Дзяцей у іх пакуль не было, але лейтэнантава жонка хадзіла ўжо на россыпе. Сашка радаваўся гэтаму, выбіраў сыну імя, а калі прыходзіў да іх, гуляў з Вовачкам і падміргваў Алегу: «Ну, хопіць, хопіць табе задавацца. Хутка і ў нас свой Вовачка будзе». I, гладзячы малога па галоўцы, пытаўся ў яго: «Вова, а ты будзеш з нашым Вовам дружыць?»
Але аднойчы Сашка прыйшоў да іх сумны.
Чаго гвардыя галаву павесіла? пацікавіўся Алег.
Маўчы ты, кепскія нашы справы, заклапочана адказаў лейтэнант.
Высветлілася, што Ірка хадзіла ў жаночую кансультацыю. I там доктарка ці то зусім нявопытная дзяжурыла, ці то яна сапраўды была злая і зрабіла гэта знарок, уважліва агледзеўшы жанчыну, нібы між іншым спыталася ў яе: «А навошта гэта вы зацяжарылі? Вы ж бачыце, які ў вас вузенькі таз? Вы ж не зможаце радзіць».
Хоць доктарка потым і суцяшала яе, Ірка вярнулася дадому заплаканая. Яна, перапалоханая, плакала і дома, Сашка супакойваў яе, але і сам крыху разгубіўся: калі так гаворыць доктар, то тут, мусіць, нешта ёсць.
Расказаўшы пра ўсё гэта Алегу, Сашка ўважліва, нібы вывучаючы, правёў позіркам па Тоніным паўнаклубым стане і паспрабаваў нават пажартаваць:
Пазычыў бы ты нам сваёй Тоні. Мы б радзілі Вовачку, а пасля зноў бы табе вярнулі яе.
Алегу гэта не спадабалася, яму здалося, што жарт выйшаў грубавата-няўдалы, але ён прымусіў сябе ўсміхнуцца не будзеш жа злавацца на чалавека, якому і без цябе горна і сам адказаў жартам:
Што ты ў мяне пытаеш? Тоня табе трэба, з Тоняю і дамаўляйся.
Алега трохі здзівіла, што Тоня, заўсёды вельмі грэблівая да такіх непрыстойнасцей, на гэты раз нібы нічога і не заўважыла. Але яго яшчэ болей здзівіла тое ўзрушэнне, якое нечакана запаланіла жонку, калі Ірка нарэшце нарадзіла дачку ад сполаху, відаць, трохі раней часу, але жывенькую і здаровенькую.
Тоня ўсхвалявана, горача абмяркоўвала з Сашкам, што трэба купіць малой, пярэчыла яму маўляў, не гэта, а лепей вось гэта, прапаноўвала штосьці сама, бегала з нявопытным бацькам па магазінах: увечары яны вярталіся дадому з поўным наруччам нейкіх пакетаў, клункаў, каробак, увязак, адкуль вытыркаліся пялёнкі, цацкі, паўзункі, якіх Алегу здавалася, што пакупцы купляюць якраз не тое, што трэба, і так ужо было поўна ў лейтэнантавай кватэры. Тоня расчырванелася, яе перапаўняла незразумелае нервовае ўзбуджэнне, яна ўся аж свяцілася ад радасці, і таму збоку магло здацца, што гэта не Ірка, а яна нарадзіла лейтэнанту дачку. За новымі, непрадбачанымі клопатамі жонка нібыта забылася нават пра свайго сына, і калі той пачынаў плакаць, нехаця брала яго за руку і цягала разам з сабою па магазінах. Алегу гэта не падабалася, ён пачуваўся нібыта лішнім ва ўсім гэтым чужым свяце і таму спрабаваў трохі ахалодзіць, прысароміць жонку:
Чаго ты разбегалася? Супакойся. А то людзі смяяцца будуць.
Кінь ты, Алежка. Гэта ж малое. А яму ўвага трэба. Ты сам не радзіў, дык і не ведаеш. Табе лёгка было я ў вёсцы ў маці і хадзіла Вовачкам, і радзіла там, табе ўжо гатовага сына прывезла. Ты ж і не купаў яго, і пялёнкі не мыў. Помніш, як ён ад цябе, нібы ад чужога, адварочваўся, калі ўпершыню ўбачыў. А тут жа і парадзісе памагчы трэба. Яна ж вунь якая хворая нічога пакуль рабіць не можа.
Алег жа бачыў, што парадзісе таксама не падабаецца гэтая яе мітусня. Ірка ляжала ў ложку сярод белых прасцін, неяк іранічна, нават грэбліва глядзела на Тоніна ўзрушэнне, кідала ўстрывожаны погляд на мужа, які раптам часцей пачаў раіцца не з ёю, жонкаю, а з гэтаю, незнаёмаю яшчэ нядаўна, чужою яму і зараз, жанчынаю.
Пакуль Ірка яшчэ ляжала, не хадзіла, яна сяк-так цярпела Тоніну дапамогу, а як толькі крыху ачуняла, адразу ўзялася рабіць усё сама. Але ж Сашка ўсё роўна, калі жонка выходзіла куды ў магазін, адразу прыбягаў да іх:
Тоня, памажы малое плача.
Тоня, чым бы яна ні займалася, тут жа кідала ўсю сваю працу, выцірала рукі аб фартушок і, крыкнуўшы мужу з кухні: «Алег, глядзі, каб бульба не прыгарэла», у чым стаяла у халаце, дык у халаце, у кароценькай сукеначцы, дык у сукеначцы бегла разам з Сашкам да яго ў кватэру. Алег бачыў, што такое ёй да душы, што яна ўжо штораз нецярплівей чакае Сашкавага званка. Алегу такія запросіны не падабаліся, але ён усё роўна глядзеў на іх пакуль што спакойна і не думаў пра большае: ну і што, калі яна збегае, ну і што з таго, калі яна паняньчыць, супакоіць дзіця.
Дарэчы, ён і сам, незаўважна для сябе самога, пачаў клапаціцца пра лейтэнантавага першынца. Калі ў Іркі знікла малако, Алег пазнаёміў Сашку з Анцяй, прыгожай, паўнагрудай мантажніцай з іхняга завода. Яна якраз тады таксама радзіла, і ў яе было столькі малака, што сваё малое не паспявала папіваць. У яе ўжо брала малако яшчэ адна парадзіха, але Анця не адмовіла і Сашку. Адно толькі яна папрасіла за гэта добрыя грошы, таму Сашка, вярнуўшыся з поўнай бутэлечкай, жартаваў:
Ого, дык твая знаёмая, глядзі, круглы год запускацца не будзе. Мільянершай стане.
Сашка штодзень бегаў да Анці па малако, але, нягледзячы на гэта, паспяваў зазірнуць і да іх. Пазней ён пачаў прыбягаць па Тоню і пры жонцы:
Хадзем, малая плача, а Ірка яе супакоіць не ўмее.
Ён, Алег, значыць, нічога благога не заўважаў, а Ірка тая ўсё бачыла. I таму, калі Алег неяк выпадкова сустрэўся з ёю на вуліцы і, павітаўшыся, хацеў прайсці міма, яна затрымала яго за рукаў:
Слухайце, ці гэта вы напраўду сляпы і нічога не бачыце, ці толькі прыкідваецеся?
А што здарылася, Іра?
Госпадзі, а вы і праўда, відаць, сляпы, у яе вачах стаялі слёзы, і Алег адчуваў, што яна вось-вось расплачацца, слёзы пачнуць выкочвацца зусім і пабягуць па вейках, па зморшчынках. Хіба вы не бачыце, што яны здраджваюць нам?
Хто яны? не прыдумаўшы адразу што-небудзь разумнейшае, спытаўся Алег і сам зразумеў, што гаворыць не тое: вядома ж хто яны!
Але Іра цярпліва патлумачыла яму:
Госпадзі, ды мой Сашка і ваша Тоня.
I цяпер ужо яму здалося, што ў вачах яе, дзе ўсё яшчэ стаялі, як замарожаныя, слёзы, нібыта праз лёд праступала злосць і нянавісць не толькі да Сашы і Тоні, але нават і да яго, хто нічога не бачыць і нічога не робіць, каб усё гэта спыніць.
Ён, папраўляючы акуляры, калі Алег хваляваўся, у яго заўсёды пацела пераноссе і акуляры самі сабою спаўзалі з носа, пачаў супакойваць жанчыну:
Кінь ты, Іра, гэта табе здалося. Тоня проста памагае вам, яна хоча, каб табе лягчэй было.
О, Госпадзі, Госпадзі, толькі адказала на гэта Іра і, не азіраючыся, пайшла прэч.
Пасля Алег зразумеў, што ў кватэры над імі нелады: адтуль часам чуўся прыглушаны плач, ціхі звычайны голас «бу-бу-бу», здаралася, зрываўся на крык, там нервова хадзілі па падлозе, там штосьці падала, кацілася па масніцах, нібы рассыпаныя пацеркі.
Гэта, пэўна, ваявала Ірка. Яго ж Тоня была спакойная: яна нібыта і не чула, што робіцца над імі, нібыта ўсё гэта яе і не цікавіла, хоць Алег заўважаў сяды-тады, як яна, мыючы што ці шыючы, раптам сцішвалася на хвіліну-другую і да чагосьці таксама прыслухоўвалася.
Алег разумеў, што Ірка ваюе за сваю сямю, за мужа, за дачку, якіх, як яму здавалася, ніхто і не хоча ў яе адбіраць. Ён ведаў, што ад разгневанай жанчыны можна чакаць чаго хочаш, але пра такое чамусьці не думаў: Ірка паскладала ў чамаданы сваё цёплае адзенне, забрала нават летнія сукенкі значыць, збіралася яна не на нейкі час, а, відаць, назаўсёды, калі падумала і пра лета, узяла на рукі малую і, нягледзячы на дажджлівае надворе, паехала да свае маці некуды аж за Дуброўна.
Сашка зайшоў да іх сумны, разгублены.
Усё. Паехала. З малою. Так што я зараз халасцяк.
Тоні ж, як Алегу падалося збоку, гэтая навіна спадабалася.
Што ты кажаш? з нейкім вясёлым шкадаваннем, у якім было мала шчырасці, спытала яна. Няўжо паехала?
Сашка на гэты раз доўга ў іх не быў. Тоня прапаноўвала яму павячэраць разам з імі, выпіць чаю, супакоіцца, але сусед адмовіўся: