці ўразіла аблічча бабулькі, але ён не адразу здагадаўся чым; потым ужо зразумеў, што тая была дужа падобная на Тоню відаць, пад старасць яна стане якраз такою: той жа нос, тыя ж вочы, той жа прадаўгаваты, але ўжо маршчыністы твар.
Алег слухаў, як лагодна расказвае пра свае прыгоды дзядок, як уважліва ловіць кожнае яго слова бабулька, якая, пэўна ж, чула ўжо ўсё гэта шмат разоў, як ім, старым, хораша разам, і яму неяк стала балюча і шкода, што ў яго ніколі, відаць, не будзе вось такой ціхай старэчай радасці
Другі раз ён прачнуўся ад таго, што яго нехта тармасіў за нагу. Спрасоння ён яшчэ спрабаваў адбрыквацца, але, калі расплюшчыў вочы, спалохаўся перад ім стаяў міліцыянер.
Уставайце, уставайце, грамадзянін, ляжаць тут не паложана, міліцыянер усё яшчэ трос яго за калашыну.
Алег ссунуў з лаўкі ногі, сеў. Калі і як ён улёгся тут, Жавейка і сам не помніў. Відаць, сусед, на чыё плячо Алег клаў галаву, дачакаўся свайго цягніка, пайшоў на пасадку, а ён тады сам сабою абсунуўся на гнутую фанеру і разлёгся на ёй, амаль як дома.
Міліцыянер усё яшчэ не адыходзіўся ад яго.
Дарэчы, а які цягнік вы, грамадзянін, чакаеце?
Алег не чакаў, зразумела, ніякага цягніка і нікуды не збіраўся ехаць, таму разгубіўся, захваляваўся, паспешліва пачаў думаць, які ж цягнік мог бы яму зараз падысці. Міліцыянер, відаць, заўважыў гэта ён стаяў і настойліва, цярпліва чакаў адказу.
Васямнаццаты, вюнсдорфскі, успомніў нарэшце Алег.
Што? яшчэ больш насцярожыўся міліцыянер. Васямнаццаты? Ён жа даўно прайшоў.
Што вы кажаце? паспрабаваў здзівіцца Алег і адчуў, што гаворыць словамі нават інтанацыя тая ж! дзяўчыны, якая цалавалася ля вагона.
Не «што вы кажаце», а прайшоў. І калі вам, грамадзянін, ехаць на Маскву, дык не абавязкова цэлыя суткі чакаць вюнсдорфскага. У той жа бок ідзе многа цягнікоў. Сядайце і едзьце любым.
Добра, добра, паеду, абы заспакоіць міліцыянера, хутка згадзіўся з ім Алег.
І той нехаця, падазрона аглядаючыся, адышоўся ад яго, стаў зводдаль, зрабіў выгляд, што заняты іншым, але Жавейка разумеў, што ён усё ж цікуе за ім.
Міліцыянер, відаць, адчуў, што чалавек нікуды не едзе, і яму зараз не цярпелася апазнаць у ім якога злодзея ці бадзягу. Алегу ж не хацелася, каб зараз у яго распытвалі пра дакументы, пра тое, чаго начуе тут, на вакзале, а не дома, і таму ён, крыху пасядзеўшы яшчэ для прыліку, устаў і выйшаў на прывакзальную плошчу.
Дождж сціх. Але на дварэ не стала ад гэтага цяплей стылая золь адразу ж бралася за рукі, за твар, студзіла нават душу.