Багданава Галіна - Сакрамэнта стр 3.

Шрифт
Фон

– Адкуль вы ведаеце пра маю адукацыю?! – здзівілася я, – Я ж ва ўсіх паперах праходзіла, як настаўніца…

– Няўжо Вы думаеце, што такая заможная пані, як я, магла пусціць да сябе ў дом чалавека, пра якога не ведала б усё да драбніц? У нас безліч сумленных агентаў. Але не зважаючы на гэты маленькі падман, я палічыла магчымым даверыцца Вам. Вы ж, урэшце рэшт не вінаватая, што газета, у якой шмат гадоў працавалі, зачынілася, і Вам давялося пайсці выкладаць у школу. А калі Вы зразумелі, што грошай не хапае, выправіліся ў Польшчу, у заробкі. Усё разумна. Вам не выпадала прызнавацца, што маеце журналісцкі вопыт. З ім Вас наўрад ці хто захацеў бы прымаць у пакаёўкі. А мне Вы патрэбная. Вам я хачу даверыць мамін дзённік… Там…

«…Самаю геніяльнаю фразай, якую я пачула ад свайго трэцяга мужа, была ўчарашняя, сказаная за сталом у рэстарацыі, так, каб яе пачулі: «Я археолаг. І да сваёй жонкі стаўлюся адпаведна. Чым яна старэйшая, тым большую каштоўнасць уяўляе.» Геніяльна, ці не так? Ды яшчэ, калі ўсведамляеш, што ты, тая самая жонка, амаль на дваццаць гадоў за яго старэйшая. Жыццёвы вопыт – вялікая справа. Але я з самага маленства такая. Усё бачу, усё чую. Усё адчуваю. Асабліва, калі гэта датычыць тых, каго кахаю ці кахала… І я, нічога не магу зрабіць, заўважыла і запомніла той выразны, палкі пагляд, які пасля вячэры, на адыход, пакінуў мой муж кучаравенькай танклявай спадарожніцы амерыканскага банкіра, з якім ён цяпер вядзе перамовы наконт фінансавання сваіх раскопак у Егіпце.

Гэтай зімю ў Эль-Амарне іхняя экспедыцыя адшукала цэлую скульптурную майстэрню, калі не памыляюся, майстра, які працаваў там, звалі Тутмас. Муж кажа, што гэта першае з вядомых у гісторыі сусветнага мастацтва імя скульптара. Там, у майстэрні, было шмат розных работ. У тым ліку некалькі выяў жанчыны – царыца, якая, так кажуць вучоныя, у новым ХХ стагоддзі можа набыць сусветную вядомасць. Адзін з яе бюстаў стаіць зараз у мяне на стале, мы ўзялі яго с сабою, яна, як і мы, плыве ў Амерыку. Даўгая выцягнутая шыя, крыху скуласты, вельмі выразны твар, бровыкрылы, задумлівыя вочы… Дакладней, вока. Другое скульптар не дамаляваў. Толькі пазначыў. Ён, як і ўсе егіпцяне, баяўся, каб душа царыцы – «ка» не выйшла з яе жывога цела і не перасялілася ў бюст. Невядома, што сталася б тады з царыцай. На адным з бюстаў быў надпіс: Неферціці. Прыгожая прыйшла. Так перакладаецца яе імя. Выявы гэтай царыцы, як кажуць археолагі, сустараліся і раней, у рэльефах, роспісах. Але імя было выразна напісана толькі на адным з бюстаў, на тым, дзе ў Неферціці на галоаве высокі царскі галаўны ўбор – ціяра. На бюсце, які мы ўзялі з сабою ў Амерыку, ціяры няма, толькі выступ, на які яна мусіла мацавацца. Можа, скульптар не паспеў яе зрабіць, а, можа, яе адбілі нейкія варвары. І афарбоўка твару ледзь праглядае. Неферціці. Прыгожая прыйшла. Цяпер вучоный расшыфравалі шмат надпісаў. І ведаюць, што яна была жонкаю фараона Аменхатэпа ІV, таго самага, які назваў сябе Эхнатонам (Атон – значыць «сонца») і, кажуць, распачаў вялікія пераўтварэнні.

Мой Джон сёлета адкапаў, адкрыў свету Неферціці. А я нарадзіла яму Магду. Цяпер, калі я трошкі ведаю лёс старажытнаегіпецкай царыцы, і веру ў яе сусветную славу, я, пэўна, магла б назваць сваю дачку Неферціці. А, можа, і не. Магда неяк цяплей, па-польску. Яна таксама плыве з намі ў Амерыку. І цяпер спіць у суседняй каюце, разам з маёй любімай нянечкай, што калыхала і мяне, і майго брата, і маю старэйшую дачушку Сафі, якая, можа й добра, з мужам і сваім маленькім сынам не паплыла з намі, засталася ў Польшчы.

Але зараз не пра тое… У гэтым бэзавым паўзмроку Неферціці здаецца жывою. І мне так хочацца пагаварыць з ёю, пра самаесамае патаемнае пагаварыць. Зараз рашуся і пагладжу яе па шчацэ…Якая мяккая, шурпатая, але ўсё адно мяккая ў цябе скура, мілая мая Неферціці, а вока, тваё вока вось зараз так заблішчэла, што мне падалося, з яго пабяжыць сляза, жывая сляза.

Не трэба, не плач. Неферціці. Давай, лепш пагаворым. Як жанчына з жанчынай. Зараз я паспрабую ўсміхнуцца. Як ты. Мякка і іранічна. Вось так. У мяне за плячыма ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў. У цябе – вечнасць, але, я ўпэўнена, ты зразумееш мяне… Мне зараз трэба выгаварыцца. Я буду пісаць і прагаворваць тое, што пішу, услых. Для цябе.

Першы мой муж Казімеж цалаваў мне рукі. Так, што ў мяне, дваццацігадовай, ад кожнага ягонага дотыку ўсё ўсярэдзіне сціналася і ветрык, скразняк прабягаў па спіне. У яго былі рудыя, шорсткія вусы, на зіму ён яшчэ адпускаў і бараду, таксама рудую і шорсткую. А вочы ў яго былі ясныя, шэраблакітныя, з хітрынкай і халаднаватым сталёвым водбліскам. Як у сапраўднага паляка. Польскага шляхціца. «Цалую ручкі»…

На жаль, а, можа, і на шчасце, я была не з тых, хто мог надоўга затрымаць ягоную ўвагу. І да мяне, і пасля мяне ён меў многіх, і, як ні дзіўна, пераважна тых, хто зневажаў яго. Мужчыны, цяпер я гэта пэўна ведаю, любяць, каб ім час ад часу рабілі масаж спіны вострымі абцасамі. Гэта іх бадзёрыць. А мне хочацца глядзець на майго мужчыну знізу ўверх, мяне раздражняе, калі моцныя людзі пачынаюць поўзаць, паруску кажучы «пресмыкаться».

У другога майго мужа П’ера былі чорныя вусы, чорная кучаравая чупрына і гэткія ж, як у Казімежа, шэра-блакітныя вочы, хіба толькі крыху цяплейшыя і замест хітрынкі – бездань даверу. І я баялася, што якая-небудзь жанчына можа проста дзеля самасцвярджэння патушыць гэтае мяккае, цёпале святло ягоных вачэй. П’ер навучыў мяне кахацца ўсім целам. Калі не чуеш, дзе рукі, дзе ногі, дзе пазванкі. Ці вусны… Калі ты ёсць ён, а ён ёсць ты. І ложак стаецца падлогай, а потым аксамітам, шаўковаю травою, лясным узгоркам. І ўсё патанае ў сонечным, зорным водары траў…

Я нарадзіла яму дачку Сафі.

Але П’ер быў французам, і, на жаль, больш за каханне любіў віно. А потым каньяк. Пазней я дазналася, што ўсе з ягонага роду любілі выпіць, і ўсе надта кепска скончылі.

Самае жахлівае, што ён не памятаў, зараз жа забываўся на ўсё светлае і радаснае з нашага з ім жыцця. І аднойчы, калі прыйшоў моцна п’яны, а я нешта сказала, ён схапіў мяне за рукі і пачаў балюча круціць іх… Пасля гэтага я доўга не магла нічога рабіць. Самае жахлівае ў тым, што вочы П’ера сталі халоднымі, шклянымі. Я кінула ўсё, забрала Сафі і, пакуль ёй не мінула васемнаццаць, не дазваляла сабе думаць пра мужчын.

Мы з маёю старэйшаю дачкою выйшлі замуж і нарадзілі дзяцей амаль адначасова. Яна хлопчыка, а я дзяўчынку.

Пра Джона, маё трэццяе каханне, ты яго ведаеш, Неферціці, ён цябе адшукаў, дык вось, пра яго мне гаварыць цяпер балюча. Ён археолаг. Ён раскапаў маю душу, ажывіў маё цела…

І раптам… Гэта сталася сёлета, пасля таго, як ён знайшоў цябе, Неферціці. Ён больш не дакранаецца да мяне, ён халодны, раздражнёны, злосны. І самае балючае, што і мне ён не дазваляе аддаваць яму свае пяшчоту і ласку. Як усё адно хтосьці адваражыў.

Вядома, я не такая, як у маладосці. Пасля родаў мае, яшчэ нядаўна стройныя ножкі распухлі, і вены цяпер нагадваюць рэкі падчас разліву. Я крыху паспраўнела. І на твары з’явіліся зморшчынкі. Але ж рукі… мае рукі, далоні, ты адчуваеш, Неферціці, я зараз адкладу ручку, адчуваеш, якія мяккія ў мяне далоні? А ён, ён не хоча браць з іх ласку… І цяпер, пэўна ж, цешыцца з гэтаю хударляваю жонкай банкіра. А ў мяне… О… Ты б ведала, Неферціці, як у мяне шторанак баляць рукі. Нямее пазваночнік. І рукі нямеюць і баляць, асабліва правая, пачынаецца вось з гэтага, сярэдняга пальца, боль ператварае маю руку, не, цяпер ужо мае рукі ў клешні. Рукі нямеюць, камянеюць, і я думаю, я ўпэўнена, гэта таму, што ім не дазволена, яны не маюць магчымасці аддаваць цяпло і ласку.

Божа, Матка Боска, але ж ты плачаш, Неферціці… Вочы. Твае вочы і праўда наліліся слязьмі. І ты плачаш разам са мною. Вочы… Вось яно, ад слёз выявілася і другое тваё вока. Зеленаватае, з вялікаю чорнаю зрэнкаю. Не атрымалася ў нас з табою іранізаваць. Заплакалі. І я адчуваю, ты хочаш нешта мне сказаць. Мы зараз пагаворым з табою, пагаворым… Не ведаю, на якой мове. Але мы зразумеем, мы мусім зразумець адна адну… Зразумеем.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3