Бахаревич Ольгерд Иванович - Тэатр шчасьлівых дзяцей стр 6.

Шрифт
Фон

Аўтобус выехаў на шырокую вуліцу, тут наш раён канчаўся. Я адчуў стому, таму ўладкаваўся каля акна, выцягнуў ногі і прыплюшчыў вочы. Юля села сьпераду каля мяне, а вось Анцік усё бегаў па салёне, як ненармальны, і ніяк ня мог супакоіцца. Ён прысаджваўся то тут, то там, і зноў ускокваў, нібы ўпершыню ехаў у грамадзкім транспарце.

Назіраючы за ім, я падумаў, які ж ён яшчэ малы. На цэлы год за мяне малодшы! Я ўжо і ня памятаў, як мы зь ім пасябравалі. Цікава ўсё-ткі, разважаў я, адкуль у нас бяруцца сябры. І каго можна лічыць сапраўдным сябрам, а каго не. Напэўна, толькі ўначы ў пустой кватэры без электрычнасьці і без дарослых чалавеку робіцца ясна, з кім ён сябруе напраўду, а з кім проста выпадкова апынуўся побач.

«Спаць хочацца, – сказала Юля. – Але нельга. Ты сочыш, калі нам выходзіць?»

«Так, – сказаў я. – Яшчэ пару прыпынкаў. А мне вось хочацца ня спаць, а есьці. Анцік, дзе твой пакет з цукеркамі?»

«Якімі цукеркамі?» – спытаў Анцік, прабягаючы міма.

«Маімі цукеркамі, – сказаў я. – Тымі, якія ты знайшоў у мамінай сакрэтнай шафе».

«А, гэтымі, – сказаў Анцік. – Я думаў, гэта цукеркі тваёй мамы».

Мне зрабілася няёмка. Бо Анцік захапіў з сабой пакет, які ня толькі яму, а нават і мне насамрэч не належаў. Я ніколі б ня стаў залазіць у бацькоўскую шафу, каб скрасьці адтуль цукеркі. Дый проста так ня стаў бы залазіць. А што ў выніку? Мы іх усё-ткі скралі!

«Ну і што, што маміны? – сказала Юля Анціку. – Ты ж разумееш, што ўзяў чужое?»

«Гэта быў гэты… як яго… форс-мажор! – сказаў Анцік. – Калі б Лявонава мама ведала, што адбылося, яна сама б аддала іх нам. На месцы тваіх бацькоў я б засыпаў нас усімі цукеркамі сьвету, толькі б мы засталіся жывыя!»

Мне зрабілася непрыемна. Так бывала кожны раз, калі іншыя людзі пачыналі абмяркоўваць маіх бацькоў. Мне падабалася быць разам з Анцікам і Юляй, я быў ім удзячны, што яны са мной – але сябры гэта сябры, а бацькі – гэта нешта такое тваё… Самае тваё на сьвеце. Такое, пра што ня вельмі хочацца размаўляць зь іншымі. Бацькі – яны як твая таямніца. А Анцік і Юля гаварылі пра іх так, быццам самі былі іхнымі дзецьмі.

«Ды вось, трымай свае цукеркі, на здароўе, – сказаў Анцік, кінуўшы позірк на мой засмучаны твар. – Я вам зь Юляй пакінуў парачку».

«Парачку? – я раскрыў пакет і засунуў туды руку. – Іх і праўда ўсяго дзьве. І ніводнай чакаляднай!»

«Можа, толькі дзякуючы такой дозе кафэіну я дагэтуль трымаюся на нагах…» – задуменна сказаў Анцік.

«Якога яшчэ кафэіну?»

«Нават малыя дзеці ведаюць, што ў чакалядзе ёсьць кафэін, – горда сказаў Анцік. – Гэта такое рэчыва, ад яго чалавек робіцца бадзёры і можа скакаць з другога паверху. І не баіцца супэрхуткасьці. Слухайце, а нам пашанцавала з кіроўцам! Заўважылі, як ён гоніць?! Як ракета!»

Сапраўды, аўтобус гнаў наперад штомоцы. Было адчуваньне, што ён ня едзе, а ляціць нізка над зямлёю, як вялікая птушка. Мне нават падалося, што ён пару разоў праехаў на чырвонае сьвятло, але ў цемнаце навокал сьвяціла столькі розных агнёў, я мог і памыліцца. Мы зь Юляй зірнулі ў бок кабіны кіроўцы, нам было відаць ягоную патыліцу, руку, якая ўпэўнена ляжала на стырне, і цень ягонага твару ў люстэрку наверсе. Здаецца, усё было ў парадку, але…

«Не разумею, – сказаў я. – Здаецца, мы праехалі наш прыпынак».

Праехалі – гэта было слаба сказана. Мы праляцелі яго, нібы страла, і цяпер несьліся па праспэкце наперад так, быццам за намі гналася міліцыя.

«Ён што, звар’яцеў? – сказаў я з трывогай. – Мы так урэжамся зараз у кагосьці, ці пешахода саб’ем».

Рэдкія мінакі пад парасонамі, якія мірна пераходзілі вуліцу, у жаху кідаліся ў бакі, калі перад імі раптам вырастаў наш аўтобус. Узьнімаючы з абодвух бакоў вялізныя хвалі вады і заліваючы ходнік і легкавікі, што апыналіся зь ім па суседзтве, ён рухаўся па горадзе, як ракета.

«Чорт!» – крыкнуў Анцік.

«Не кажы так, Божанька ўсё чуе!» – пакруціла галавой Юля.

«Мы зараз узьляцім!» – махнуў рукой Анцік, бо матор роў усё больш аглушальна. І я быў зь ім згодны: аўтобус так падкідвала, што мы і праўда маглі ў любы момант паляцець да аблокаў.

Недзе ў нас пад нагамі пачуўся раптам рэзкі скрыгат. Юля ўчапілася ў поручань, я таксама схапіўся за яго і ўціснуўся ў сядзеньне, а Анцік паваліўся нам пад ногі, бо аўтобус на поўным хаду зрабіў паварот, рыкнуў і рвануўся на ўсёй хуткасьці на зусім іншую вуліцу. Я ўжо даўно не разумеў, дзе мы, аўтобус ехаў па зусім незнаёмым маршруце і не зьбіраўся спыняцца.

«Ну, цяпер нам дакладна трэба выходзіць, – сказаў я, у роспачы гледзячы ў бок кабіны. – Давайце станем усе разам каля дзьвярэй, можа, ён думае, што мы едзем да канцавой».

Але кіроўца і не падумаў спыняцца, ні на наступным прыпынку, ні на іншым. З ровам і скрыгатам на поўнай хуткасьці ён прамінуў апошнюю станцыю мэтро – я толькі і пасьпеў што прачытаць яе назву. А потым, зларадна міргануўшы фарамі, пагнаў некуды ў цемень, туды, дзе не было ліхтароў. І вось за вокнамі ўжо віднеліся толькі палі і цёмныя абрысы катэджаў. Горад застаўся за нашымі сьпінамі, і мы зусім ня ведалі, што нам рабіць.

«Што адбываецца? – крыкнуў я. – Кіроўца! Ён там што, заснуў?»

«Думаю, што ўсё значна горш!» – крыкнула ў адказ Юля. Чапляючыся за поручні, яна кінулася да кабіны кіроўцы. Я пайшоў за ёй, разумеючы, што нашы прыгоды яшчэ зусім ня скончыліся.

У кабіне было цёмна. Трапіць мы ў яе ніяк не маглі, бо ў аўтобусах, што езьдзяць у нашым горадзе, кіроўца сядзіць за празрыстай перагародкай. Але ў перагародцы было акенца, у якое пасажыры перадаюць манэткі, каб купіць білеты. Ды што я вам расказваю, што вы, у аўтобусах ня езьдзілі? Хоць наўрад ці вам некалі даводзілася езьдзіць у такіх аўтобусах, якія гоняць, нібы з ланцуга сарваўшыся, зусім не туды, куды мусяць.

Празь перагародку мы зь Юляй бачылі, як кіроўца ўзіраецца ў цемру перад сабой. Цемру, якую разразалі надвое жоўтыя палосы сьвятла аўтобусных фараў. Кіроўца не зьвяртаў на нас ніякай увагі. Здавалася, ён наогул не варушыўся.

«Гэй! – закрычалі мы і загрукалі ў плястыкавую перагародку. – Спыніцеся! Прачніцеся! Гэй!»

Кіроўца нават не павярнуў галаву ў наш бок. Нібы ён выконваў нейкае заданьне і не зьбіраўся парушаць загад. Ён выглядаў так вусьцішна ў сваёй нерухомай паставе, што мне падалося, за стырном нашага аўтобуса сядзіць мярцьвяк.

Што, калі гэта быў зусім не аўтобус? А «лятучы галяндзец», пра які я чытаў? Сучасны карабель мёртвых?

І тады Юля прасунула руку ў акенца і ўхапілася за рукаў кіроўцы.

Вось жа адважная! Я б лепш засунуў руку ў пашчу тыгра, чым у гэтае акенца, ды яшчэ ў такі момант!

«Гэй! – крыкнула Юля, торгаючы кіроўцу за рукаў. – Ты што, звар’яцеў? Выпусьці нас адсюль!»

Яна пацягнула рукаў на сябе – і здарылася нешта жудаснае! Кіроўца паваліўся ў наш бок, так лёгка, як быццам ён быў проста лялькай, апранутай ва ўніформу!

Юля зараз жа схавала руку і завішчала.

«У яго мяккая рука! Мяккая рука!»

Здранцьвелыя, мы глядзелі, як кіроўца валіцца са свайго сядзеньня ўніз, на падлогу кабіны.

Цяпер за стырном не было нікога.

Аўтобус ляцеў наперад – і ім ніхто не кіраваў!

І тады я таксама закрычаў. А за мной і Анцік, які стаяў за нашымі сьпінамі.

«Гэта ўсё ты, Лявон! Ты пасадзіў нас у гэты чортаў аўтобус!» – румзаючы, лямантаваў Анцік.

І тады Юля замоўкла.

«Што ты сказаў?» – спытала яна.

«А што, няпраўда? Хто нам сказаў садзіцца ў аўтобус? Лявон! – заявіў Анцік, выціраючы сьлёзы. – Мы паедзем да маёй бабу-улі, яна прыду-умае…»

Перадражніваючы мяне, ён крыўляўся, а сьлёзы не пераставалі цячы зь ягоных зусім дзіцячых вачэй.

«Што, ня так?»

«Ты зноў успомніў чорта! – строга сказала Юля. – Так нельга. Чорт і так ужо даўно з намі! Вось ён, відаць, радуецца, калі мы яго клічам!»

«Тады пакліч свайго божаньку! – крыкнуў ёй Анцік. – Хай ён нам дапаможа! Што маўчыш?»

«Трэба нешта рабіць, а не крычаць і румзаць», – сказала Юля.

«Давайце станем каля вокнаў і будзем махаць рукамі, – прапанаваў я. – Можа, нас заўважаць і зразумеюць, што мы трапілі ў бяду! І прыдумаюць, як спыніць гэты вар’яцкі аўтобус!»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3