Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 4.

Шрифт
Фон

Дапішу потым… Заўтра.

…Спяшаюся, хачу дапісаць. Хачу, каб потым мае дочкі, і асабліва Магда, калі яна вырасце і прачытае… як хочацца, каб яна не паўтарыла маіх і яе, Неферціці, памылак, калі атрымаецца…

Я спынілася на тым, як з вачэй Неферціці паліліся слёзы. Шурпаты камень стаўся пылам. Яе шчокі паружавелі, паярчэлі. І прыадчыніліся пульхныя, чуллівыя вусны.

– Ты смелая жанчына, – сказала яна ўздыхам, – А я вось не адважылася спраўдзіць сваё трэццяе каханне. Яно так і патанула толькі ўва мне. Зараз у мяне з’явіцца цела, і мы здзейснім падарожжа ў часе. Я запрашу цябе да сябе. У тым доме, доме, які стаіць за мяжою нашага галоўнага горада, у тым доме, куды Эхнатон выселіў мяне разам з дочкамі і Тутанхамонам. З Тутанхамона, Эхнатон так хоча, калі я ўжо не здолела нарадзіць яму сына, я мушу выхаваць зяця, мужа адной з нашых дочак і будучага фараона. Дык вось, у тым доме ёсць адзін вельмі ціхі дальні пакой. Ніхто нас там не патрывожыць. Давай сваю руку. О… І ў цябе на скуры ўжо расцякаюцца карычневыя плямкі – старэчае рабацінне, прыкмета таго, что пара квітнення скончана…

Яна пагладзіла мяне па руцэ. І мая маленькая далонь сцішылася ў гарачых абдымках яе даўгіх тонкіх пальцаў. І мы пайшлі, паляцелі, і тысячы кіламетраў і тысячы гадоў пераўтварыліся для нас у адноадзінае імгненне. Лёгкі саладкаваты водар ахінуў і разняволіў. Мы пераплылі раку часу і выйшлі на бераг яе пакоя. Пераступілі парог і важкая барвовая заслона апала за намі. Тут ніхто нас не патрывожыць.

– Ведаеш, што больш за ўсё мяне ўражвае?.. І ты, і слугі, паўз якіх мы прайшлі, стаіце і рухаецеся не ў каноне, а як усе мы, натуральна і проста… – сказала я на зразумелай для Неферціці мове.

– Штошто? А як ты думала, мы павінны рухацца? – перапытала гаспадыня ўжо без слёз, з усмешкаю.

– У каноне. Я столькі бачыла замалёвак з раскопак. І паўсюль старажытныя егіпцяне ў, як мне тлумачылі археолагі, адзінай дазволенай паставе: галава і ногі ў профіль, тулава ў дзве трэцціх, а плечы ў фас. А фараон абавязкова ў некалькі разоў большы за сваіх падданых.

– Сапраўды, нашыя мастакі так і малююць. Але ж гэта не значыць, што мы так ходзім, і што фараоны большыя за іншых.

Ціхі дым лунаў над намі. Гэта быў мяккі водар сандала ці чагосьці надта на яго падобнага. Мы прыселі на лёгкія крэслы, адна насупраць адной. Цяпер была чарга спавядацца Неферціці. А яна маўчала. І ў яе маўчанні блукала гаркота.

У пакоі было шмат сінечы і золата. Сонечны дыск працягваў свае промнідалонькі да найпрыгажэйшай, той, што прыйшла сюды…

– Мяне прывезлі з вельмі зялёнай краіны, краіны, дзе шмат дрэваў і чыстай, празрыстай, жывой крынічнай вады… Мяне прывезлі сюды зусім дзяўчынкай. У падарунак Аменхатэпу ІІІ, бацьку Аменхатэпа ІV, якога вы ведаеце, як Эхнатона. Аменхатэп ІІІ быў воін, моцны воін. І ў яго было шмат жонак. Яны… яны ўсе нядобра прынялі мяне, бо я была зусім юная, свежая і прывезла на берагі велічнага Ніла танцы сваёй радзімы… Тут, сярод гарачых пяскоў і гэтае невыноснае спёкі па вечарах, калі фараон і ягоныя воіны збіраліся на пір, а ў паветры лунала задуха, я танцавала ім танец вады, танец прахалоды, я прагнула ахінуць іх усіх прахалодай. Аменхатэп ІІІ вельмі любіў глядзець, як я танцую. А аднойчы пасля танцу ён падыйшоў, узяў мяне за руку, нахіліўся і пацалаваў. У мяне ад таго ягонага гарачага дотыку ногі замлелі і калені падагнуліся. Аменхатэп ІІІ быў такі моцны, і гэтая моц іграла ў кожным ягоным жэсце, руху, кожным ягоным кроку і нават у позірку ягоных цёмных агатавых вачэй. Ён глядзеў зпад броваў, рэзка, уладарна…

Жанчыны такім, як Аменхатэп ІІІ, падначальваюцца без словаў. І я… Але пра гэта сорамна казаць. Не, мы не паспелі быць разам… Ён толькі аднойчы нёс мяне на руках.

Неферціці падняла на мяне свае вільготныя зеленаватыя вочы і абцягнула на каленях лёгкую, амаль празрыстую, аздобленую ажурным залатым шытвом сукенку.

– Тут па вясне, калі Ніл разлівае свае воды, адзначалі свята вяртання з падземнага царства Асірыса, свята адраджэння прыроды. Аменхатэп ІІІ быў як заўжды Асірысам. А Ісідаю тым разам выбралі мяне. Я не была галоўнаю жонкай, але Аменхатэп ІІІ настояў, каб жрацы менавіта мяне апранулі Ісідай. Я стаяла на каленях, на гарачым пяску і аплаквала свайго мужа Асірыса, я чакала, калі наш сын – светлы сокал Гор аддасць сваё вока бацьку, і Асірыс паўстане з мёртвых. Горам быў юны Аменхатэп ІV. Ён назіраў за ўсім, што адбывалася з вышыні, разам са жрацамі. А жрацы, быццам наўмысна, не выпускалі Асірыса. Я стаяла ўкленчыўшы на гарачым пяску. І колкія гарачыя пясчынкі праз гэтую вось танюткую белую сукенку апякалі мае калені, мае ногі. І сонца сляпіла вочы. Пякло нясцерпна. Я зірнула ўверх. Малады Аменхатэп стаяў між жрацоў, якраз на фоне сонечнага дыска і ягоны сілуэт, чорны, рэзкі, сапраўды нагадваў сілуэт сокала Гора. Ён быў без вока. Ён даўно аддаў сваё вока. Каб вызваліць свайго бацьку Асірыса. Каб высушыць мае слёзы. Каб зямля адрадзілася ад зімовага сну. Чорны птушыны сілуэт на фоне пякучага, нясцерпна пякучага сонца. Гэта апошняе, што я памятаю. Страціла прытомнасць. Мая служанка, мая верная Ія потым расказала мне, што Аменхатэп ІІІ вырваўся з рук жрацоў, усхапіў мяне на рукі і панёс у цень. Я памятаю ягоныя моцныя цёплыя рукі, так бацька калісьці люляў мяне. І яшчэ памятаю прахалоду, паўзмрок храма, зараснікі папіруса, зорнае неба над галавой, смак дажджу. Потым я зразумела, што гэта не папірус, а калоны, і неба не сапраўднае, намаляванае. А ваду ліе на мяне мая служанка… І толькі рукі. Ягоныя моцныя рукі былі праўдай. Ведаеш, што ён сказаў мне тады? «Ты лёгкая, як пёрка…» Як пёрка…

– Археолагі расказвалі мне, – перабіла я споведзь царыцы, – што ў Старажытным Егіпце верылі ў тое, што пасля смерці Анубіс, бог падземнага царства, узважвае чалавечую душу. Каб лічыцца бязгрэшным, трэба, каб яна, душа, была лягчэйшаю за пёрка. Анубіса так і малявалі, з шалямі ў руках. На адной чашы – душа, а на другой – пёрка…

– Аменхатэп ІІІ пасля смерці не набыў вечнага жыцця. Ягоная душа пераважыла пёрка, – задумліва прамовіла Неферціці, – Ён шмат грашыў. Ён быў воін. Ён забіваў. Ён вымушаны быў забіваць. Але ў яго былі такія моцныя і пяшчотныя рукі…

– А ягоны сын, Аменхатэп ІV? – спыталася я. – Цябе ж усе ведаюць, як ягоную жонку.

– Аменхатэп ІV быў зусім іншы… Ён менш ваяваў, менш забіваў. Але ён знявечыў, растаптаў маю душу… І я, хоць нарадзіла яму дочак, выхоўваю зяця, наўрад ці змагу дараваць яму…

Неферціці ўзняла галаву. І я пазнала, цяпер вось зусім пазнала яе профіль, высакародны профіль царыцы…

– Але ж у гісторыі вы з Аменхатэпам ІV засталіся адною з самых гарманічных пар. Кажуць, што ў многім і дзякуючы табе, Неферціці, фараон Аменхатэп ІV увайшоў у гісторыю…

– Ён закахаўся ў мяне з першага погляду… А можа гэта мне толькі падалося. Яго не пускалі на піры, і ён цішком падглядаў за тым, як я танцую… Я гэта ведала. Гэта ён першым сказаў мне, што мае танцы нясуць прахалоду… Ён быў чуйным тады. А на тым свяце, калі мяне апаліла сонца, ён, як і я, страціў прытомнасць. І назаўжды затаіў крыўду на жрацоў. Потым, калі пасля смерці бацькі Аменхатэп ІV стаў паўнаўладным уладаром, ён раздарыў свой гарэм, і пакінуў сабе толькі мяне. Ён казаў, што я даю яму прахалоду, раблю ўпэўненым, натхняю на вялікія справы. Я дапамагала яму ва ўсім. А ў гарачыя, душныя ночы мы ўзляталі і патаналі адно ў адным, мы блукалі ў глыбінях кахання. Мой фараон здолеў здзейсніць найвялікшыя пераўтварэнні. Ён аддаліў жрацоў і наблізіў да нас сонца. Сам наблізіўся да яго. І яно наблізілася да нас. Цяпер, каб дазнацца волю нябёсаў, можна наўпрост звяртацца да Сонца. Ён стаў Эхнатонам. А я Неферт-Неферт-Атон. Мы пераехалі ў новы горад. Мы пачалі новае жыццё. Эхнатон не быў такім моцным, як ягоны бацька. Але ў яго была воля. І мне прыемна было падначальвацца ёй, гэтай волі. У нас нарадзілася дзве дачкі. А Эхнатон хацеў сына. Але не ў тым была трагедыя. У адну з начэй я зразумела, што яму не трэба ні майго цяпла, ні маёй прахалоды. У яго з’явілася Кія. Смуглявая, скуластая, нахабная. Яна ўмела глядзець так зняважліва, што хацелася збегчы куды падалей. І я пачала наведваць майстэрню юнага скульптара Тутмаса. Яму Эхнатон даручыў выбіць з каменю нашыя партрэты. І там, у ахутаным дрыготкімі ценямі вогненных блікаў змрочным падвале я моўчкі назірала, як пяшчотна кранае ён мой лоб, мае шчокі, вусны… І разумела, што ніхто ніколі не ахіне мяне гэткім цяплом і пяшчотай. Мы практычна не гаварылі, нават вачыма не сустракаліся. Але аднойчы Тутмас так зірнуў на мяне… У ягоных цёмных вачах было столькі шчасця і столькі роспачы. І я ў тое адноадзінае імгненне зразумела, што ён ведае пра ўсё, пра мой боль, пра Эхнатона, Кію. І я аддалася таму ягонаму гарачаму, палкаму позірку. Мне падалося, што калі я не адвяду вачэй, то зменшу ягоную роспач. І хоць на імгненне зраблю яго шчаслівым. І мы ўзляцім, туды, да зораў. Я ўсхапілася, узяла і сціснула ягоную руку. Але ён зараз жа адвёў вочы, і я адчула… Я адчула, што ён… не, нават не сумеўся. Ён не ведае, што яму рабіць. Ён хоча вызваліцца ад маіх рук. Ад майго поціску. Ад майго цяпла. І маёй прахалоды.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3