Латышкевіч Маргарыта - Вараціш-гара стр 3.

Шрифт
Фон

– Паедзеш адна – а раптам што здарыцца? Так лепей. Бяспечней.

Вось і зараз ён хваляваўся і казаў пра бяспеку. А Ільзе, як і раней, падавалася, быццам справа зусім не ў бяспецы, быццам яе проста хочуць у рэшце рэшт замкнуць у замку, як каштоўную рэч, на якую нехта можа паквапіцца. Яе свет за два гады страшэнна звузіўся, здрабнеў: зараз пра паляванне ці самотныя конныя шпацыры нельга было і заікнуцца, а выбрацца без невялікага эскорту на кірмаш было амаль недаравальнай безразважлівасцю. Ніякіх табе даспехаў, ніякіх табе мечных практыкаванняў з дружынай. Дзень вяселля няўмольна набліжаўся, і ад гэтага, як і ад непрыхаванай радасці Алізара, як і ад новых і новых забарон і правіл, парушаць якія было нельга, Ільга ўсё болей і болей адчайвалася.

І дакарала самой сабе: як можна! З ёю абыходзяцца так добра, яе прынялі ў сям’ю, пра яе клапоцяцца і хвалююцца, яе апранаюць і даглядаюць, а яна адказвае такой лютай, страшэннай няўдзячнасцю. Дакараючы, вінаватая Ільга рабілася амаль ласкавай да княжыча. Той расцвітаў на вачах, так і праменіў шчасцем, прымаючы гэта за ўзаемнасць, а ад гэтага Ільга яшчэ больш адчувала сваю няшчырасць і няўдзячнасць, сваю правіну перад ім – і перад усёй Вугеркай, калі на тое.

Але раней, пры ўсёй жудасці становішча, усё гэта не падавалася Ільзе настолькі ўжо няправільным. Раней яна, па вялікім рахунку, дзень па дні ўсё болей і болей схілялася да думкі, што мусіць, наўпрост абавязана прынесці сябе ў ахвяру шчасцю княжыча. Чалядніцы шапталі ёй, абвіваючы Ільзін стан павуціннем белага шоўку, што кожная дзяўчына ў княстве ўсім сэрцам жадала б апынуцца на яе месцы, што такое каханне, як у княжыча да яе, сёння рэдкасць і цуд. І Ільга, крывячы душой і суцяшаючы сумленне, думала: сцерпіцца – злюбіцца. Гожы малады княжыч, які за апошні час выраўняўся ў ладнага юнака, з цёплымі карымі вачыма, з шаўковымі цёмнымі кудзерамі, здаецца, сапраўды кахаў яе. Пакахаў, толькі пабачыўшы, і ўвесь гэты час абяцаў абараняць. Так што яна была ўпэўнена, што павінна калі не пакахаць, дык па меры сіл зрабіць шчаслівым добрага княжыча, што вяселле і абавязковае шчасце пасля, доўгае–доўгае жыццё разам – гэта якраз тое, чаго і ёй самой хацелася б.

Толькі вось у смаку таго яблыка было штосьці такое, што ўсхвалявала яе памяць, што адшукала ў яе памяці і ў сэрцы – страшную, балючую пустку, рану, якая хай і запяклася, але ўсё яшчэ смылела. І, асэнсаваўшы ўсё, быццам ачомаўшыся, быццам абудзіўшыся ад доўгага сну, Ільга раптам з жахам зразумела, што змаладушнічала, збаялася аднойчы і сама сябе загнала ў кут, у тупік без выйсця. І ад гэтага асэнсавання зямля сыходзіла з–пад ног і не ставала паветра.

І зноў падалося, быццам яна вось–вось павінна ўспомніць усё, трэба толькі напружыць памяць у апошнім высілку.

– Хаця б весела было? – спытаў Алізар мякка, не выпускаючы яе руку са сваіх далоней. Ільга здрыганулася ўсім целам, зірнула на яго спужанымі вачыма. Нітачка зноў перарвалася, унутраная бездань дыхала самым сапраўдным ледзяным холадам – так, што Ільгу ўзяла дрыготка.

Княжыч заўважыў, варухнуў бровамі, скінуў падбіты футрам плашч, захутаў Ільгу. Усміхнуўся, сустрэўшыся з ёй поглядам, і ад гэтай шчырай і цёплай усмешкі ў Ільгі сціснулася сэрца.

– Хадзем, хадзем, – сказаў Алізар, асцярожна адвёўшы ад Ільзінага твару неслухмяную пасму. – Вечарэе, з верасовых пустак цягне сырасцю.

І Ільга, блытаючыся ў аксамітным падоле, дазволіла сябе звесці, дазволіла сабе расслабіцца, кінуць спробы адолець прагал ва ўспамінах. Адчувала моцную цёплую руку вакол сваіх плеч, думала мляўка, павольна і ленавата: і няхай так застаецца, і няхай так і будзе. У казак ёсць свае законы, казкі ўсе расказваюцца на адзін лад, і нічога з гэтым не зробіш, і супраціўляцца марна.

– Там быў стары гусляр, – задуменна прагаварыла Ільга. – Уяві, спяваў пра князёўну і цмока. Пра мяне.

Прамовіўшы гэта, раптам сумелася, і зноў адрынула мляўкасць, паспрабавала засяродзіцца на аднойчы заўважанай няправільнасці.

Княжыч яе задуменнасці, здаецца, не заўважыў, але гусляром зацікавіўся.

– У нас у замку амаль няма музыкаў, – заўважыў ён мімаходзь. – Варта было б запрасіць каго, калі папрыязджалі на кірмаш. Праўда ж?

Ільга адказала кіўком. Музыкаў у замку сапраўды было нямнога, а тыя, што былі, не маглі асабліва пахваліцца ані выбітным уменнем, ані пекнымі песнямі. Князь хацеў склікаць лепшых майстроў з бліжніх зямель на кірмаш і на сынава вяселле, але з тых запрошаных пакуль яшчэ ніхто не з’явіўся.

Зрэшты, падумала Ільга, гэта трохі нават дзіўна. Усе гэтыя два гады ў княжым замку яна не чула сапраўднай музыкі. Вядома, жанчыны часам спявалі за працай, а дружыннікі – за кубкамі з віном, але тая музыка была дамашняя, для сваіх патрэб, без палёту, без віхуры і чароўнай сілы. Дзеля танцаў на баляваннях запрашалі і музыкаў, часцей вандроўных майстроў кшталту таго старога гуляра, але ўсё было не тое, не так, не сапраўднае. Бо сапраўдная музыка – Ільга гэта знекуль цвёрда ведала – мусіла быць менавіта чароўнай, палётнай, крылатай. Не таму, што яе наўмысна спавівалі чарамі, а проста таму, што іначай стварыць сапраўднае не атрымаецца. Проста таму, што іначай не ўмееш. Проста таму, што музыка – такая.

Яна задумалася над гэтымі апошнімі думкамі, перабіраючы ў памяці, адкуль магла б пра гэта даведацца, ад каго пачуць. Таму і не заўважыла, што яны з княжычам прыпыніліся і сталі ў адным з вузкім замкавых калідораў ля габелена са сцэнаю палявання. А калі заўважыла ўсё гэта і падняла на Алізара твар, княжыч ужо гаварыў, злёгку чырванеючы і хаваючы вочы. Гаварыў ён ціха, але цвёрда, што намеры ў яго ніколькі не змяніліся, што Ільга не павінна думаць, быццам ён з ёю выключна таму, што так вырашыў бацька, што раней ён, Алізар, і не ўсведамляў, наколькі можна…

На гэтым княжыч пачырванеў асабліва густа і замоўк. Ільга глядзела на яго вялікімі вачыма, збіраючыся з думкамі, наважваючы сказаць тое, што даўным–даўно павінна была сказаць. Праўда, Алізар яе маўчанне і позірк патлумачыў для сябе на зусім іншы лад – і, усё яшчэ чырванеючы, пяшчотным, але настойлівым дотыкам прыцягнуў Ільгу за падбароддзе і пацалаваў у паўадкрытыя для пярэчанняў вусны. Ільга імгненна ўспыхнула, задыхнуўшыся ад нахабства, з сілай уперлася княжычу ў грудзі рукамі, адштурхнула і вызвалілася.

– Ты што гэта тут яшчэ надумаў, ёлупень? – сказала Ільга сярдзіта. – Ты ідзі лепш загародку ў хляве памацай. Выдумшчык!

Да пацалункаў у іх яшчэ неяк не даходзіла, ды і самой Ільзе неяк дзіўнавата і смешна было думаць, што пасля вяселля княжыч і на яе пацалункі, і на многае іншае, пра што шэпчуцца чалядніцы, будзе мець нейкае там сваё права. А зараз, калі на вуснах яна яшчэ адчувала салодкі яблычны прысмак, калі ўсёй сваёй істотай была там, ля прорвы бяспамяцтва, гэта і ўвогуле падавалася лішнім, недарэчным, нават блюзнерскім.

– Проста… мы ж нібыта… ну… – прагаварыў Алізар і ледзь не згарэў з сораму пад ледзяным Ільзіным позіркам.

– Нішто сабе, – глуха выгукнулі аднекуль збоку. Алізар, здрыгануўшыся ад нечаканасці, і сам адступіў, чырванеючы яшчэ гусцей, а побач з габеленам вырас мажны Тамаш Дубыніч, пашчыпваў чорную кучаравую бараду, скаліў з вышыні белыя зубы.

– Хто каго любіць, той таго і чубіць, – весела казаў Дубыніч, звузіўшы шэрыя вочкі. – Вы іншага месца й часу не знайшлі, каб на людзях тут мілавацца?

Алізар, у аднолькавай ступені злосны і прысаромлены, нагадаў дзядзьку – і, мабыць, Ільзе адначасна таксама, – што ў іх зусім хутка вяселле. Дубыніч толькі пахітаў галавой і паўзверх макаўкі сярдзітага пляменніка звярнуўся да Ільгі:

– Пагамонім, дзеўка? Трэба. Дужа.

– Пагамонім, дзядзька, – з кепска прыхаванай радасцю пагадзілася Ільга. І, скінуўшы Алізараў плашч княжычу на рукі, таропка сышла, быццам уцякла, разам з Дубынічам, ці, дакладней сказаць, следам за Дубынічам, бо побач з ім нават Ільга не змагла б прайсці па нешырокім калідоры.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора