Янка Сіпакоў
Двое на вуліцы
* * *
© Сіпакоў І. Д., 2023
© Афармленне. ТДА «Выдавецтва Чатыры чвэрці», 2023
Жыві як хочацца
Аповесць
Напачатку, яшчэ спрасоння, ён ніяк не мог даўмецца, што яго разбудзіла, што халоднае і, як яму нават падалося, вострае, нібы цвік, дзеўбанулася ў шчаку быццам уджаліла і адразу ж скацілася за расшпілены каўнер сарочкі на грудзі, а потым, крыху ачомаўшыся і агоўтаўшыся ад сну, зразумеў: гэта, разгайданая рухам, адарвалася ад настылага жалеза і ўпала на яго зверху вялікая дажджавая кропля.
Ён сцепануўся, узняў галаву, якая, нібы не свая, адкінулася была ў сне назад, павёў плячыма і з непрыемнасцю адчуў, як кропля пад сарочкаю пакацілася па грудзях яшчэ далей, ніжэй, і там, дзе яна прайшла, целу зрабілася мокра, холадна і няхораша.
Ад нязручнага сну ў крэсле, калі галава матлялася ва ўсе бакі, ныла шыя, балелі плечы як мядзведзь на іх уссеў ды і наогул усяму яму было кепскавата-няўтульна.
Ён паварушыўся, пахітаў галавою, каб размяць зацёклыя цягліцы, адным пальцам паправіў акуляры, якія зехалі былі з пераносіцы, і ўсеўся зручней.
Аўтобус, не спяшаючыся, прадзіраўся праз восеньскую непагадзь, абязджаў вялікія лужыны на дарозе, а калі гэта яму не ўдавалася з-пад колаў далёка на ўзбочыну ляцелі густыя брудныя пырскі. Дождж са снегам сыпаў на разараныя на зіму палі, на голыя, пачарнелыя ўжо ад макрэчы кусты, што паныла праплывалі за акном.
У палях, дзе яшчэ толькі пачынала світаць, было шэра, мокра і таксама няўтульна. Тыя ж шэрань і няўтульнасць гусціліся і ў аўтобусе у ім усё было, як і на вуліцы, і толькі, можа, адно не хапала ветру і дажджу, каб поўнасцю адчуць, як холадна і зябка зараз вось там, на палявых сцяжынах, ля голых кустоў, дзе нясвежа бялеюцца нібы рудзеюць невялікія лапікі мокрага снегу, праз рэдзенькі покрыў якога праступае настылая цёмна-бурая зямля.
Праўда, спачатку, калі ён з сябрамі па непагадзі, яшчэ ўпоцемках аўтобус выпраўляўся ў дарогу дужа рана пехатою дабраўся нарэшце да раённай аўтастанцыі і, абшкробшы аб прыступку гразь з чаравікаў, увайшоў у зырка асветлены аўтобус, там яму стала раптам цёпла і ўтульна, нібы ў ласкавай і гасціннай, сагрэтай зычлівасцю хаце.
Але потым, калі выехалі з гарадка, пасажыры папрасілі шафёра выключыць святло: «Яшчэ ж рана, давайце паспім» і ў аўтобусе адразу стала гэтак жа панура і хмурна, як і на вуліцы.
Хмурна было і ў яго на душы.
Учора нарэшце яны пусцілі электронна-вылічальную машыну, якую набыла можа, для моды, а можа, яна і сапраўды там трэба невялікая мясцовая фабрыка. З іхняга завода прыязджалі сюды іншыя людзі інжынеры, мантажнікі, рабілі свае вузлы, правяралі іх і вярталіся дамоў, і толькі вось яны, трое, былі тут, у раённым гарадку, пры машыне, неадлучна цэлы месяц. Закончыўшы працу, адзначыўшы камандзіроўкі, яны сабраліся ў гасцініцы, у яго, Жавейкавым, нумары збірацца да Алега ці то дома, ці то ў камандзіроўцы было даўняю і звыклаю завядзёнкаю. І на гэты раз таксама ніхто не ўсумніўся: «Чаму гэта ўсё да Жавейкі ды да Жавейкі? Хадзем да мяне!», бо ўсе былі на дзіва перакананы, што збірацца трэба толькі там. Лёша Лясун, кучаравы, валасаты волат валасы ў яго стаялі неяк дыбка, а таму галава была падобна на буслінае гняздо узбуджана хадзіў па пакоі, узнімаў рукі ўгору, трос у паветры, нібы пагражаючы каму, сціснутымі кулакамі і басам дэкламаваў як спяваў усё роўна, пераймаючы оперных спевакоў: «Уздаць трэба на гарачае каменне! Чуеце уздаць! Ды так, каб ажно зашыпела».
Узялі пару бутэлек сухога віна. Лясун, які зусім не знаходзіў смаку ў сухім віне, зморшчыўся: «Ат, кісляццё адно» і «выбіў» сабе бутэлечку «Белавежскай»: маўляў, я на спецзабеспячэнні буду.
Яны доўга «ўздавалі на гарачае каменне», шмат курылі аж вось і зараз яго валасы пахнуць табакаю, гулялі ў падкіднога дурня.
У карты яму зусім не шанцавала ён увесь час прайграваў: і падкідаць яму, як назло, не было чаго, і адбівацца таксама не было чым. Хлопцы жартавалі: «Нічога, нічога, Жавейка, цярпі каму ў карты не шанцуе, таму ў каханні ой як ручыць». Ён смяяўся разам з імі над сваім няўмельствам, а сам думаў: «От чэрці, яшчэ пацяшаюцца! Лёгка ім пацяшацца, калі самім шанцуе і там, і там і ў карты, і ў каханні».
Аднаго, не зважаючы на тое, што ён часам можа захапіцца і лішне «ўздаць на гарачае каменне», шчыра любіць жонка ціхая, памяркоўная і клапатлівая, крыху старэйшая за яго па гадах жанчына. Яна вельмі яго даглядае вось тут, у камандзіроўцы, без яе ўвагі і ласкавых рук ён неяк пакамячыўся ўвесь, зацёрся, пабруднеў сарочкі не мые, чаравікі не чысціць, калі хочаце, нават змізарнеў і страціў той свежы выгляд, якім ён заўсёды, дзякуючы жончыным клопатам, мог пахваліцца дома.
А другі, Радзік, амаль кожны дзень бегае на мясцовую пошту і звоніць жонцы, з якою яны жывуць так ужо дружна і злагадна, што нават суседзі часам жартуюць: «Вы ўжо хоць бы калі для прыліку пасварыліся, ці што». Зараз жонка ў яго цяжарная па ёй, праўда, гэтага яшчэ не відно, але Радзік сам так кажа, а яму ж відней, і таму ён хвалюецца і за яе, і за дачку, ён чамусьці ўпэўнены, што ў яго будзе дачка, і за першага сына, які застаўся на цэлы месяц з маці.
У яго, у Жавейкі, увесь час тухла папяроска, ён часта браў са стала запалкі і прыкурваў наноў, а Лясун жартаваў і з гэтага: «Вось бачыш, папяроска таксама тухне. Значыць, нехта думае пра цябе, сумуе без цябе, чакае. Глядзі, вунь як у Радзіка папяроска ярка гарыць, бо пра яго ж ніхто не думае».
Радзік малады інжынер, амаль яшчэ хлапчук. І наіўны, наіўны. Жаніўся ён ужо даўнавата, гадоў з пяць назад, але пакуль што, відаць, яшчэ не нацешыўся з сямейнага шчасця і таму адусюль, як на злом галавы, хутчэй бег дадому да маладой сваёй жонкі.
«А каму пра Радзіка думаць? сурёзна, знарок уважліва гледзячы ў карты, вёў сваё Лясун. Жонка ў яго ёмкая, прыгожая, маладая. Хіба яна будзе сядзець дома і чакаць нейкага там Радзіка з камандзіроўкі? Вядома ж, не! Яна ўжо недзе даўно да другіх пабегла туды, дзе кампанія, віно, танцулькі»
Радзік неяк разгублена і ў той жа час дужа пільна паглядзеў на Лесуна ці смяецца ён, ці напраўду ўсё гэта гаворыць? а пасля, перахапіўшы ледзь улоўную ўсмешку Жавейкі, зморшчыўся: «Не вярзі ты, Лясун, абы-чаго. Ты лепей глядзі, каб твая Лясоўна куды да старэйшых не збегла».
Хоць Радзік крыху і супакоіўся, але Жавейка бачыў, што Лесуновы словы, як кажуць, зачапілі хлапца за жывое: будзе ўсё ж асцярожна распытваць жонку, дзе яна была без яго, куды хадзіла
Радзіка Алег упершыню ўбачыў на наваселлі ў Лесуна. Тады была амаль такая ж мокрая восень, і Радзік усё баяўся, каб не наслядзіць у хаце. Скочыць на новы, разасланы па падлозе дыван, абатрэ хуценька ногі і стаіць на ім баіцца на чыстую падлогу стаць, каб не забрудзіць яе. Пастаіць так, пастаіць, а потым на другі дыван пераскоквае і там ногі таксама выцірае. А дываны ж прыгожыя, новенькія толькі што з крамы. Лясун глядзеў-глядзеў на малога, злаваўся моўчкі, а тады і не сцярпеў: «Радзік, ты ногі сабе аб дыван абатры. Толькі нос не ўздумай ім выціраць гэта ж табе не насоўка, абдзярэшся»
І другая кропля ўпала гэтак жа нечакана, як і першая, яна гулка шпокнулася на скураную Жавейкаву кепку і разбілася на маленечкія кропелькі: ён адчуў нават, як навокал, нібы якая морась, пасыпаліся пырскі.
Жавейка зірнуў угору: там, на столі, завязвалася новая кропля. Відаць, летні люк для вентыляцыі быў зачынены не зусім добра, і таму ў шчыліны задзьмувала дождж.
Ён пасунуўся да акна, пацясніў крыху Лёшу Лесуна той прачнуўся, лыпнуў вачыма, няўцямна паглядзеў на яго і зноў заснуў.
Жавейка, заплюшчыўшы вочы, таксама спрабаваў заснуць. Але яму не спалася. Зноў успомніў пра папяроску, пра жарты сяброў. «А яна тухла, падумаў сам сабе, не таму, што па мне і праўда нехта сумуе, а таму, што я зусім не ўмею курыць». Колькі ні вучыўся нічога не атрымліваецца: ён, асабліва калі заняты чым, забывае, што папяроску, каб яна добра гарэла, трэба, як соску, увесь час смактаць.