Яно, канечне, можна было б і пайсці, і палаяцца, і пакрычаць. Можа б, і ўдарыць каго. Але ж усё гэта толькі каб сагнаць сваю злосць, каб аслабаніцца ад чагосьці прыкрага, каб выліць з сябе ўсе змрочныя, цёмныя думкі, якія цяжка, аж да галаўнога болю віравалі ў ім і не давалі ніяк супакоіцца.
Розум зараз быў лішні. Розуму ў ім нішто не слухалася. Зараз у ім панавалі, гаспадарылі тыя страшныя, непадуладныя сілы, ад якіх звычайна наліваюцца вочы крывёю.
Балела душа. Так заўсёды бывае, калі цябе неспадзявана, без прычыны пакрыўдзяць. Вось так балела ў яго душа, калі яны з сябрам, яшчэ студэнтамі, былі на бульбе і вярталіся аднаго разу з танцаў з суседняй вёскі, а на іх напалі пяныя хуліганы і проста так пабілі ён памятае, што тады не балела ў яго ні рассечанае брыво, ні падпухлае века, ні разадраная губа, а менавіта садніла душа. Яна баліць яшчэ і сёння, калі ён згадвае пра той вечар. Алег і цяпер яшчэ шкадуе, што не ўспомніў тады пра маленькія ножанкі, якія былі ў яго ў кішэні, і сёння да няўцерпу хочацца ўсадзіць іх у седаўку таго задзірыстага дурня, які проста так, дзеля пацехі, біў яго
На вуліцы, на прыпынках, на мокрым асфальце неяк вельмі прыветліва і па-сямейнаму ўтульна свяціліся ў цемнаце расчыненыя дзверы тралейбусаў, і яму са свае ўхаладалай хаты захацелася хутчэй туды у іхняе цёплае і гаваркое нутро.
І ён тады, баючыся, каб не нарабіць чаго брыдкага, за што потым праз усё жыццё будзеш сам сябе дакараць, хутчэй апрануўся і выбег на вуліцу, да людзей
Сёння людзей на вуліцы было мала: дождж, макрэча, золь і каму ў такое надворе ахвота цягацца па холадзе. Калі ў каго і была якая справа ў горадзе, ён хуценька рабіў яе і, мокры, натапыраны, як азалелая птушка, атросшыся перад самымі расчыненымі дзвярыма, спяшаўся шуснуць у тралейбус ці аўтобус, каб хутчэй дабрацца да цёплае хаты.
Ён і сам, не выбіраючы, зайшоў у тралейбус, які першы трапіўся яму на вочы. У тралейбусе таксама было пуста: некалькі позніх пасажыраў моўчкі сядзелі ў розных кутках. Алег хацеў прабіць талон, але кампосцер, відаць, быў сапсаваны: з яго грэбліва сцятай халоднай пашчы тырчаў доўгі жалезны прут, і кампосцер, калі глядзець на яго збоку, вельмі ж нагадваў зараз пагардлівага аднавухага бульдога, якому, каб ён не кусаўся, хтосьці ўсунуў у рот вялікую костку. Ісці да другога кампосцера Алегу не хацелася, ён сеў тут жа, дзе стаяў, і, не працёршы нават акуляраў, абыякава павярнуўся да акна сядзеў і паныла глядзеў на пацішэлы ад дажджу і позняга часу горад.
Жавейку было крыўдна, што Тоня вось так, як яму здавалася, без усялякай на тое прычыны пайшла ад яго. Проста сабралася і проста пайшла. Не растлумачыўшы, што да чаго, чаму. I ад гэтага яму было яшчэ болей балюча. Думалася, што каб была на тое нейкая сурёзная прычына маўляў, пяніца, дэбашыр, распуснік, лайдак здраду жонкі ён перажыў бы, пэўна, лягчэй.
Алег і не заўважыў, як тралейбус прыйшоў на апошні свой прыпынак, як выйшлі ўсе пасажыры, а на іх месца гаварліва натаўхаліся новыя, як яны зручней усаджваліся, крычалі адно аднаму: «Хадзі сюды, тут ляпей»; і толькі калі ў расчыненыя дзверы данеслася: «Грамадзяне пасажыры! Скоры поезд нумар васямнаццаць Вюнсдорф Масква адправіцца праз пяць мінут», ён схамянуўся і, нібы прачнуўшыся, убачыў перад сабою чыгуначны вакзал, дзе віравалі людзі, дзе было светла, успомніў, што менавіта гэтым цягніком яны з Тоняю ездзілі да яе бацькоў, і адразу ж падумаў, што ён якраз прыехаў туды, куды трэба: вакзал жыве і ўночы, як удзень, тут заўсёды людна, і яму сярод людзей не будзе так самотна.
Ён хуценька падхапіўся і, распіхваючы пасажыраў, якія націскаліся і ў пярэднія дзверы і зараз злаваліся на яго: «Што, ён праспаў, ці што? Не, відаць, пяны», паспяшаўся да выхаду і ледзь паспеў скочыць на тратуар адразу ж за ім зачыніліся дзверы, і тралейбус крануўся з месца.
Вакзал, як заўсёды, жыў сваім неспакойным і паспешлівым жыццём. Тут усе кудысьці ішлі, беглі, спяшаліся, у дзвярах заўсёды было многа людзей і тых, што ўваходзілі, і тых, што выходзілі, яны сутыкаліся між сабою, заміналі адно аднаму, злаваліся маўляў, стане ў дзвярах і стаіць, а з-за яго не прайсці аніяк, чапляліся чамаданамі, авоськамі, клункамі за дзверы, прытрымлівалі іх нагамі, каб лепей было праходзіць.
І на самой плошчы мітусіўся натоўп. Спачатку, не прыглядаючыся, нельга было зразумець, хто і куды ідзе здавалася, па тратуары без усялякай мэты цячэ цэлая рака галоў, толькі Алег ведаў, што кожны ў гэтай рацэ ідзе менавіта туды, куды яму трэба: адзін спяшаецца да касы, другі цягне на платформу чамаданы, трэці толькі што прыехаў і шукае стаянку таксі.
На вакзале, хоць Жавейка і разумеў, што ён чужы гэтаму натоўпу, дзе ўсе некуды заклапочана спяшаюцца, у яго ж тут няма ніякай спешнай справы, усё роўна яму было спакайней і весялей.
Яму нібы перадаліся дарожная ўзбуджанасць і хваляванне людзей, якія тут ужо называліся пасажырамі, і ён, разам з усімі, падоўгу стаяў перад вялікаю шыльдаю, вывучаў расклад руху цягнікоў, націскаў на кнопкі і нецярпліва сачыў, як гартаюцца металічныя старонкі механічнай даведкі, а потым доўга і пільна ўглядаўся ў іх, быццам яму дужа важна было ведаць, калі цягнік выходзіць з Вюнсдорфа і ў колькі ён прыбывае ў Маскву.
Стаяў між людзьмі ў чарзе перад буфетам, спяшаючыся, піў халодную і вадзяністую вакзальную каву, нервова, як і ўсе, пазіраў на гадзіннік быццам бы і яго цягнік вось-вось павінен быў адыходзіць.
Калі абяўлялі чарговую пасадку, ён разам з тымі, хто адязджаў, спяшаўся на перон, шукаў патрэбную платформу, штурхаўся між пасажыраў, якія нецярпліва ўсё дапытваліся, з хваста ці з галавы будуць першыя вагоны, альбо, ужо супакоеныя, стаялі ціха і адно толькі раз-пораз пазіралі ў той бок, адкуль павінен паказацца цягнік.
Яшчэ нядаўна на вакзалах у чаканні начных электрычак таўкліся грыбнікі і грыбніцы: мужчыны з кошыкамі, у гумовых ботах, у шапках, жанчыны у завязаных пад бараду хусцінках, у старых світэрах. Яны ехалі апошнімі электрычкамі там, у лесе, пасядзяць, пакуль развіднее, а потым удзень іх можна будзе ўбачыць у горадзе з поўнымі вёдрамі і кашамі: адны лісічкі ды сыраежкі, а наверсе выкладзена дзеля форсу пара якіх баравічкоў.
Цяпер жа натоўп быў іншы ён лепей апрануты і не такі аднастайны. Калі прыходзіў цягнік, тыя, што адязджалі, садзіліся ў вагоны, а тыя, што іх праводзілі, стаялі на пероне і глядзелі ў вокны. Адпраўлення заўсёды даводзілася чакаць, і таму людзям надакучала стаяць, глядзець, быццам нямым, у акно і, нічога не гаворачы і нічога не чуючы, разумець, што і там, у вагоне, таксама стомлены гэтай змушанай нямою размоваю, бачыць, як побач з табою справа, злева людзі адно толькі варушаць губамі, паказваюць нешта на мігі, махаюць рукамі, ківаюць галовамі, усміхаюцца, бо ўсё ўжо даўно сказана ці дома, ці на вакзале, і ўсе зараз, здаецца, чакаюць толькі аднаго каб хутчэй пайшоў цягнік.
Тут ніхто на яго не звяртаў увагі. Ён таксама асабліва не заўважаў нікога, і гэтая пара, якая так шчыра развітвалася каля вагона, трапілася яму на вочы зусім выпадкова: проста ён зачапіўся за партфель, што стаяў ля іхніх ног, і толькі тады ўбачыў іх саміх. Прыціснуўшыся адно да аднаго, яны, нібыта побач нікога не было, нібыта, схаваныя ад людскіх вачэй, яны былі ў наглуха зачыненай і зашторанай хаце, горача цалаваліся: яна ўсім целам падалася наперад, нібы вісела на ім, і, заплюшчыўшы вочы, аж прыўзнімалася на дыбачкі, каб дастаць да ягоных вуснаў; ён, крыху вышэйшы за каханую, неяк пяшчотна нагнуўся над ёю, адною рукою гладзіў яе па валасах, а другою трымаў за талію нібы прыўзнімаў да сябе, памагаючы ёй стаяць на пальчыках.