Па акне барабаніў дакучлівы дождж. Маленькія кропелькі на шыбах хутка большалі ад дажджынак, увачавідкі цяжэлі і, нібы пабраўшыся за рукі, паволі скраналіся з месца. Спачатку яны паціху сунуліся ўніз, убіраючы ў сябе ўсё больш і больш гэткіх жа, як самі, кропелек усё набіралі разгон, а потым імкліва, нібы ўрэшце адважыўшыся, віхляючы, быццам тыя рухавыя галавасцікі-апалонікі, шукаючы зручнейшай, пракладзенай ужо да іх на мокрым шкле сцяжыны, паспешліва кідаліся ўніз і імчалі ўсё хутчэй і хутчэй, пакідаючы за сабою вільготныя, звілістыя пісягі.
Ён глядзеў на гэты імклівы рух нават вока не заўсёды магло прасачыць, як дажджыны, нібы жывое што, мільгалі па шыбе, і яму здавалася, што гэта не кроплі бягуць па шкле, а ідзе нейкае паспешлівае, хапатлівае перасяленне цэлай калоніі галавасцікаў.
Успомніў, што гэтая думка прыйшла яму не зараз, зараз яна толькі паўтарылася. Так падумалася яму неяк раней, дома, ці не ў тую яшчэ восень, калі ён, адзінокі, у кепскім настроі сумна сядзеў у пустой кватэры і бяздумна, тужліва глядзеў у мокрае ад нуднага дажджу акно, па якім, як вось і сёння, кудысьці спяшаліся хапатлівыя кроплі-галавасцікі; калі за акном, пад вялікім знадворным градуснікам, нібы пад носам, вісела, хітаючыся ад ветру, і ўсё ніяк не магла адарвацца вялікая дажджавая кропля.
Успомніў пра хату, падумаў, як там зараз пуста і не па-жылому холадна, як ходзіць, пэўна, па кватэры вецер, як дзьме ён у неагледжаныя вокны, як ад яго павеву калышуцца фіранкі і шторы раніцою аж боязна ўставаць, і яго зноў скаланула, нібы ад той самай кроплі, што трапіла нядаўна за каўнер. Падумаў, што і муха, якая жыла ў яго хаце і якой ён заўсёды пакідаў нешта з ежы, мусіць, таксама здохла на гэты раз, збіраючыся ў камандзіроўку, ён забыўся на яе і нічога не пакінуў.
І нібы наяве, выразна пачуўшы, як гулка адбіваюцца ў яго кватэры крокі, ён міжволі злавіў сябе на думцы, што ехаць дадому яму не хочацца.
У аўтобусе спалі. Лёша Лясун хроп, прысланіўшыся галавою да шыбіны, калі аўтобус падкідала, яго валасы праціралі мокрае, запацелае шкло. Радзік соладка спаў, далёка назад адкінуўшы сваю галаву, яна матлялася як не пад самым носам у Жавейкі: ён нават чуў, што ад яго валасоў густа пахне ўчорашнім дымам, які так уеўся, што і за кароткую ноч яны позна ляглі і рана ўсталі не паспеў выветрыцца. Радзікава галава матлялася па плячах так бездапаможна і нежыццёва, нібы чужая, нібы прыстаўленая, што Жавейку нават непрыемна было на ўсё гэта глядзець, і яму міжволі муляла такая дзіўная думка: маўляў, а ці зможа ён, прачнуўшыся, падняць яе, і ці зможа шыя зноў стаць пругкаю і моцнаю, каб, як і да гэтага, трымаць на плячах галаву. Уявіў, што, відаць вось так, калі ён спаў, матлялася і яго галава, і яму стала няёмка, што нехта і пра яго мог падумаць гэтак жа, як ён толькі што думаў пра Радзіка.
У аўтобусе кожны спаў так, як яму было зручней і як дазваляла дарожная неўладкаванасць. Абвёўшы вачыма ўсіх, хто спаў, Алег успомніў, што менавіта так спяць на вакзале.
Усе навокал спалі, і толькі на пярэднім сядзенні ціха, нібы шэпчучыся, размаўлялі два дзядзькі відаць, вясковыя, відаць, ехалі ў горад да сваіх дзяцей: праход ля іх быў застаўлены кашамі, мяшкамі, авоськамі.
Жавейка прыслухаўся пра што яны гавораць?
Яно, калі ты пайшла ўжо на гэтых сірот, дык і маткай старайся ім быць, а не мачахай. А калі адчуваеш, што не зможаш, дык і не рыпайся, не ідзі за ўдаўца замуж.
Ага. А то сваіх панадзявае, прыбярэ, як лялек, у іх і касцюмчыкі, у іх і чаравічкі, а гэтае дзіця няшчаснае як не босае ў школу бегае: ёй хоць бы на капейку чаго з горада прывезла.
Тую, пра каго дзядзькі гаварылі, яны, відаць, добра ведалі абодва.
Яно і бацька вінаваты. Іншы бубухнуў бы пару разоў, дык і мачаха была б як мачаха шаўковаю б зрабілася. А гэты ж маўчыць.
Ага, не кажы ты, маўчыць
З суседняга сядзення павярнуўся да іх, сеў якраз тварам на праход зусім старэнькі дзядок:
Вось вы тут, чую я, усё «мачаха» ды «мачаха» гаворыце. А іншая мачаха, каб вы ведалі, часам лепей за родную матку дзяцей глядзіць. Матка вунь спілася, прыйшла, чаравікі ў роднай дачкі ўкрала і ўцякла. А мачаха сядзіць ля дзяўчынкі, слёзы ёй выцірае дый супакойвае: «Не плач, дачушка, мы табе новыя справім». А вы кажаце мачаха
Дык што вы раўняеце? Якая ж гэта матка, калі яна спілася? А гэта ж здаровая і не глядзіць.
Дзед праўду кажыць, таксама павярнулася на размову немаладая ўжо жанчына і нават адхінула хустку з вуха каб лепей чуць. У мяне вунь у самой матка замуж за ўдаўца выйшла. І ці паверыце, так ужо баялася, каб яе ніхто не папікнуў, што яна сіротак не глядзіць. Дык ім усё лепшае аддавала, усё ў першую чаргу. І так яна ўжо гэтых чужых дзяцей глядзела, што мне, малой, нават не падабалася, што яна мне родная матка, хацелася, каб і ў мяне мачаха была.
А не выдумляй ты, цётка, абы-чаго няма такіх мачах.
Яй жа Богу, праўду кажу. Каб мне з гэтага месца не сысці, што праўда
Апошнім часам Жавейку здавалася, што ўсюды людзі толькі пра гэта і гавораць: той развёўся, тая кінула свайго мужа, нехта гадуе чужых дзяцей быццам бы ўсе толькі тое і робяць, што разводзяцца, жывуць з чужымі дзяцьмі і кожнаму стрэчнаму пра гэта расказваюць. Ды ён разумеў, што людзі і жывуць шырэй, і гавораць шмат пра што іншае, але ўсё гэта лёгка абыходзіць яго, а ягонае насцярожанае вуха ловіць толькі тое, што баліць і яму самому.
Скажам, хіба, да прыкладу, у той халодны восеньскі дзень, калі ліў такі ж самы, як сёння, дождж, ён мала каго сустракаў на мокрай і няветлівай вуліцы. Але ж запомніў бадай што толькі іх бацьку і сына. Бацька быў цёпла апрануты, ён размашыста шыбаваў па лужынах, а побач з ім у адным пінжачку, без куртачкі бег малы дождж ліў яму за каўнер, хлопчык уцягваў галаву ў плечы і ўсё стараўся глыбей у кішэні схаваць свае паакрэплыя на дажджы і холадзе рукі, усё спрабаваў нешта загаварыць да бацькі, але той маўчаў. Жавейка здзівіўся, што ў чалавека так і не зявілася жадання захінуць малога хоць крысом бліскучага ад дажджу плашча, зашпіленага на ўсе гузікі, нават башлык быў насунуты на галаву і завязаны пад барадою.
Вось тады, седзячы дома каля акна, ён глядзеў на халодную кроплю пад градуснікам, на галавасцікаў, якія спяшаліся па шыбах немаведама куды, а перад вачыма ў яго ўсё стаялі тыя двое бацька і сын.
А можа, той мужчына, які вёў хлопчыка ў дзіцячы сад, ніякі не бацька малому? А хто ж ён тады? Выпадковы чалавек? Прымак? Знаёмы? Сябра яго маці на адну толькі ноч? А можа, усё ж бацька, але пяніца? Не, на пяніцу ён не падобны. Жавейка бачыў балазе дзіцячы сад у яго пад самымі вокнамі, як пяныя бацькі забіралі часам дадому дзяцей. Яны затульвалі малых ад ветру, захіналі лацвей у палітончыкі, ішлі, хістаючыся ва ўсе бакі, іх заносіла, але яны ўважліва глядзелі, каб не наступіць малым на ногі, і моцна трымалі сына ці дачушку за ручаняткі: пяніцы напачатку бываюць, дарэчы, вельмі чуллівымі.
Жавейка сам сабе празваў гэтага мужчыну «мачахай», грэбліва ўспамінаў яго, асуджаў і разумеў, што ён дужа кепскі чалавек. Бо калі б быў хоць крыху лепшы, то, не зважаючы на тое, кім даводзіцца яму малы, абавязкова захінуў бы хлопчыка ад дажджу.
Думаў і пра свайго сына. Як ён там? Хто яго водзіць зараз у сад? Хто забірае дадому? Ці ўспамінае ён бацьку?
Вова сніўся яму зараз як не кожную ноч. I ўдзень ён у многіх хлапчуках пазнаваў яго і гатовы быў бегчы за кожным, хто нават са спіны быў падобны на сына.
* * *
Яны жылі з жонкаю дружна і хораша.
Хоць пазнаёміліся зусім выпадкова, сустракаліся таксама вельмі мала і да жаніцьбы, як кажуць, амаль што «не хадзілі» толькі пісьмамі віталіся, але сямя ў іх атрымалася шчаслівая.
А пазнаёміліся яны з Тоняю ў дарозе.
Тады ён апошні год служыў у арміі і, атрымаўшы водпуск, ехаў дадому. Але раней чым заехаць да маці, якая адна, чакаючы яго, жыла ў вёсцы, ён рашыў паказацца сястры Аленка выйшла замуж. У гарадок, што ляжаў якраз на паўдарозе ў родныя мясціны: маўляў, няхай паглядзіць на брата, у якога «ўсе грудзі ў медалях» крыху значкоў у Алега было сваіх, крыху, для важнасці, ён пазычыў у сяброў і ўсё гэта начапіў на гімнасцёрку. Ён пагасцяваў колькі дзён у сястры, падружыўся з яе старэйшым сынам у дзядзькі, апроч значкоў, была яшчэ і ракетніца, а таму малы нават у першы ж дзень ніяк не мог дачакацца вечара, калі можна будзе запусціць ракету. Хлопчык дужа ўпадабаў дзядзьку Алега, і калі той збіраўся адязджаць, ён так плакаў, так прасіўся ехаць разам з ім да бабулі, што давялося яго ўзяць з сабою. А потым, калі расплакалася і сястрына дачушка, якой таксама заманулася да бабулі, узяў нават і яе