Як ён любіць яе валасы… Доўгія, густыя, цёмна-мядовыя зімой і ўсе ў пералівах колеру сухога коласа летам. Любіць, калі яна забірае іх уверх, блізка да скуры – а потым заплятае ў патройную касу. Любіць глядзець на яе, калі яна расчэсваецца. Гэта робіць яго ціхамірным і спакойным. Чароўна гіпнатызуе. Часам Надзя перавязвае касу шырокай атласнай стужкай, часцей за ўсё – яго любімага пунсовага колеру. Ён любіць пасмоктваць яе валасы, любіць іх пах, любіць дакранацца да іх, зарывацца ў іх вуснамі і пальцамі. І мыць іх любіць. Ён часта схіляецца над Надзяй, якая сядзіць у ванне – звычайна з кнігай у руках. І дзяўчына тут жа яе адкладае, крыху падымаецца з пены, што пахне лавандай, а ён, не кажучы ні слова, доўга і пяшчотна ўцірае шампунь у яе цяжкія ад вады пасмы, якія падаюць на плечы. Потым павольна і старанна змывае іх пад душам. Ён добра ведае, што вада мусіць быць гарачай настолькі, каб нямоцна апякаць скуру на вонкавым баку перадплечча, але не ягонай рукі. Здараецца – а апошнім часам кожны раз, – што ў пэўны момант Надзя паварочвае галаву, і вада струменямі сцякае па яе твары, збіраючыся на пагорачку прыадкрытых вуснаў. Тады ён выпускае душ, бярэ яе твар у рукі і доўга цалуе вусны, а потым шчокі, лоб, павекі. Бывае, Надзя ў бяспамяцтве зацягвае яго ў ванну, таму цяпер ён стараецца загадзя даставаць з кішэні тэлефон і партманет: з тае пары як ён пачаў масіраваць Надзі галаву, загінулі ўжо тры тэлефоны.
Яе валасы… Яго фетыш. Магічны.
З таго моманту як яны пазнаёміліся, Надзя распускае валасы толькі для яго. Ён ведаў, што яго чакае, калі яна выходзіла з ваннага пакоя з распушчанымі валасамі. І ніколі не памыляўся.
Хаця гэта пераважна ён яе «разнявольваў», як яна сказала аднае ночы. Часцей за ўсё – калі яны кахаліся. Выпусканне валасоў на свабоду было інтымным момантам, які меў права спазнаць толькі ён, Якуб. Так было і так ёсць. Толькі ён. Як адзіны ў свеце мужчына. Здаралася, гэта нагадвала рэлігію, якую ён апошнім часам недалюбліваў, але чаго ўжо там…
Апроч загару ён убачыў лёгкі сып у яе на скуры крыху ніжэй за шыю. Калі Надзя ўзбуджалася – не толькі сэксуальна, хаця перадусім так, – у яе з’яўляўся сып. Дактары казалі, што гэта фізіялагічная рэакцыя – на рэзкае павышэнне ўзроўню адрэналіну ў крыві, рэакцыя, відаць, не такая ўжо рэдкая, а ў жанчын – дык і даволі пашыраная. Надзя яе не так саромелася, як баялася, бо лічыла, што калі нехта заўважыць сувязь паміж яе сыпам і ўзбуджэннем ці хваляваннем, то зможа неяк выкарыстаць гэтыя веды. Супраць яе. Такая вось дзівачная тэорыя змовы, здавалася яму. І гэты сып у яе на скуры для Якуба мог быць альбо вельмі добрым, альбо вельмі кепскім знакам. Ён дакладна ведаў, калі спрэчкі з Надзяй набліжаюцца да мяжы, за якой выбухае сварка, – дастаткова было прыгледзецца да яе шыі і дэкальтэ.
Але цяпер, заўважыўшы пачырваненне, што пачыналася адразу пад падбароддзем і заканчвалася нераўнамернымі плямамі там, дзе ўздымаліся грудзі, ён не быў упэўнены ў яго прычыне. Усхвалявалася ад жарту пра маці? Ці, можа, узбудзілася? Яна сядзела на ім вярхом, ён адчуваў яе цяжар на сцёгнах. Засунуўшы ў рот пасмачку валасоў, яна глядзела Якубу ў вочы, нервова пасмоктвала яе і маўчала. І раптам падскочыла, злезла з ложка і падышла да акна. Потым вярнулася, падняла з падлогі яго кашулю, прыкрыла ёю азадак, абвязала вакол таліі і, не сказаўшы ні слова, выйшла на балкон, зачыніўшы дзверы.
Павольна спаўзаючы з ложка, ён бакавым зрокам ухапіў кнігу, што ляжала на падушцы. Схапіў яе і злосна шпурнуў у кірунку металічнай сметніцы пад пісьмовым сталом. Кніга паляцела занадта высока, урэзалася ў корпус камп’ютара, адскочыла і, падаючы на стальніцу, скінула фатаграфію ў драўлянай рамцы. Ён не ўстаў, каб яе падняць. Так і сядзеў нерухома, утаропіўшыся ў павольныя лопасці вентылятара.
Ён няшмат расказваў ёй пра сваё мінулае, гэта праўда. У параўнанні з няшчасцямі, якія зазнала яна, яго жыццё выглядала ідылічным – прадказальнае, нуднаватае і, не лічачы адной шчанячай драмы, якую ён з усіх сіл намагаўся забыць, не вартае таго, каб пра яго расказваць. Да таго ж Якуб не адчуваў, што нешта павінен ці да чагосьці змушаны, бо побач з Надзяй сам усяго хацеў. І гэта было, на яго думку, самае цудоўнае ў іх стасунках. Ну і што магла значыць яго біяграфія, калі значэнне мела толькі Надзя? Для яго адлік часу пачаўся летась на Каляды. І ў той самы вечар пачалося яго мінулае, апавядаць пра якое сэнсу не было, бо Надзя сама яго цудоўна ведала. З першай хвіліны. Іх першай хвіліны разам…
Яна
Надзя з’явілася ў яго жыцці нечакана. А ён жа мог быць зусім у іншым месцы ў тую пятніцу, васямнаццатага жніўня, і ніколі яе не сустрэць. Ён і мусіў быць у іншым месцы.
Ранкам яго пабудзіў тэлефон. Калі б званіў хтосьці іншы, Якуб не падняў бы, але нумар належаў бацьку. Адно тое, што зараз ён пачуе бацькаў голас, ужо трывожыла, бо той званіў, толькі калі здаралася ці мусіла здарыцца нешта як мінімум непрыемнае. Якуб не памятаў, ці было такое, каб ён пазваніў проста так і спытаў, як сын маецца і што там у яго адбылося, – так часта рабіла маці. Бацька ж званіў альбо з кепскімі навінамі, альбо з якім-небудзь даручэннем, альбо каб праверыць, ці выканаў сын тое даручэнне.
Але тае раніцы было іначай – ён зразумеў гэта па бацькавым голасе. Фірма важнага падрадчыка ягонай карпарацыі «інфарматызавала нейкі важны аб’ект». З адпачынку чорт ведае чаму не вярнуўся «іх сраны інтранэт-інжынер, ці як там яго, а ты ж у гэтым спец, калі ласка, дапамажы ім». Спачатку Якуб нават не паверыў. Бацька пра нешта яго просіць! Памятае, што спытаўся, ці ўсведамляе той, што яго сын усяго другі год вучыцца на праграміста.
Бацька крыху памаўчаў, а потым прамовіў:
– Слухай, Якубе, скажу па-іншаму. Гэтаму іх праграмісту ў цябе павучыцца можна было б. Ну, я так думаю. Калі ласка, з’ездзі туды. Кіраўнік кампаніі – мой сябар, я яму паабяцаў. Ведаю-ведаю, ты мусіў сёння пайсці на канцэрт з мамай. Я ўжо ёй званіў, – апярэдзіў ён Якуба, які збіраўся нешта сказаць. – І доўга ўпрошваў, – ён захіхікаў, – і ўрэшце яна пагадзілася, каб я цябе замяніў. З’ездзіш?
– Тата, ну чаго ты. Вядома, з’езджу. Дзе гэта?
– Дзе? Ды я сам не ведаю. Той аб’ект, шчыра кажучы, вельмі дзіўны. Зараз па цябе машына прыедзе. Вазьмі з сабою якое адзенне, зубную шчотку, бо справа доўгая. Дзякуй, Куба, – ціха сказаў бацька і адключыўся.
Хлопец і не памятаў, калі бацька апошні раз называў яго Куба.
Ён паклаў у заплечнік ноўтбук, закінуў туды ж несэсэр, запхнуў зменную бялізну і праз пятнаццаць хвілін сядзеў на заднім сядзенні вялізнага «мерседэса». Негаваркі кіроўца ў чорным ільняным касцюме, белай кашулі і развязаным гальштуку, што нядбайна звісаў з шыі, нічога не ведаў ні пра які праект, а калі Якуб яго спытаў, паглядзеў падазрона і адрэзаў:
– Мая хата з краю. Начальства ўсё вам патлумачыць, малады чалавек, а ў мяне ў тэлефончыку адрасок. Куды паслалі, туды еду. Сказаць магу толькі, што гэта страшная дзіра ў пушчы на Мазурах, бо яе нават навігатар не паказвае.
– Тады выбачаюся, – з усмешкай адказаў Якуб. – Я думаў, вы і ёсць начальства. Даўно не бачыў такога элегантнага гальштука. З ядвабу?
– З ядвабу? – паўтарыў кіроўца, беручы ў руку гальштук і ўважліва да яго прыглядаючыся. – А я ведаю? Далі, сказалі насіць – ну я і душуся. А калі начальства не бачыць, развязваю, асабліва ў такую спякоцішчу. Гальштук харошы, гэта так, – ён крыху памаўчаў, а потым разрагатаўся і сказаў: – Я – і начальнік? Ну вы далі! Наш гальштукаў не носіць, толькі нам купляе. За свае. А сам ходзіць у трэніках і кедах, што на зніжках у «Лідле». Тачку не бярэ, хіба што калі без яе ніяк. На ровары сабе гойсае. Зрэшты, малады чалавек, самі ўсё ўбачыце…
І да канца паездкі кіроўца не прамовіў больш ні слова, толькі часам, калі званіў тэлефон, нешта ціха ў яго мармытаў, адказваючы.