Сіпакоў Іван Данілавіч - Двое на вуліцы стр 3.

Шрифт
Фон

Было якраз лета, шчодра свяціла сонца, і цягнік падышоў да станцыі, спавіты ў святло і ззянне,  Алег і сёння, вось зараз, праз гэтую шэрую дажджлівую непагадзь нібыта наноў бачыў, як ён увесь пушысты ад промняў набліжаецца да перона.

У гэтым цягніку яны і пазнаёміліся.

Студэнты шумнаю гурмою ехалі дадому, каб нейкі час пабыць з бацькамі перад тым, як зноў разязджацца ў студэнцкія будаўнічыя атрады, на практыку, у экспедыцыі.

Хлопцы і дзяўчаты весяліліся, нават дзяцініліся, рагаталі і спявалі пад гітару просценькімі галасамі свае просценькія студэнцкія песні.

Яна ж сядзела насупраць яго і чытала кнігу. Доўгія, белыя, як лён, валасы, разабраныя на дзве пасмы, вольна спадалі на столік, захіналі нават яе твар, вочы: Алегу здавалася, што валасы засцяць ёй кнігу, замінаюць чытаць, і яму вельмі ж да няўсцерпу хацелася адхінуць іх. А можа, і не столькі адхінуць, як проста дакрануцца да іх мяккіх і зваблівых.

І ён не стрымаўся. Далікатна, ласкава так адгарнуў яе валасы, спачатку з аднаго боку, потым з другога, захінуў пасмы за яе маленькія, зграбныя вушы яна, відаць, здзіўленая і ўражаная, нават не зварухнулася, засяроджаная, як і да гэтага, глядзела ў кнігу і рабіла выгляд, што чытае. Потым сарамліва падняла вочы, разгублена паціснула плячыма і сказала:

 А вы смелы.

 А вы прыгожая,  адказаў ён, і яны абое немаведама чаго рассмяяліся, а студэнты, якія, здавалася, і не зважалі на іх, тут жа закрычалі «горка» і пачалі пацешна спяваць ім вясельныя песні.

Але зараз і іхнія песні, і іхні смех, і нават іхняя гітара, якая, кепска наструненая, брынькала не дужа каб цікава, нібыта здаліліся для іх дваіх; зараз усё гэта злівалася ў нейкі агульны, далёкі-далёкі шорах і патрэскванне: здавалася, што гэта недзе ў другім свеце шэпча слоў не разабраць радыёпрыёмнік, які нехта выключыў не да канца, і той усё яшчэ хрыпіць, абыякава змешваючы розныя хвалі.

Малыя таксама пасябравалі з цёцяю Тоняю. Ды так, што жанчыны, якія зайшлі ў вагон пасля, падумалі нават, што гэта яе дзеці. I калі, развітваючыся на бабуліным разездзе, хлопчык вельмі лашчыўся да яе, а дзяўчынка не хацела злазіць з каленяў, калі Алег вёў пляменнікаў да выхаду, ён чуў, як жанчыны, не хаваючыся, дзівіліся: «Глядзі ты, збыла ўжо салдату сваіх дзяцей. Ды хутка як. А той, дурань,  за рукі і павёў».

Потым Тоня сама прызнавалася яму:

 Ведаеш, як ты адсланіў мае валасы, як убачыла я цябе Бог мог, думаю, які прыгажун сядзіць, які бравы: усе грудзі ў медалях! I яшчэ ўбачыла, як да цябе малыя прыліплі і як ты ўмееш з імі забаўляцца, таксама падумала: Бог мой, во некаму такое шчасце на галаву зваліцца.

 I я пра шчасце ўспомніў, калі ўбачыў цябе. Гляджу, як малыя мае да цябе горнуцца, і таксама думаю: во некаму жонка добрая будзе.

Таму Алег адразу ж, як толькі дэмабілізаваўся, пазваніў ёй па міжгароднім тэлефоне ў студэнцкі інтэрнат.

 Што ты робіш?

 Вучу стараславянскую мову. А ты?

 А я да вяселля рыхтуюся.

 Што, што?  крыху насцярожылася яна.

 Да вяселля, кажу, рыхтуюся. Самагонку ганю, шлюбны касцюм шыю ведаеш, чорны такі, строгі, з беленькаю насовачкаю ў кішэньцы. Нішто сабе атрымліваецца, чуеш?

 А хто ж у цябе жэніцца?  Тоня старалася гаварыць спакойна, але ён адчуваў, што яна напружана чакае яго адказу.

 Як хто? Сам!

Дзяўчына крыху памаўчала: навіна яе здзівіла, і яна абдумвала, што гаварыць далей.

 Ну, а хто ж такая шчаслівая? Тая, каго ты бярэш?  яшчэ больш насцярожана пыталася Тоня, а сама зноў жа думала, як сябе паводзіць, калі пачуе раптам імя сваёй суперніцы.

 А ты спытайся ў сябе самой, ці шчаслівая ты.

 Чаму?

 Таму, што я з табою жанюся!  закрычаў ён колькі сілы ў трубку.

Яна засмяялася.

 Бог мой, ён рыхтуецца да вяселля, шые сабе шлюбны касцюм, а я, яго нарачоная, нічога пра гэта не ведаю.

 Дык вось я і званю, каб сказаць, што ты выходзіш за мяне замуж.

Яна ўжо нічога яму не адказвала, адно, не стрымліваючыся, шчыра смяялася у трубцы толькі і чуваць было яе «ках-ках-ках-ках».

Яму і потым, калі яны пажаніліся, вельмі падабаўся гэты яе смех. З розных гарадоў, з розных камандзіровак ён званіў жонцы па тэлефоне-аўтамаце, і калі манеты канчаліся, а на табло ўспыхваў надпіс: «Засталося 30 секунд», Алег, спяшаючыся, крычаў у трубку: «Усё, бывай», а затым паўтараў адно толькі слова: «Цалую, цалую, цалую». Яна шчыра смяялася Тоні, вядома ж, падабалася гэта,  а ён «цалаваў» яе, аж пакуль аўтамат неяк бязгучна, без пстрыкання і без гуду проста тухла табло, і ўсё не разядноўваў іх. У кабіне адразу рабілася ціха-ціха, а ў яго ў вушах усё яшчэ гучала яе радаснае і шчаслівае «ках-ках-ках-ках-ках»

Тады ж пасля Алегавага тэлефоннага званка Тоня пра гэта яна расказвала потым,  усё яшчэ смеючыся, вярнулася ў свой пакой. Дзяўчаты насцярожыліся.

 Што з табою?  спыталіся ў некалькі галасоў адразу.

 Дзяўчаткі, Бог мой, павіншуйце мяне,  крыху адсмяяўшыся, адказала яна.  Разумееце, я выходжу замуж і сама нават не ведаю пра гэта.

Тады стрымана, хоць і шчыра, засмяяліся сяброўкі дзяўчаты смяюцца не ўсе разам, а кожная сабе, і таму такога дружнага рогату, як у хлопцаў, у іх не бывае.

 Ён ужо касцюм шлюбны шые. Да вяселля рыхтуецца. Самагонку гоніць.

 Хто ён?

 Ну Алег, салдат той. Памятаеце, я вам расказвала?

Яна, расчырванелая, смяялася нязмушана, абдымала дзяўчат, цалавала іх, і ёй было вельмі прыемна, што яна выходзіць замуж.

А праз колькі дзён Алег прыслаў пісьмо, а ў ім кароценькую, спісаную аднекуль інструкцыю па шыццю шлюбнага ўбору: «Сукенка нявесты па традыцыі шыецца з белай тканіны натуральнага ці штучнага шоўку, мяккай шэрсці, тафты, гіпюру, баваўняных карункаў на атласнай падкладцы, шаўковага ці баваўнянага піке. Яна можа быць кароткай ці доўгай. Кароткую сукенку і пасля вяселля можна насіць, як святочную, калі зняць некаторыя ўпрыгожванні. Доўгая больш урачыстая, яе надзяваюць толькі адзін раз на вяселле».

Словам, тое шчасце, пра якое яны абое падумалі ў першую сваю сустрэчу, раптоўна абвалілася на іх, сагрэла сваёю цеплынёю і ласкаю, падаравала ім пацешнага сына, іхняга Вовачку, якім яны не маглі нарадавацца, і блізка каля дзесяці год яднала і цешыла, нібы маладажонаў падчас мядовага месяца.

I таму нейкім недарэчным жартам здалася яму тая запіска, банальна пакладзеная на стол,  колькі ўжо такіх запісак нечакана знаходзілі на сваіх сталах мужчыны ў розных кнігах і кінафільмах!  прыціснутая цукеркаю, каб не знёс вецер, які пырхаў пры адчыненым акне. Яму хацелася, каб гэта быў сон і каб, прачнуўшыся, ён нічога не ўбачыў на стале, але гэта была ява, і запіска напраўду ляжала перад ім.

«Алег, даруй мне, але інакш я не магу. Мы з Вовам выходзім замуж і пакідаем цябе. Не шукай нас і не спрабуй што-небудзь змяніць,  змяніць ужо нічога нельга. Бывай здароў і жыві як хочацца. З прывітаннем Тоня».

* * *

Ён ніколі не быў раўнівы.

Нават тады, калі ў кватэру над імі, на апошні, пяты паверх, пасяліўся малады лейтэнант са сваёю жонкаю, з якім яны неяк адразу пазнаёміліся і які часта пачаў да іх заходзіць. Алег заставаўся спакойны, бо раўнаваць жонку не было ніякіх падстаў: лейтэнант прыходзіў, калі ён сам быў дома, гаварыў з жонкаю пры ім і не дазваляў сабе нічога такога, што б магло насцярожыць.

Праўда, калі яны часам семямі гулялі ў карты, яму было неяк крыху неспакойна. Ён не хацеў быць у пары з жонкаю, бо калі яны прайгравалі, яму было крыўдна і няёмка. Але ён не хацеў таксама, каб Тоня гуляла з Сашкам, бо калі яны, пераміргваючыся, пераглядваючыся, усміхаючыся адно аднаму, выйгравалі, яму зноў жа было непрыемна і раўніва: бач ты іх, разумеюць адно аднаго з паўслова. Але гэта былі дробязі, і ён хутка пра іх забываўся.

Ранейшы іхні сусед зверху, які зараз пераехаў у новую, большую кватэру, быў мнагадзетны яны з жонкаю мелі шасцёра ці нават сямёра дзяцей,  не гаваркі і таму часцей за ўсё маўчаў: нярэдка, калі сустракаліся ў падездзе, ён, задумаўшыся, мог нават не павітацца відаць, увесь час быў заняты думкаю, як накарміць і ў што апрануць такую грамаду дзяцей. А лейтэнант Сашка аказаўся таварыскім хлопцам ён заўсёды знаходзіў прычыну, каб пабываць у суседзяў: летам яму дома было горача маўляў, ведаеш, так напякло сонца ў дах, што ў хаце, як у інкубатары,  спякота, хоць ты задыхніся, у адных трусах і то млосна; зімою яму было холадна ведаеш, снег жа над галовамі ляжыць, мароз як ціскане з усіх бакоў, дык здаецца, што бетон, нібы шалупінне, трашчыць: то пусціце пагрэцца ў вашу сямю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3