Усхваляваныя пытанні харваткі, як і ўласныя думкі Ягора, нібыта зліваліся з морам. Самаадчуванне? Млявы голас казаў сам за сябе. А ў голасе – скаргі. На боль галавы. На галавы кружэнне. На вечнае ззянне чыстага розуму. На мізэрную эпоху сусветнай ночы. Жарты – як азнака, што не ўсё яшчэ страчана. Цяга ванітаваць – як сведчанне, што пакідаць усё так нельга. Страсенне мозга? Можа, і страсенне мозга. Медыкі мусілі высветліць.
Высветлілі. Шпіталізацыя. Бальнічны ложак. Тое, чаго Руткоўскі не хацеў. На ўдзеле ў канферэнцыі быў пастаўлены крыж. «Перакулены крыж», – змрочна пажартаваў навуковец, бо ў галаве без дай прычыны мільгацелі гукі і вобразы музычнага кірунку, што быў часткова модным у яго юнацтве. Ён нават ганяў тады колькі разоў з Гомеля ў Кіеў на вялікую вечарыну «Вічна ніч», ладжаную ў гэтым стылі – стылі вітч-хаўз… Вітч-хаўз, або, як казалі тады смехам, «ведзьміна хата», меў адным са сваіх сімвалаў перакулены дагары дрыкам двухканцовы крыж. Чаму гэты вобраз пад паўзабытыя мелодыі стаў раптоўна пульсаваць раз-пораз у мозгу, Ягор не разумеў. Але дактарам не сказаў, бо гэта ж такое глупства.
Валтузня з бальніцай і лячэннем каштавала не паўгрошыка. Ратавала страхоўка. Але не цалкам. Меркаваных пяць дзён на бальнічнай койцы яна пакрыць не магла. Ядранка, адчуваючы віну за здарэнне («Не пацягнула б з сабой да мора, усё было б добра.»), намагалася знайсці нейкія варыянты. Але толкам нічога не выйшла. З жабіны прыгаршчы – гэта з жабіны прыгаршчы.
Руткоўскі стаў пачувацца лепей ужо на другі дзень шпіталізацыі. Трымаў хвост дудою. Быў гатовы выпісацца ды хоць пасля абеду. Але лекарская грамада па-свойму глядзела на яго стан і з выпіскай не спяшалася. Тады ён узяўся абяцаць далячыцца дома, абы толькі далі магчымасць хутчэй вярнуцца на радзіму. Сказаў пра гэта і пільным дактарам, і клапатлівай харватцы. Дактары фыркалі. Харватка нудзілася. Ягор не адступаў. Ледзьве не праз беларускую амбасаду знайшоўся кампраміс.
Іванкавіч расстаралася з квітком на дужа зручны чартарны рэйс. Руткоўскі маніўся аддзячыць. Стрымліваючы слёзы, яна сказала, што лепшай падзякай будзе працяг «зносіць» з ёй. Ён запэўніў, што іх камунікаванне не абарвецца.
Тым часам паліцыя бясплённа спрабавала вылічыць рабаўніка. Патрэбных звестак мелі вобмаль. Паказанні Ягора, як і сведчанні Ядранкі, не змянілі грунтоўнай аселасці следства на хутары Тупікоўшчына. Дадому навуковец вяртаўся без аніякае пэўнасці ў тым, што злачынства калі-небудзь раскрыюць. Строіць жа здагадкі было цяжка – як бы ні ляпіў з сябе героя, па-ранейшаму балела галава і вялі рэй прапісаныя дактарамі анальгетыкі.
Харватка праводзіла яго амаль да самай узлётна-пасадачнай паласы. Правяла б і да самалёта, калі б ёй дазволілі. На развітанне мужчына стрымана ўсміхнуўся і падаў руплівай таварышцы руку. Збянтэжыўшыся, яна з ім парукалася, але выглядала, быццам ёй гэтага было катастрафічна мала.
– Не журыся. Пры першай жа магчымасці я звяжуся з табой праз антыскайп, – беларус памкнуўся націснуць на кнопкі «падбадзёрыць» і «абнадзеіць».
– Калі я заканчвала школу, то падарожнічала па краінах былой Югаславіі, – пачала яна замест меркаваных развітальных формул. – І вось у адным сербскім горадзе мяне занесла да прадказальніка. Гэта быў не нейкі там танны астролаг, а спадчынны прарок. Ён проста з парога спытаў, ці сапраўды я хачу ведаць сваю будучыню, бо, маўляў, яна мне можа і не спадабацца. А я ж была наколькі юнай, настолькі ж і ўпартай. Максімалісткай, адным словам. Я не думала, што выпадковае прадказанне зможа перайначыць мой лёс.
– Ніколі не слухаю прадказанняў ні ад танных, ні ад дарагіх вешчуноў, – Ягор таропка стаў узводзіць вакол сябе дадатковы абарончы вал. – Варта нам пачуць нешта такое, як міжволі мы пачынаем праграмаваць сябе. Прароцтва бярэ над намі верх, калі мы пачынаем надаваць яму зашмат увагі і занадта браць да галавы.
– Магчыма, што ў некаторых выпадках так і ёсць. Але не ў маім. Я забылася на словы прадказальніка роўна да свайго першага студэнцкага кахання.
– Кахання? – сумеўшыся, перапытаў мужчына. – Што ж там за прароцтва?
– Прадказальнік быў вельмі нешматслоўным. Сказаў: «Будзеш кахаць, але сцеражы галовы сваіх каханых», – неўпрыкмет для сябе перайшла на шэпт Ядранка.
«Які велягурысты спосаб прызнавацца ў каханні!» – эгаістычна самазамілавана падумаў Ягор, адчуваючы востры недавер да пачутага. Уголас жа ён адрэагаваў абсечаным, набітым цюхцяйскай няцямлівасцю запытаннем:
– Што?
– У студэнцкія гады я пакахала аднакурсніка. Яго звалі Прэдраг. Шпацыравалі аднойчы разам па сцежках парку Максімір у Заграбе. Каля аднаго возера яму на галаву звалілася чарапаха. Кажуць, што шуляк ляцеў па небе, трымаючы яе ў кіпцюрах, але ўпусціў. Я выклікала хуткую дапамогу, але выратаваць каханага не змаглі. Згадала прадказанне. Жахнулася. Яно стала выглядаць праклёнам. Я не ведала, што рабіць далей. Маладая, сімпатычная, прагная кахаць. Як я мусіла паводзіцца, ведаючы, што словы прадказальніка спраўдзіліся? Паспрабавала ачарсцвець душой. Агрубець у пачуццях. Толькі б не кахаць. Ніколі. Нікога.
– Атрымалася?
– Антуну адцяла галаву кавалкам аўтамабіля, у які ўрэзаўся цягнік. Драгану галаву заціснула дзвярыма няспраўнага ліфта, які потым імкліва пайшоў уніз. Младзену рассекла галаву вентылятарам ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка, які вылецеў ад сутыкнення грузавіка з пікапам. Ана – так, я спрабавала сустракацца з жанчынай – пазбавілася галавы ад удару кола падчас страшнай аварыі на аўтагонках. Нікола спатыкнуўся ў сувенірнай крамцы і стукнуўся ў шафу, а тая зачапіла паліцу, з якой упала каменная статуэтка і размажджэрыла яму галаву.
– І дзе падчас кожнага здарэння была ты? – не маючы моцы здзіўляцца і падазраючы, што яму тут на дарожку казу лабатую плятуць, удакладніў Руткоўскі.
– Галоўнае не тое, дзе я была (а была я калі паблізу, калі ўдалечы), а тое, што ты першы, хто выжыў. І цяпер я зноў у няпэўнасці. Або на табе разарвалася гэтае страшэннае кола…
– Або ты не паспела мяне пакахаць як след, – падхапіў ён, перамагаючы спакусу пазяхнуць. – Не бяры да галавы, – ён зрабіў выгляд, што не заўважыў двухсэнсоўнасці. – Усё будзе добра. Я не веру ў прароцтвы, але веру ў наканаванасць. А мне наканавана жыць, каб…
Мужчына не дагаварыў – з рэпрадуктараў абвясцілі, што пасадка на яго рэйс праз дзесяць хвілін заканчваецца. Ён яшчэ раз падзякаваў дзіўнай прыяцельцы за клопат і папрасіў не пераймацца. Яна, балансуючы між жаданнем і страхам, прытулілася да яго і пацалавала ў калючую шчаку.
Калі самалёт узляцеў і ўзяў курс на Мінск, Ягор цяжка ўздыхнуў і пастараўся выкінуць з галавы ўсё, што перад тым пачуў ад Ядранкі. Галава ныла. Прапісаныя ў дарогу лекі не дапамагалі. Сон не ішоў. Мозг, які перажыў страсенне, упарта супраціўляўся старанням гаспадара, зусім не збіраючыся вытрасаць з сябе словы харваткі. Дзе там праўда, а дзе выдумка – бабка надвое варажыла. Але тое, што Ядранка ў яго закахалася, беларус не мог не зразумець. І гэтае разуменне даймала. Ён не пярэчыў бы сяброўству. Нават вельмі шчыльнаму. І нават з такімі страшэннымі гісторыйкамі. Каханне ж тут было залішнім. Зрэшты, што насамрэч стаяла за яе аповедам, можна было адно толькі гадаць.
Не навіна, што жанчынам усцешна бываць прычынаю рызыкі зломнай. Але ўсё, што Ядранка казала пра гібель сваіх каханых, здавалася неймаверна знаёмым. Ці то з сярэднявечных хронік, ці то з сучаснага гарадскога фальклору. Не верылася, што яна сапраўды перажыла ўсе гэтыя трагедыі. Але і ўважаць іх за прыдумкі дзеля прыцягнення ўвагі неяк не выходзіла.
Калі б яна не выклікалася дапамагаць у складаных абставінах, Руткоўскі і пальцам не паварушыў бы дзеля развіцця іх знаёмства. Ці ж мала бывае выпадковых сустрэч падчас навуковых канферэнцый! Аднак адчуванне абавязку не дазваляла саскочыць. Ён пачуваўся закладнікам. Змагаючы несціханае ныццё галавы, імкнуўся заснуць.