Мы кінуліся да вокнаў і пачалі грукаць у іх і крычаць, хто як мог. Бо аўтобус якраз пралятаў па вуліцы нейкай ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Абапал вуліцы стаялі невялікія дамы, абнесеныя платамі, дзе-нідзе ў дамах гарэла сьвятло, а на ўзбочынах нават стаялі ліхтары, асьвятляючы самотных людзей, што сьпяшаліся дахаты ў насунутых на галовы капюшонах.
На сэкунду мне падалося, што ў акне аднаго з дамоў была відаць вялікая кампанія дарослых, якія сядзелі каля каміна з келіхамі ў руках, і ў адной жанчыны на каленях ляжаў сабака. А яшчэ мне падалося, усяго толькі на нейкае імгненьне, што сярод тых дарослых у ярка асьветленым акне я разгледзеў сваіх маму і тату. І ў мамы на плячах быў пухнаты плед, а ў таты на каленях талерка, поўная гарачых закусак.
Але той дом зь ярка асьветленым акном мільгануў і зьнік. Аўтобус праляцеў праз гарадок, нібы мэтэор, і зноў выскачыў на цёмную шашу. Мы бачылі толькі дарожныя знакі, што сьвяціліся ў змроку, цёмны край блізкага лесу і бясконцыя чорныя прасьцірадлы начных палёў.
«Так, – сказала Юля. – Я палезу ў кабіну і пастараюся зрабіць так, каб мы затармазілі! А вы трымайце мяне за ногі!»
«Ты што! Ты туды галаву не прасунеш!» – сказаў я.
Юля адмахнулася. Вось жа ўпартая. Яна стала на сядзеньне і пастаралася прасунуць галаву ў акенца кабіны. Спачатку ў яе нічога не выходзіла, але Юля напружылася – і, падраўшы сабе вуха, усё ж апынулася ў кабіне. Праўда, толькі галавой.
«Цяпер руку!» – пачулі мы яе голас.
«Трэба было спачатку руку, а потым галаву, дурніца!» – пакруціў пальцам каля скроні Анцік.
«Які ты разумны! – накінуўся я на яго. – Можа, лепш цябе туды засунем? Ты дакладна пралезеш!»
«Шкада, што нельга адшпіліць сабе руку, – пачулі мы прыдушаны Юлін голас. – Калі-небудзь вучоныя прыдумаюць, як можна разьбіраць сябе на часткі! Так, каб потым зноў сабраць!»
«Трэба проста разьбіць перагародку! – сказаў я. – Памятаеце, у кожным аўтобусе ёсьць надпіс: дастаць малаток, выціснуць шкло?»
«Тады цягніце мяне назад!» – сказала Юля.
Мы схапілі яе за ногі і пацягнулі.
«Хто так цягне? – зараўла Юля. – Хлопчыкі! Дзе ваша пяшчота!»
Але было ўжо занадта позна.
Бо ў гэты самы момант аўтобус завіхляў на горцы, выскачыў на мост, пад якім цямнела рака, і ўрэзаўся з усёй моцы ў агароджу.
Толькі што перад намі была прамая дарога ў промнях фараў, а цяпер іх сьвятло выхапіла зь цемры толькі кавалак неба, якое імкліва сыходзіла некуды ўверх.
Аўтобус зьнёс агароджу на поўным хаду, лёгка, нібы адной пстрычкай.
І паляцеў над прорвай, проста ў раку.
Калісьці я чытаў пра мужчыну, які быў чэмпіёнам у плаваньні і аднойчы ўратаваў цэлы тралейбус людзей, што выпадкова ўпаў з моста. Гэты мужчына пабачыў, што тралейбус тоне, кінуўся ў ваду і даставаў людзей аднаго за адным, пакуль не ўратаваў усіх. Была зіма, гэты чэмпіён захварэў на запаленьне лёгкіх і нырак, і потым памёр. Я часта бачыў у сьне тую страшную карціну, я сам уяўляў сябе ў тым тралейбусе, які ідзе на дно і я ніяк не магу зь яго выбрацца. Якім жа шчасьцем было прачынацца ў цёплым ложку, у сваім пакоі! Потым жахлівы сон перастаў мне сьніцца. А цяпер, у аўтобусе, які нібы завіс на сэкунду над безданьню, каб назаўсёды пайсьці пад ваду разам з намі, я зноў успомніў тую гісторыю – і карцінка тралейбуса, які тоне ў рацэ, зноў зьявілася перад вачыма.
Толькі вось наўрад ці ў такі час, далёка ад гораду, на беразе ракі знойдзецца чэмпіён у плаваньні, які нас уратуе.
На імгненьне зрабілася ціха…
А тады вакол нас пачуўся такі шум, ад якога закладвала вушы!
Гэта аўтобус, у які мы трапілі, нібы ў пастку, з усяго размаху пляснуўся ў раку!
Мы закрычалі ўсе трое, адначасова, ды так, быццам хацелі сваім крыкам выбіць шыбы ў вокнах, за якімі цяпер была цёмная, халодная вада.
Аўтобус паволі паплыў – і мы пачулі, як вада пачынае пранікаць у салён.
Мы схапіліся за рукі, усе трое.
«Я хачу дамоў! – крыкнуў Анцік. – Лявон, скажы, што мы сьпім!»
«Мы ня сьпім», – сказаў я вінавата. Бо гэта і праўда я, менавіта я і ніхто апрача мяне, быў тым чалавекам, які сказаў усім садзіцца ў гэты жудасны аўтобус.
«Спакойна, – сказала Юля. – Мы ўсе ўмеем плаваць, праўда?»
«Я ўмею», – сказаў я.
«І я», – сказала Юля.
«А я не!» – заплакаў Анцік.
«Ты ж хадзіў у гурток плаваньня! – зьдзівіўся я. – Ты ж выхваляўся нам, што ўмееш і брасам, і кролем!»
«Я кінуў, – усхліпнуў Анцік. – Раз схадзіў і кінуў».
«Дык ты хлусіў? – жахнулася Юля. – А мы табе зайздросьцілі!»
«Мы былі дурні», – сказаў я.
«Усё роўна, – сказала Юля. – Мы можам забрацца на дах аўтобуса, саскочыць у ваду і даплыць да берага. А Анціка пацягнуць за сабой. Ну, ці даць яму штосьці, што дапаможа трымацца на вадзе».
«Толькі хутчэй, – прамармытаў Анцік. – Бачыце, вады ўжо амаль па калена!»
«А як жа кіроўца?» – сказаў я.
«Ты яшчэ не зразумеў? – зьдзівілася Юля. – Гэта была лялька!»
Я ўскочыў на сядзеньне і пацягнуўся да люка над галавой, каб адчыніць яго і вылезьці на дах. Але ніяк ня мог дацягнуцца. Я быў самы высокі ў нашай кумпаніі, і ўсё ж мне не хапала росту. «Давай ты сядзеш мне на шыю!» – крыкнуў я Юлі і нахіліўся, каб яна магла на мяне залезьці.
«Хутчэй! – падганяў нас Анцік. – Вада ліецца з усіх дзірак!»
Я і сам адчуваў, што мы тонем.
І тут здарылася нешта неверагоднае.
Нібы нехта падставіў пад бруха нашага аўтобуса сваю шырокую, роўную сьпіну. Падставіў і прыўзьняў – так, што вады вакол нас адразу паменела.
«Можа, мы селі на мель? – з надзеяй спытаў я. – Можа, гэта зусім неглыбокая рэчка?»
«Але мы плывем, – сказала Юля. – Адчуваеце? Вада нясе нас наперад. Калі б мы селі на мель, мы б ня рухаліся!»
«Ура! – крыкнуў Анцік. – Ня ведаю, хто там пад намі, але я зь ім сябрую!»
Мы прыпалі да вокнаў. За імі быў толькі туман, туман, ноч і вада, у якую няспынна сыпаліся дажджавыя кроплі. Мы плылі па рацэ, нібы на караблі – і цяпер у гэтым было нават штосьці прыгожае.
«Цікава, куды вядзе гэтая рака? – спытаў Анцік. – Лявон, у цябе ж дзесяць па геаграфіі. Ты ж усе беларускія рэчкі на памяць знаеш!»
«Ну, ня ўсе… – сказаў я. – У Беларусі ведаеш колькі рэкаў?»
«Колькі?»
«Дваццаць тысяч! – адказаў я з гонарам. – І дзесяць тысяч азёраў!»
«Адкуль ты ведаеш?» – з павагай паглядзела на мяне Юля.
«Ведаю», – ухіліўся я ад адказу. Хоць тлумачылася ўсё проста. Нядаўна мне давялося рыхтаваць спавешчаньне ў школе, і я грунтоўна праштудыраваў артыкул у Вікіпэдыі.
«Дваццаць тысяч, – уздыхнуў уражаны Анцік. – Ня можа быць!»
«Можа», – сказаў я.
«Як жа нас знойдуць? А калі гэтая рэчка ўпадае ў іншую рэчку, а тая ў іншую, а тая ў Чорнае мора? Значыць, нас могуць знайсьці ў Міжземным?» – задумалася Юля.
«Не, нам трэба выбрацца адсюль і вярнуцца ў Менск», – цьвёрда сказаў я.
Вакол нас ціха плёскалася вада.
«Значыць, мы не патонем?» – спытаў Анцік.
«Пакуль што не… – сказаў я, з трывогай узіраючыся ў акно. – Нешта нясе нас наперад. Нібы на сьпіне. Можа, плынь ракі, а можа…»
«Што можа?»
«Столькі ўсяго адбылося, што ўжо і ня ведаеш, ці ёсьць ва ўсяго гэтага тлумачэньне…» – сказаў я і пазяхнуў.
«Спаць хочацца», – замахаў рукой у сябе перад носам Анцік, нібы адганяў нейкіх сонных мух.
«Нельга», – прамармытаў я. – «Скажы, Юля?»
Але Юля ўжо й сама задрамала пад ціхі плёскат вады і шум дажджу. Я хацеў яе пабудзіць, але паваліўся носам на яе плячо і таксама заплюшчыў вочы.
Разьдзел чацьверты
Я прачнуўся ад холаду і, не расплюшчваючы вачэй, пачаў намацваць рукамі коўдру. Мне абавязкова трэба было дасьніць свой сон, бо ў гэтым сьне я кіраваў машынай – сапраўднай машынай, чорным легкавіком, які імчаў па вуліцы і слухаўся кожнага майго руху. Як жа гэта было файна! Я толькі што прыехаў на вуліцу, дзе ўсе мяне ведалі, і я ўжо адчуваў, як яны зараз пабачаць мяне за стырном прыўкраснага аўто, а я прытармажу і апушчу акно, і тады…
Што тады?
Замест цёплай коўдры я намацаў нешта мокрае і халоднае. Побач пачулася ціхае ўсхліпваньне. Я ўжо нічога не разумеў. Хто гэта мог румзаць у маім пакоі? У нас дома такое было не прынята. Я прыбраў руку і нарэшце адплюшчыў вочы.
Перада мной сядзеў Анцік і глядзеў проста мне ў твар, а зь ягоных вачэй ліліся сьлёзы. І сядзелі мы зусім не ў маім пакоі, а ў пустым, сырым і халодным аўтобусе, і ў Анціка з рота ішла пара, а за вокнамі быў толькі непраглядны белы туман.