Вишневский Януш Леон - Канец адзіноты стр 3.

Шрифт
Фон

– Мы знаёмыя ўжо амаль год, спім разам, – прамовіла яна, накручваючы пасму валасоў на палец, – ты ведаеш маё цела ва ўсіх падрабязнасцях, мы ямо за адным сталом і вячэры, і сняданкі. Я распускаю для цябе валасы. Не баюся баяцца ў тваёй прысутнасці, не саромеюся ні плакаць, ні хіхікаць. Ты купляеш мне тампоны і ведаеш, якога памеру трэба. Укладваеш мяне ў ложак, калі я нап’юся. Я паказала табе свае думкі, надзеі, мары, а гэта нашмат больш, чым галізна. Маю біяграфію ад дзіцячага садка да сёння ты ведаеш так дакладна, што лёгка зрабіў бы з маіх фотак дакументальную інста-сторы. Пералічваць можна яшчэ доўга. Ты ведаеш пра мяне ўсё. І пра маю сям’ю таксама. На могілках ты запальваеш разам са мною знічы. Ты ведаеш пра мяне ў тысячу разоў больш, чым мая маці. І ведаеш гэта ад мяне, – цвёрда дадала яна, памаўчаўшы. – А я? Я, – працягвала дзяўчына, – па сутнасці, ведаю толькі тое, што ты адзінае дзіця ў сям’і, жывеш з бацькамі і паступіў ва ўнівер без экзаменаў, бо перамог у нейкай алімпіядзе. А больш я не ведаю нічога. Нібыта ў цябе зусім няма мінулага. Нібыта тваё жыццё пачалося толькі летась у жніўні, калі мы пазнаёміліся. Ты гэта заўважыў, Якуб? – ціха спытала яна і змоўкла.

Ён слухаў яе з недаверам, цалкам ашаломлены. Тое, што пачалося з нявіннага пытання, прычынаю якога быў клопат, паволі перарастала ў сур’ёзную размову пра іх адносіны. Такой рэакцыі ён зусім не чакаў.

– Ты заўважыў? Я пытаю, ці заўважыў ты, verdammt noch mal![1] – усклікнула яна, павысіўшы голас, бо, задумаўшыся, Якуб доўга не адказваў.

Гэта быў знак. Недвухсэнсоўны. Апошняе папярэджанне. Надзя ніколі не мацюкалася. Ніколі. Ні калі была ў ярасці, ні калі праз няўважлівасць білася каленам аб край драўлянага крэсла, ні жартам, ні нават расказваючы непрыстойныя анекдоты. Нават выпадкова не мацюкалася. Таму цяпер гэта выглядала неверагодна. І гаворка тут зусім не пра словы на «п…», «я…» і «х…» з навамоднай вулічнай фені, бо назваць гэта слэнгам, а пагатоў мовай, цяжка. Не пра гэтую лаянку п’яніц, ды і многіх студэнтаў, тут вядзецца. Бо ёсць жа лаянка «сітуацыйна апраўданая і нават неабходная, амбівалентная, часам анірычная, а часам – і дакладная, і не замяняльная нічым годная лаянка», як казаў яго сябар – зрэшты, адзіны – Вітальд, на дадзены момант студэнт трэцяга курса паланістыкі («дзесьці ж трэба пераседзець жыццёвы крызіс»), бо ўжо трэці раз не паступіў на медыцыну, якая была яго жарсцю, у той час як «біялогія і хімія – ужо, на жаль, не». Марыка (дзяўчына, з якой Вітальд бавіў больш за ўсё часу, хаця публічна – і ў яе прысутнасці таксама, – цвярозы ці п’яны, кляўся, што не знаходзіцца з ёй «ні ў якіх адносінах, апроч сэксуальных і эканамічных») сцвярджала, што «Віткацы1 прэцца на тую медыцыну, бо хоча самадыягнаставацца як носьбіт сіндрому Аспергера і потым выпісваць сабе нейкія там рэцэпты». І ўсё ж Якуб ніколі не сустракаў пары, шчаслівейшай за Марыку і Вітальда.

Надзя не лаялася нават у такіх сітуацыях. Прынамсі не па-польску. Калі ж яна пачынала лаяцца па-нямецку – вельмі рэдка і толькі па-нямецку, – гэта значыла, што вытрымка пачынае ёй здраджваць, што нешта ў ёй рвецца, што яна наблізілася да нейкай мяжы ці перашкоды. Не чакаючы адказу, Надзя павярнулася да Якуба спінай і дадала:

– Чаму так? Чаму ты не пускаеш мяне ў сваё мінулае? Раскажаш ты мне ці не?

– Бо… бо ты ў мяне пра яго не пытала, – спакойна адказаў ён.

– Ах так? А можа, я думала, што нельга! З павагі да цябе і твайго права на прыватнасць. Не выпытваць. Чакаць, пакуль сам раскажаш. Цярпліва чакаць. Ты пра гэта не думаў? А раптам гэтая мая нецікаўнасць сведчыла пра нешта трывожнае? Можа, табе варта было б занепакоіцца? Раптам тое, што яна не цікавіцца маім мінулым, значыць, што яна не плануе са мной будучыні? Вось што трэба было падумаць. Бо я часта так і думала. Такой была мая логіка.

– Надзя, перастань! Прашу цябе! – абурыўся ён, павысіўшы голас. – Твая логіка не зусім лагічная. Ты цудоўна ведаеш, што я кажу табе ўсё, нават калі ты не пытаеш. Проста я думаў, што маё мінулае не настолькі цікавае і ўвогуле ні пры чым. Тое, як мы разам пражываем сённяшні дзень, гаворыць пра мае планы на будучыню нашмат больш. У тым ліку пра звязаныя з табой. Асабліва пра іх. Мая логіка іншая. І я маю на яе права, – цвёрда дадаў ён, прыпадымаючыся на локцях. – Што на цябе найшло? Ты хочаш сапсаваць нам нядзелю праз нейкую дзяўбаную кніжку? Нешта мне ўлом запаўняць анкету Пруста. Не сёння, фердамт нох маль! – тэатральна выкрыкнуў ён, перадражніваючы яе нямецкую.

Якуб цярпець не мог гэтай мовы і лічыў, што яна прыдатная толькі каб аддаваць загады. Людзям і коням.

Ён углядаўся ў яе спіну, чакаючы адказу. Надзя маўчала. Праз хвіліну ён паклаў руку ёй на азадак і, нахіліўшыся, прашаптаў на вуха:

– Каханая, ты ж разумееш, што гэтая нядзеля магла б пачацца зусім іначай?

Не паварочваючы галавы, яна спытала:

– І хто ж пісаў табе такія лісты? – і кпліва дадала: – Калі гэта не таямніца, вядома.

– Адна вельмі дарагая мне жанчына.

– Вось як? – прабурчала Надзя. – І пра што такое ўзрушальнае яна пісала?

– У асноўным пра тое, што сумуе. І што самы радасны для яе момант за ўвесь дзень – гэта той, калі яна адрывае лісток ад календара перад сном. Бо дзякуючы гэтаму ведае: чакаць мяне засталося на дзень менш. І пра тое, што часам ёй здаецца, нібыта з пад’езда даносяцца мае крокі, але да дзвярэй яна не падыходзіць, бо ведае, што пасля гэтага будзе яшчэ сумней. І што яна часта сніць мяне, і ў тых снах мы абдымаемся. Вось калі я ўсё гэта чытаў, то, бывала, плакаў, бо таксама вельмі сумаваў па ёй. Толькі ёй пра гэта пісаць не хацеў. Я быў смаркачом, і мне здавалася, што я мушу паводзіцца мужна, як рыцар. Даўно было, дурань быў. А ад рыцара меў хіба што мазгаўню як вядро, – Якуб памаўчаў. – Бо на тугу трэба адказваць узаемнасцю, – і ціха спытаў: – Ты згодная?

Надзя ляжала нерухома і не адказвала. Ён таксама змоўк.

– Як яе завуць? – раптам спытала дзяўчына.

– Агнешка Дабраслава, – спакойна адказаў ён.

– Прыгожая? Вы яшчэ стасуецеся?

– Прыгожая – гэта мякка сказана. Найчароўнейшая. Вядома, стасуемся, больш-менш рэгулярна. Апошні раз я з ёй бачыўся пазаўчора ўвечары, – адказаў ён.

– І што? – спытала Надзя.

У яе голасе ён пачуў трывогу.

– Ну як што? Пацалаваў яе, як заўсёды, – прашаптаў ён і змоўк. А потым дадаў: – Але табе няма чаго хвалявацца, яна замужам.

Надзя раптоўна адхіснулася ад яго і пачала ярасна выпіхваць яго руку з-пад сваёй шыі.

– Што здарылася, Надзя, што такое?! – тэатральна ўсклікнуў ён, прыкідваючыся расчараваным. – Я заўсёды цалую маці на развітанне, калі сыходжу надоўга. Я ж у пятніцу вечарам сышоў, а сёння нядзеля, – ён вельмі стараўся гаварыць сур’ёзным тонам. Потым прыціснуў дзяўчыну да сябе і ціха дадаў: – Ну, калі ты забыла.

Яна рэзка вырвалася з яго абдымкаў і навісла над ім. Яе калені ўперліся Якубу ў рэбры, яна маўчала, нервова кусаючы вусны. У яе позірку ён заўважыў дзёрзкую ўсмешку. І праз хвіліну Надзя з усіх сіл пачала лупіць яго падушкай.

– Ты псіх! І выдумкі ў цябе ідыёцкія! І мазгаўня як сумнае вядро! Бач якую пан рыцар гісторыю накруціў! Vivat licentia poetica![2] Сраны Рыльке Жаласных Лістоў знайшоўся! – крычала яна, бязлітасна б’ючы куды папала.

Ён закрываўся ад удараў, гучна смеючыся. Стаміўшыся, яна схілілася, накрыла яго твар падушкай і, цяжка дыхаючы, прашыпела праз зубы:

– Я б цябе з радасцю прыдушыла, каб ты ведаў. Хіба што… у цябе ёсць якая ідэя, каб узнагародзіць мае пакуты.

Ён павольна зняў падушку з твару. Надзя стаяла на каленях побач з ім, апусціўшы рукі. Шырокія лопасці вентылятара ляніва круціліся, пераразаючы святло, што падала праз прастакутнае мансарднае акно і клала на твар, грудзі, жывот і сцёгны Надзі рухомыя спіралі ценяў. Яе вочы то з’яўляліся, то знікалі. Якубу здавалася, што яны ўсё павялічваюцца і блішчаць усё мацней. Блішчалі і прадкі яе валасоў, намоклыя ад поту.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3