Навасельцава Ганна В. - Калі цябе спаткае казка…

Шрифт
Фон

Ганна Навасельцава

Калі цябе спаткае казка…

***

СМЯХОТНАЯ (НЕ)БЫЛІЧКА ПРА ЧАРАДЗЕЯЎ НЕВЯЛІЧКІХ…

Паслухайце, падзівіцеся, людцы добрыя! Ладна ды згодна жылі сваякі-суседзі, Саўка Саўчыкаў ды Грышка Грынчыкаў. Паважаныя, шанаваныя, працавітыя, ашчадныя, старанныя… аж праз меру. Абодва заўзятыя аматары рыбаліць. Хоць, як вядома, меры тут і няма… Нідзе няма: ні як старанным ды працавітым быць, ні як вуду трымаць. Хоць і таптуху шанавалі… Але ж усялякае здаралася!

Дык вось я пра што! Сябравітыя, значыць, суседзі, адна і загана, што любяць хваліцца. Ды не так самі сябе, як адзін аднаго… А ўжо калі пачнуць хваліць – не нахваляцца! Як яно зазвычай бывала… Прыйдзе Саўка ў які гурт, памаўчыць важна ды і завядзе простую гаворку:

– А ў Грышкі ж карова не карова, а проста золата!

– Што, малаком хоць заліся? – у яго пытаюцца.

– Куды там! На малако – як тая каза… Затое ж разумная! Разумней, чым Грышкава жонка!

– Як гэта так?

– А што вы думаеце! Іду надоечы праз сваю палоску, мы ж разам косім лазнянскі лужок, дык бачу зусім парадак. Сена і скошана, і высушана, на сене ж ляжыць Грышкава…

– Жонка?

– Куды там! Карова! Сена на ўсю ляпу хапае як не падавіцца! А побач стаіць…

– Грышка?

– Грышкава жонка! Каровы не ганяе, сена ў валок заграбае! Ты, Грыпіна, кажу, карову пужні, каб не рабіла шкоды. А яна мне кажа, не карова, зразумела, а жонка: «Не буду каровы гнаць! Яна мне сказала, што ёй Грышка дазволіў!»

– Га-га-га! Карова сказала, што ёй Грышка дазволіў есці летам сена! Карове, не жонцы…

– А можа, і жонцы, – разважліва цягне Саўка. – Грышка ж не скупы, самі ведаеце!

– Ды ведаем! Сваёй шыкоўнай трохі палапленай світкай сёмы год хварсіць! А боты ж, боты! Падаб’е каторы раз жалеззем – і як новыя! А шапка! І зімовая, і летняя. Вось які наш Грышута! Самы-самы…

– А і зусім у яго карова чарадзейная! – запэўнівае ўсіх Саўка. – Не вераце?

– Верым! Бо размаўляе!

– І-і-і! Не толькі размаўляе! Сама на пашу ходзіць, сама з пашы вяртаецца. Мне Грыпіна так і казала: «Я з каровай толькі дзеля добрай кампаніі хаджу! Лепей, чым з Грышкам».

– Вось яно, сямейнае шчасце!

– Э-э-э! Не кажыце! Мне Грышка сам надоечы дзейкаў, што, маючы такую чарадзейную карову, – шчаслівы… І жонкі яму не трэба! Самы-самы…

– А ты, Саўка, шчаслівы? – спытаюцца ў яго. – Калі ж надумаеш жаніцца?

– Ды дзе ж тое шчасце падзелася, – цяжка ўздыхне той. – Не ведаю…

Колькі часу мінецца, а з суседзямі, са сваякамі, з суседскімі сваякамі дойдзе тая гамонка да Грышкі. Дык той, як гэта кажуць, не чакаючы зімы, ідзе ў які, малы ці вялікі, гурт… Пра нейкую драбязу запытае, уздыхне ды скажа самае галоўнае:

– А ў Саўкі ж конь проста залаты, проста чарадзейны!

– Што, лётае, нібы вецер? Дужы, нібы асілак?

– Куды там! Валюхаецца, нібы качка! Недакормленая… Але ж разумны! Разумней за Саўку!

– Як гэта так? – у яго запытаюцца.

– А што вы думаеце! Іду надоечы праз сваю палоску, мы ж разам косім лазнянскі лужок, дык бачу, як Саўка сена возіць… Воз кладзе ды ў каня пытаецца, ці трэба болей класці, ці ж не… Конь, праўда, яму нічога не адказвае.

– Чаму гэта? Відаць не такі чарадзейны, як твая карова, што добра гаворыць…

– Ды не! Ганарысты, мабыць, аж болей за самаго Саўку, які, ці ведаеце, самы ганарысты!

– Як гэта так?

– А вось так! Едзе ўранні на сваім кані, седзячы задам наперад. Відаць, каб не вітацца… І не вітаецца! Нос угору, хвост трубой…

– Конь нос угору? А Саўка…

– Не! Саўка нос угору! А каніска яго чарадзейны хвост трубой! Відаць, каб хвост па носе не даставаў! Во як бывае…

– А Саўка ж наш, Саўка! Як з яго не цешыцца!

Усе ведаюць, што Саўка на язык лоўкі, Грышка – не надта каб… Таму ж Грышку як могуць дапамагаюць. Пытаюцца прыязна, заклапочана:

– Што ж яшчэ той конь чарадзейны робіць?

– А ўсё! Працавіты, шэльма, не тое, што ягоны гаспадар…

– Ты ж казаў, што ён быццам худая качка?

– Дык праўду казаў! Ад таго і худы, што спрацаваўся. Саўка на возе спіць, а конь воз цягне. У канаву… Саўка прачнецца, пасварыцца і далей храпе. А конь зноў воз цягне. З канавы ў лес…

– А з лесу дадому?

– А з лесу ў возера! І паплыло сянцо! А Саўка зноў за касу бярэцца…

– Го-го-го! Працавіты наш Саўка! Гаспадарлівы! Дбайны! Самы-самы…

– Сам казаў, – паважна ўздыхае Грышка, – што, маючы такога цудоўнага каня, нікога ў гаспадарцы трымаць не трэба! Дык і не трымае! Адно сена косіць як на тры каровы… Якіх не мае.

– Шчаслівы чалавеча! Ведае, што яму трэба! А ты, Грышка, ведаеш? – спытаюцца ў яго.

– Эх! Каб ведаў, у золаце хадзіў бы! – цяжка ўздыхне той.

І зноў суседзі намаўляюць, сваякі гукаюць, а Саўка ды Грышка адзін аднаму зусім па-сяброўску ўсміхаюцца. Радуюцца. Вітаюцца прыязна, хоць злыя языкі патроху плявузгаюць, што пры гэтым хвігу ў кішэні хаваюць… Нагаворваюць, вядома, тое, чаго няма, зайздроснікі. Не языкі, іх гаспадары, якія занадта ж языкатыя.

А Саўка ды Грышка адзін да аднаго і зусім зычлівыя. Прыйдзе Саўка да Грышкі ў хату і папросіць: «Падары, суседзе, мне свайго ката. Такі ён у цябе дабрэнны, такі хвацкі!» «А бяры, суседзе, – скажа яму Грышка, – мне ж для цябе нічога не шкада. Відаць, усяго цябе мышы апанавалі». І падасць яму ката. Назаўтра гром грыміць, маланка ляціць, дождж лье як з вядра, а Грышкаў кот сядзіць на Саўкавай страсе. Няйначай, чаруе. Злавесна хмары хвастом гоніць… Ці не? Так сабе забаўляецца, пад дажджом мокне.

Бяжыць Саўка да Грышкі ў хату, крычыць, злуе, сварыцца: «А твой жа кот дожджу нагнаў, сена ўсё памачыў, каб на яго балесь!» «Ну і няхай балесь на тваё сена», – спакойна пагодзіцца разважлівы Грышка, а Саўка аж закіпіць ад такога. «Ты не клапаціся, мой котка перуноў не баіцца», – яшчэ дадасць гаспадар, і дождж запар тры дні ідзе, дапамагае сушыць сена.

Мокры Саўка зусім занудзіцца, але ж і Грышку мокра. Дык прыйдзе Грышка да Саўкі ў хату і папросіць: «Падары, суседзе, мне свайго чырвонага пеўня. Няхай гэта і адзінае, што ў цябе ёсць у гаспадарцы, акрамя каня. Такі ён у цябе хвацкі, такі дабрэнны. Певень, а не конь». «А бяры, суседзе, – скажа яму Саўка, – мне ж для цябе нічога не шкада. Відаць, усяго цябе макрынь апанавала». І падасць яму чырвонага пеўня. Назаўтра сонца пячэ, на небе ані хмаркі, гарачынь душыць, хоць ад калодзежа не адыходзься, а чырвоны певень на Грышкавай страсе сядзіць. Няйначай, чаруе. Злавесна вятры-сухавеі крыламі гоніць… Ці не? Так сабе забаўляецца, пад сонцам пячэцца.

Бяжыць Грышка да Саўкі ў хату, крычыць, злуе, сварыцца: «А твой жа певень гарачыні нагнаў, хоць задыхніся, хай на яго балесь». А Саўка паважна ўсміхнецца: «Ты не клапаціся, майго пеўня ніякая хмара не прагоніць». «Цмока на яго паклічу», – грозіцца Грышка, на што Саўка нічога не адказвае, мусіць, певень той цмока ўсё ж баіцца.

Адным словам, сябруюць Саўка ды Грышка, адзін аднаго ані баяцца. Не баяцца, кажу, адзін аднаму радзіць, а то і дапамагаць з мілай душой… Жне Грышка з Грыпінай сваю пшанічку, а Саўка тут як тут. Усміхнецца з хітрынкай ды скажа, што рана яны жнуць, колас яшчэ не ўвесь саспелы. Ды і заломіць залом на яшчэ нязжатым, каб спела зернетка хутчэй. Падзякуе Грышка і далей сабе працуе. Жне ды жне, жне ды жне, ужо і жонка, насварыўшыся, дадому пабегла, а Грышка ўсё жне. Так цяжанька сярпок падымаецца, за каласы чапляецца, працаваць зусім не хоча… Залом жа стаіць, сілу чарадзейную трымае, палетак за палеткам зжынаць не пушчае… Дык і праўда, пакуль Грышута цяжка так гаруе, то і колас даспявае. дзякуй добраму суседу!

А вось і Саўка жне сваё жытцо, спелае, наліўное. Золата, а не жыта. Ці срэбра… Дык Грышка тут як тут, усміхаецца з хітрынкай. Гаворыць, што дапаможа жыта ў гумно звезці. «Не трэба, суседзе, – скажа яму Саўка, – маю ж чарадзейнага каня, сам неяк упраўлюся». «Э-э-э, ды што твой чарадзейны конь. Я вось маю чарадзейную карову, дык гэта ж справа. Яна ўраз снапам рады дасць. Ты не турбуйся». Як пад вечар пойдзе Саўка дадому, а на яго поле чарадзейная Грышкава карова – шась. Ды шастае туды-сюды, змяркання чакаючы. А тады ж сноп рагамі ўгору як падкіне – і паляцела жыта ў неба, так што і не відаць яго ў цьмяна-сіняй вышыні. І другі, і трэці, і пяты, і дзясяты, і так усё поле пакідае, а неба пасля зорнае-зорнае. Як срэбрам пасыпанае. Дык Саўка апасля клопату не мае. Дзякуй, дзякуй добраму суседу!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3