– А я да апошняга імгнення чакала, што яны назавуць цябе Ягорам Руткоўскім, а не Горанам Бунцічам, – прызналася Марына і, атрымаўшы запытальны позірк, працягнула: – За гэты час там павінны былі высветліць, хто ты насамрэч. Для гэтага нават экспертыз вялікіх праводзіць не трэба. Загрузілі б тваю фотку на фэйсбук, а тамтэйшыя робаты пазналі б цябе за дзве секунды. З тваёй фактурай, мой мілы.
– Неяк адзін мой сябар замест свайго здымка вывесіў фотку Оруэла, – натхнёны нечаканым успамінам, здалёк пачаў пярэчыць Ягор. – Разумееш? Дзяцюк падпісаны сваімі сапраўднымі імем і прозвішчам, але на профільнай выяве ў яго адзін з класікаў антыўтопіі, які памёр ад сухотаў яшчэ ў 1950 годзе. І ведаеш што? Калі раптам дзесьці ў стужцы навін мне трапляўся здымак з Оруэлам, выкладзеным з нейкай нагоды кімсьці яшчэ, разумны фэйсбучак заўсёды прапаноўваў, каб я пазначыў на выяве гэтага сябра. Машыны шмат у чым разбіраюцца, але бываюць і збоі.
– Але ж ты не Оруэл…
– Затое дакументы ў мяне сапраўдныя.
– Такія ж сапраўдныя, як біяграфія харвацкага геолага Горана Бунціча. Ты верыш, што падчас адбору ястрабы з «Coböl Engineering» не правяралі нашы радаводы да пятага калена? Высветліць, што ты не той, за каго сябе выдаеш, можна было б на раз-два-тры.
– Проста я таленавіта выконваў абраную ролю. А ім у ліхаманкавасці, з якой рыхтаваўся палёт, было не да лішніх варушэнняў. Не выклікаў я падазрэнняў адразу, а потым ужо не да таго стала.
– І як яны не пазналі чалавека, які бліснуў на праплочанай імі канферэнцыі ў Канстанцы, а пазней запісаў на іх просьбу песню? Твой фотаздымак, дый не адзін, павінен быць у іх базе звестак. Таму вынікі адбору я лічу вельмі дзіўнымі. Цябе нібыта наўмысна прапіхнулі ў каманду…
– Марына! – не стрываўшы яе закідаў, завіраваў Руткоўскі. – Ну, вядома ж, мяне прапіхнулі! Прапіхнулі, бо я зрабіў усё магчымае для таго, каб апынуцца на адным касмічным караблі з табой! І былі людзі, якія мне дапамагалі… Мы ж з табой ужо абмяркоўвалі гэта. Мой выпадак спецыфічны. Але ён не здымае іншых пытанняў. Псіхалагічнай несумяшчальнасці, напрыклад. Здаецца, толькі пілоты міжсобку не мелі клопату з гэтым. Іх каманда выглядала самай зладжанай. Магчыма, што ключ да разгадкі ўсіх дзівосаў мы адшукаем, даведаўшыся, што не так было з пілотамі.
– Пілоты! Пілоты! Даліся табе тыя пілоты! Як чорт з дудой, з імі носішся, – раздражнёна ўрэзала Гваздовіч. – Выглядалі яны зладжана, бо ад пачатку рыхтаваліся ў камандзе. А не так, як мы – пайшла рында жыта жаць, забылася сярпа ўзяць.
Пасяленец пусціў яе раздражнёнасць міма сябе.
– Успомні, калі ласка, адзін момант, – папрасіў ён. – Ці быў у цябе навушнік унутранай сувязі, калі пачалося аварыйнае адасабленне комплексу базы ад насавой часткі карабля?
– Так. І што? Навушнікі ва ўсіх былі. І ў цябе таксама, – збянтэжылася ад пераходу Марына.
– Ва ўсіх. Але выжылі толькі мы з табой. Ты памятаеш, што капітан сказаў, перш чым унутраная сувязь ляснулася?
– Там было зашмат нервавання. І ў самога капітана, і ў яго памочнікаў, – трохі супакоіўшыся, жанчына пастаралася прыгадаць тыя жудасныя хвіліны. – Вось іх, сваіх памочнікаў, ён, здаецца, і заклікаў з гонарам прыняць лёс. Спрабаваў змірыць з тым, з чым немагчыма змірыцца. Казаў, што іх бокс будзе гарэць яшчэ да ўдару аб паверхню Марса.
– А «бокс» у сэнсе «адсек» ці «бокс» у сэнсе «скрыня»? – Ягор агаломшыў каханую нюансам, пра які яна і не думала.
– Аёй… – ніякавата выдыхнула тая.
– І яшчэ мне падалося, што Смолет не проста выказваў меркаванне, а аддаваў загад спаліць бокс. Тады выходзіць, што на ўвазе мелася ўсё-ткі скрыня. Але якая? Якую скрыню ён мог загадаць знішчыць да сутыкнення з планетай?
– Можа, чорную скрыню? Але ці была яна на караблі?
– Думаю, што была. Аднак, хутчэй за ўсё, гаворка не пра яе.
– Гэта ўсё варажба на варэнні з дурніцаў па драніках, – укруціла Гваздовіч. – Ты не можаш дакладна ведаць, што ён меў на ўвазе.
– Твая праўда, – збавіў абароты Руткоўскі, каб пасля невялікага роздуму дадаць: – Ведаеш што? А ці не адправіць нам, калі бура цалкам уляжацца, беспілотнік да абломкаў «насавіка». Га?
– Але ж у нас няма дакладных каардынат! – прапанова не знайшла падтрымкі.
– У нас покатам часу на патрэбныя падлікі. Квадрат пошукаў максімальна звузім.
– А як жа штабны загад? Хіба не да здабычы мінералу мы мусім зараз рыхтавацца найперш?
– Пайшлі яны к чорту! Я не збіраюся кідаць задуманае толькі дзеля таго, што нехта раптам парупіўся выйсці на сувязь, каб паказаць пальчыкам на фронт работ. Невядома, калі яны зноў з намі звяжуцца. Часу прылёту сюды новай «пасудзіны» нават іх найгалоўнейшы бос не назаве. Дый там, як ты чула, нічога лішняга нам гаварыць не збіраюцца. Пытанні нашы ігнаруюць. Дастаткова важкія падставы, каб не мітусіцца з дысбуэндыем. Свае праблемы для пачатку вырашым.
– Праблемы?
– «Біясфера-М». Забеспячэнне базы мясцовай вадой.
– А-а-а… Тут я з табой пагаджуся. Але мінералам ўсё ж трэба заняцца. Заадно я паспрабавала б яго даследаваць. Хачу высветліць, ці сапраўды ён здольны дапамагчы каму-небудзь ад адзіноты. Раптам гэтая яго ўласцівасць спатрэбіцца ўжо тут, на Марсе…
Марына адвяла позірк, каб не выдаць сябе побліскам новых слёз. Але Ягор і так усё зразумеў – надта ж празрыстым быў пасыл яе апошняй фразы. Не закранаючы слёзнай празрыстасці яе слоў, ён выклаў сваё меркаванне:
– Калі ты лічыш такія доследы патрэбнымі, то калі ласка. Але не думаю, што на базе ёсць умовы для паўнавартаснай распрацоўкі лекаў ад… Як там цяпер гэтую трасцу называюць?
– Сіндром усеагульнай асацыяльнай млявасці, – старанна ўтаймоўваючы ўсхліпы, пераказала Гваздовіч.
– Во-во. Гучыць проста як наша класічнае беларускае азначэнне маркоты – «усеагульная млявасць і абыякавасць да жыцця», – рагатнуў Руткоўскі. – Ці не здзекуюцца яны з нас?
– Ты ж упэўнены, што яны не ведаюць, хто ты гэткі, – ажывілася Марына. – Значыць, калі і здзекуюцца, то толькі з мяне адной.
– Але навошта яны ўвогуле назву памянялі?
– Не ведаю. Думаю, што ранейшая магла ім падацца недастаткова застрашлівай. Разважалі проста: «Ну, адзінота. Ну, татальная. І што з таго? А тут асацыяльная млявасць! Ты такі, курва, млявы, што нясеш небяспеку для соцыуму». То-бок «Coböl Engineering» наўмысна падагравае страх у грамадстве…
– Нешта ў гэтым ёсць. З перапалоханага чалавецтва лягчэй выбіваць грошы на новы карабель.
За вечар яны разоў колькі вярталіся да разваг пра карпарацыю. Пра яе мэты і выгоды, злыбеды і мудрыкі. Пра рэальнасць або, наадварот, сумнеўнасць прылёту новага карабля. Гэта настолькі захапіла іх думкі, што нават ноч – упершыню за доўгі час – каханыя прабавілі амаль выключна за размовамі і хуткаплынным сном.
* * *
Бура аціхала. З дня ў дзень меншала яе сіла. З дня ў дзень большала нагода для радасці. Перастаць быць пустэльнікамі, стоўпнікамі, вырваўшыся нарэшце са змушанай ізаляцыі. Убачыць штосьці, апроч адсекаў і насценных відэаімітацый. Прайсціся па паверхні Марса. Узяцца здзяйсняць задуманае раней.
Грукат на «дальняках» не аднаўляўся. Гэта надало упэўненасці, што быў ён спараджэннем буры і знік разам з яе заціханнем. Ад моманту сувязі з Зямлёй мінуў умоўны тыдзень. Штаб маўчаў і маўчаў. Марына прапаноўвала звязацца самім. Ягор і слухаць не хацеў.
У спадзяваннях, спрэчках і клопатах пасяленцы дачакаліся жаданага дня, калі бура ўляглася зусім. Замест пылавой заслоны праз ілюмінатары стаў праглядацца спакойны марсіянскі краявід. Камяністая даліна, якая раскінулася на прасторы колькіх квадратных кіламетраў, завяршалася на даляглядзе дзвюма невысокімі скалістымі гарамі з вузкай цяснінай між імі. Па даліне пыл асеў нераўнамерна. Дзе-нідзе яна нагадвала вылізаную вятрамі выдму. Але збольшага на яе абшары вытыркаліся макухі зацярушаных пылам камянёў.