Пачварны гук, што нагадваў свіст, пачуўся знадворку. Праз колькі секунд з ілюмінатараў палілося яркае святло, якое суправаджалася чарадой грымот. Самалёт рэзка рванула ўбок. Здавалася, што лётчыкі не дадуць рады кіраванню. Аднак яны паказалі дзівосы майстэрства і здолелі вывесці крылатую машыну з абшару навальніцы.
Менавіта навальніцу назвалі прычынай няштатнай сітуацыі. Частка нешматлікіх пасажыраў ахвотна паверыла. Ягор быў сярод тых, каго версія з навальніцай не задаволіла. Не з прыхамаці, а таму што і вочы, і вушы, і нават нос, з якога пацурчэла кроў, адмаўляліся інтэрпрэтаваць убачанае як шуганне маланкі і грукат перуноў. Больш за ўсё тое нагадвала палёт і выбух ракеты класу «зямля-паветра». Здагадкі пацвердзіліся ўжо ў Беларусі, калі афіцыйна абвясцілі, што самалёт ледзьве не быў падбіты з тэрыторыі Прыднястроўя. Кіраўніцтва непрызнанай рэспублікі ад інцыдэнту адразу ж адхрысцілася, блытана ківаючы на Малдову, Украіну і мала не на Хазарскі каганат.
Руткоўскага ж амаль не хвалявала, адкуль ракета прыляцела. Яго ў здарэнні займалі дзве рэчы. Па-першае, ён заставаўся жывы, хаця пагібель была на адлегласці выпрастанай рукі. Гэта яшчэ больш умацоўвала веру ў наканаванасць – быццам ён не можа памерці, пакуль не верне Марыну ў свае абдымкі. Па-другое, не забываліся гісторыйкі Ядранкі. І Ягор, саслізгваючы ў містыку, міжволі звязваў здарэнне ў небе з працягам спраўджвання ліхога прароцтва. Зноўку ўспаміналася «ведзьміна хата», і ён мурчэў трохі пераробленыя радкі адной з песень мяцежнага юнацтва: «Твоя любовь ко мне растёт, а у меня из носа кровь течёт».
У Гомелі ён прылёг у абласную бальніцу, з вокнаў якой не стамляўся назіраць за пашырэннем мікрараёна Шведская Горка, які пагрозліва навісаў над аднайменным урочышчам з рэшткамі старажытнага гарадзішча. Яго назіранні перапыняліся візітамі знаёмых. У адведкі прыходзілі колькі калег, пара ўвішных студэнтак, адзін сябар з універсітэта транспарту. Калегі цешыліся, што хвароба не мае сувязі з алкаголем. Студэнткі па звычцы хіхікалі і строілі вочкі. Сябар заводзіў старую катрынку пра частаванне дэманаў, выстаўляючы прыгоды, пра якія трошкі апавёў Ягор, метафізічным адказам на ўпартае нежаданне адмовіцца ад Марыны.
Калегам Ягор жартаўліва жаліўся, што праз няўчасны ўдар па галаве яму не пашчасціла падняць келіх за выдатна арганізаваную канферэнцыю і яе выкшталцоную тэму. Калегі з разуменнем справы («Ну, хто ж на канферэнцыях не куляў чарку!») пасмейваліся.
Радыё ўхілістым тонам тарабаніла пра імклівы рост колькасці зафіксаваных у свеце выпадкаў сіндрому татальнай адзіноты. Сярод буйных агмянёў новае немачы называліся як ужо добра вядомы ў звязку з ёй Сінгапур, так і некаторыя іншыя гарады планеты – Токіа, Дубай, Нью-Ёрк, Рыа-дэ-Жанейра. У паведамленні падкрэслівалася, што звесткі няпоўныя, што ўрады некаторых дзяржаў спрабуюць засакрэціць успышкі сіндрому на сваіх тэрыторыях.
Студэнткам Ягор гулліва раіў не запускаць вучобу, аддаючы належнае богу кахання ў меру. Студэнткі працягвалі хіхікаць і строіць вочкі. Тая, што байчэйшая, заявіла, маўляў, навуку кахання яна гартуе, чытаючы лаўрэацкую кнігу шаноўнага пана Руткоўскага.
– Гэта варыянт, – усміхаючыся, казаў ён. – Але не варта забывацца на класічныя творы старажытнаіндыйскіх аўтараў.
– Вы пра «Махабхарату» ці «Рамаяну»? – удакладніла байчэйшая.
– І пра іх таксама, – кіўнуў выкладчык, не трымаючы ўсмешку на шворцы.
Па радыё сказалі, што чарговы марсаход перадаў на Зямлю звесткі, якія маюць стаць сенсацыйнымі. Сцвярджалася, што гаворка можа ісці пра адкрыццё радыкальна новай хімічнай структуры, аналагаў якой на нашай планеце няма. Дыктар скептычна дадаў: «Галоўнае, каб гэтая хімічная структура добра ўпісалася ў патрэбы народнай гаспадаркі».
На закіды сябра з універсітэта транспарту Ягору ўжо і не было чым крыць. «Давай, калі я збольшага ачуняю, сходзім у які-небудзь бар. Пасядзім, пагамонім. Я табе пра адну харвацкую даследчыцу раскажу», – заспяшаўся ён утрымаць першынство, пакуль сябар не распачаў чарговы цыкл лекцый з серыі «Канфуцый для чайнікаў».
Радыё, стаміўшыся ад навін, пачало музычны марафон. Між песень «В Одессе мы пересеклись» і «Не шманай мне душу, краля» раптоўна загучалі знаёмыя акорды «Трох метраў над каханнем». Апошняе хоць і было для Ягора нечаканасцю (усё ж хваля папулярнасці спала), але не такой вялікай, якім стала тэлефанаванне ад бацькі.
З Ягоравых юнацкіх гадоў іх дачыненні былі вельмі нацягнутымі. А ўшчэнт сапсаваліся пазней, калі сын не здолеў прыехаць на пахаванне мамы. Ніякія тлумачэнні бацька тады і слухаць не стаў, дарма што віны на сыне не было. Сын спазніўся не праз абыякавасць ці расхлябанасць. Спазніўся праз павольныя цягнікі і нялётнае надвор’е для самалётаў. Але стары Руткоўскі зацята цвердзіў адно: «Каб сапраўды хацеў, дык не спазніўся б».
Пасля таго не размаўлялі і не бачыліся гадамі. Адзін у Гомелі, другі – у Асіповічах. І вось цяпер стары выйшаў на сувязь. Намагаўся быць стрыманым і не выдаваць хвалявання. Выходзіла так сабе. Тое, што ён пераймаўся за сына, разумелася адразу. «Ну, ты шчэ жывы, браток?» – спытаў бацька, укруціўшы свой даўні заўсёдны зваротак. І Ягора – упартага каменнага Ягора – прабіла на слязу. Сын супакоіў устрывожанасць старога, якому пра здарэнні «данеслі добрыя людзі». Справіўся пра яго здароўе, упершыню за многія гады назваўшы «татам». Той уздыхнуў і ва ўласцівай яму манеры выдаў: «Я ж па канферэнцыях не гойсаю і абы-дзе не лётаю, то ёсць нагода сказаць, што здароўечка крапчэйшае, чым у некаторых археолагаў». Пасмяяліся. Развіталіся даволі цёпла.
Назваць тэлефанаванне Іванкавіч неспадзяванкаю было б чыстым глупствам. Як толькі яна згадала ракету, Руткоўскі агаломшыў яе пытаннем:
– Ты што, пакахала мяне яшчэ больш?
– Ну, як… – сумелася жанчына. – Я проста думала, як ты там ляціш з хворай галавой. Шкадавала, што не паляцела разам. А чаму ты гэтым цікавішся?
– Хачу зразумець, як дзейнічае прадказанне, калі ўжо з першага разу адбыўся збой. Ты ж не выдумала яго?
– Вядома ж, не выдумала! Гэта мой праклён.
– Як вынікае, не толькі твой. Я не хачу загінуць толькі ад таго, што ты пачнеш кахаць мяне на ўсе застаўкі. Мы можам сябраваць, але прашу цябе своечасова бурыць падмуркі, на якіх ты рызыкуеш збудаваць паўнавартаснае каханне.
– Ты такі жорсткі…
– Я не жорсткі. Проста смерць не ўваходзіць у мае найбліжэйшыя планы.
Ядранка, хоць і дала зразумець, што пакрыўдзілася, гуляць на гэтым не бралася. Абяцала звязацца пазней. Ягор, быццам прадчуваючы, што гэтая дзівосніца яшчэ можа яму ў нечым спатрэбіцца, не пярэчыў.
4
У спальным адсеку, дзе царавала любоў, выразна чулася бушаванне ветру звонку. Ён раз-пораз узмацняўся, але не набываў хуткасці і парывістасці, якія лічыліся б небяспечнымі. Прынамсі, сігналаў трывогі не было, і каханкам не давялося пакідаць ложак, каб сыграць на клавішных дадатковай абароны базы. Калі-нікалі паўтараўся і знаёмы рытмічны грукат у раёне «дальнякоў» – ланцугу аддаленых адсекаў, чыё прызначэнне пасяленцы так і не змаглі высветліць. Пэўнай заканамернасці ў аднаўленні грукату не заўважалася. Інтэрвалы паміж серыямі ўдараў былі нераўнамернымі. Іх інтэнсіўнасць не нарастала. Каханкі – ці то дзеля смеху, ці то з выклікам невядомасці – супольнымі рухамі спрабавалі імітаваць рытміку загадкавага грукатання. Спрабавалі, але збіваліся адразу ж, як толькі справа даходзіла да фінішнай стужкі пяшчотнай дзеі.
Умоўнай раніцай – а да марсіянскіх солаў пасяленцы прыстасоўвацца адмаўляліся – Ягор прачнуўся і падняўся з пасцелі першым. Была яго чарга гаспадарыць на кухні. Па дарозе ў душ ён не прамінуў зірнуць, ці не сышла бура. «Як яна мне ўстыла», – расчаравана буркнуў мужчына, убачыўшы ў ілюмінатары ранейшую карціну. Паветраны душ яго і ўзбадзёрыў, і чарговым разам падштурхнуў да роздумаў. Ваду пакуль даводзілася здабываць аквагенатарам, на што выдаткоўвалася шмат электрычнасці. Здабытай вадой карысталіся ашчадна: найперш для гатавання і піцця, потым – для палівання градак і толькі пасля гэтага – для мыцця ў душы па адным разе на ўмоўны тыдзень. Усё астатняе, у тым ліку пранне, рабілася праз прадзіманне.