Заключным акордам шматгадовай прамой і ўскоснай, свядомай і міжвольнай палемікі Шаўчэнкі з ідэалогіяй і грамадскай практыкай расійскага славянафільства стаў яго верш-памфлет з нагоды смерці вядомага рэакцыянера, пецярбургскага мітрапаліта Грыгорыя:
Памёр муж рупны і свядомы.Не плачце ўслых сіроты, ўдовы,А ты, Аскочанскі, заплач,Як плача зранку ў лузе драч.І Хамякоў, Русі руплівец,Масквы з правінцыяй дбайлівец,Аб юбкаборцы горка плач.І ўся, о Русская беседа,Во глас единый исповедуйСвае грахі.І плач! і плач!У кароткай сатыры-эпіграме Шаўчэнка лаканічна і дакладна, з дзіўнай праніклівасцю вызначыў некаторыя галоўныя рэакцыйныя рысы славянафільства наогул і Хамякова ў прыватнасці: арыентацыя на патрыярхальную, нарэшце, міфічную Русь; проціпастаўленне «праваслаўнай» Масквы як, маўляў, цэнтра «рускай думкі» сапсаванаму Пецярбургу як крыніцы рэвалюцыйных ідэй; квасны, перабраны звыш усякай меры патрыятызм, такая ж празмерная руплівасць аб праваслаўі (менавіта тады Хамякоў патрабаваў «неизбежного исполнения обряда»[16] ў навучальных установах) падмена грамадска-палітычнай крытыкі абстрактным маральна-рэлігійным пакаяннем…
У мінулым некаторыя даследчыкі, эксплуатуючы фальшывую тэму «атэізм Шаўчэнкі», аднабакова акцэнтавалі тыя месцы ў яго паэзіі, дзе ён звяртаўся да Бога ў гневе (пераважна за нядолю Украіны і за жорсткасць цароў і паноў), або версіі аб яго побытавым богазневажанні. Разам з тым не вельмі радасна звярталіся да той яго паэзіі, дзе праяўлялася глыбокае рэлігійнае пачуццё, і да тых сведчанняў, што паказвалі яго чалавекам прынамсі вельмі далікатным у справе веры. Вось хоць бы з успамінаў А. Казачкоўскага: «Веруй глыбокаразумна», – пісаў ён мне ў адным лісце з Новапятроўскага ўмацавання, суцяшаючы ў сямейным горы, якое напаткала мяне. Я быў сведкам, калі Шаўчэнка, слухаючы блюзнерства гаспадара, у якога ён жыў, сказаў: «Здзекавацца з тых маральна-рэлігійных перакананняў, якія асвечаныя стагоддзямі і мільёнамі людзей, неразумна і злачынна».[17]
Нагадаем і меркаванне Драгаманава: «…у першых сваіх пісаннях Шаўчэнка паказваецца такім жа набожным, як і Квітка», але «…далей стаў больш «евангельцам», чым набожным «візантыйцам», і ў Бібліі стаў шукаць духу народалюбнага прароцтва, пропаведзі суду Божага над няправеднымі. Мы не вельмі памылімся, калі параўнаем веру Шаўчэнкі ў сярэднім узросце яго з верай якога-небудзь пурытанца-індэпедэнта XVІІ ст., дадаўшы да таго, што Шаўчэнка як паэт, мастак і праваслаўны не мог выкінуць са сваёй думкі Божай Маці і нават набажэнства».[18]
Наогул, мяркуючы па ўсім, справу веры або няверы Шаўчэнка лічыў для кожнага чалавека асабістай, глыбока інтымнай. Рэлігійныя перакананні знаёмых самі па сабе яго не цікавілі, сярод яго прыяцеляў былі людзі розных веравызнанняў. І для свайго атачэння ён ніколі не ствараў і ценю нейкага бар’ера рэлігійна-сакральнага парадку. (А. Казачкоўскі, напрыклад, распавядае, як вольна і шчыра меў зносіны ён з габрэямі ці як немец-пратэстант у захапленні назваў яго «бацькам», і менавіта з яго вуснаў і атрымалася гэта найменне, што потым замацавалася за ім ва ўкраінскім народзе.[19]) Любое ўвязванне веры з нейкімі стратэгіямі, нацыянальна-палітычнымі прэтэнзіямі, сусветнымі місійнымі імкненнямі, з прымусам і стаднасцю яму чужое і непрымальнае. А афіцыйнае праваслаўе ў Расіі было казённай, абавязковай, гвалтоўнай рэлігіяй, паслухмянай служанкай улады. (Дарэчы, у тых жа ўспамінах А. Казачкоўскага, як паведамляў Драгаманаў, была выкрасленая цэнзурай згадка пра тое, што Шаўчэнка хваліў пратэстанцкую веру і асуджаў «праваславаў» за пакорлівасць перад начальствам і гаспадарамі.[20]) Шаўчэнка справядліва бачыў у праваслаўнай, казённай царкве духоўнага турэмшчыка ад царызму, сімвал ілжывасці рэжыму. Адсюль яго сарказм, грэбаванне, гнеў і смех, іронія:
…Дый далі гарачыхНедабіткам праваслаўным,А тыя – у плачы;Гудуць-вішчаць; ды як раўнуць:«Гуляе бацюшка, пара!..Ура!.. ура!.. ура!.. ура…»…Пад світаннеСкрозь усё паснула,Праваслаўныя пад стогныНа падлозе стыліДы за бацюшку праз сонГоспада малілі.На Шаўчэнкавае стаўленне да праваслаўя ўплывала і разуменне той вялікай ролі, якую царкве адводзіў царызм у сваёй палітыцы русіфікацыі Украіны і іншых народаў. Шаўчэнка не прымаў афіцыйнае праваслаўе і як ідэалагічны падмурак царскага дэспатызму, і як прыладу духоўнага прыгнёту не толькі рускага народа, але й «іншаверцаў», адзначаў ролю, якая яму была адведзена ў каланіяльнай палітыцы царызму. Так, праплываючы міма горада Чабаксары, ён запісвае ў дзённіку свае ўражанні (17 верасня 1857 года): «Если не больше, так по крайней мере наполовину будет в нем домов и церквей. И все старинной московской архитектуры. Для кого и для чего они построены? Для чувашей? Нет, для православия. Главный узел московской старой внутренней политики – православие. Неудобозабываемый Тормоз по глупости своей хотел затянуть этот ослабевший узел и перетянул. Он теперь на одном волосе держится».
Палітычнае, ідэалагічнае непрыманне афіцыйнай царквы ўзмацнялася ў Шаўчэнкі маральнай і эстэтычнай агідай – да безгустоўшчыны, фарысейства, крывадушнасці.
Шаўчэнка зыходзіў з маральных запаведзяў хрысціянства, паколькі ў іх адлюстраваны агульначалавечы маральны пачатак. Але і не абмяжоўваецца адным толькі ўказаннем на неадпаведнасць сацыяльнай і жыццёвай практыкі панства гэтым маральным пачаткам, ён ідзе далей і кажа пра тое, што хрысціянства стала гаспадарам усяго толькі зручным прыкрыццём для эксплуатацыі народа і здзекаў з яго:
…Грэх на сэрцы, грэх вялікіЎ адукаваных хрысціян.І звер таго не ўтворыць дзікі,Што вы, б’ючы паклоны,З братамі дзееце… ЗаконыПісалі каты дзеля вас,І вы паважна ў добры часУ Кіеў ездзіце штогодуДы каецеся, як ізроду,У схімніка!..Выраз «адукаваныя хрысціяне» не выпадковы і не адзіны ў Шаўчэнкі.
Гэта было паслядоўнае сатырычнае абыгрыванне, парадзіраванне, палемічнае выкрыццё як афіцыйных урадавых формул, так і моднай фразеалогіі рознааблічнага ліберальнага дваранства, з вуснаў якога не сыходзіла гэтае высакародна сказанае: «Асвета!»
У чым жа тут справа?
Перш за ўсё ў тым, што царква глядзела на нехрысціянскія народы як на не прасветленыя святлом сапраўднай веры, такім чынам, неадукаваныя, цёмныя, прынамсі з пункту гледжання духоўнага.
Праваслаўныя цары, вядома, былі тут заадно з царквой, паколькі насаджэнне і распаўсюджванне хрысціянства разглядалі як сродак умацавання імперыі. У прыватнасці, царскі ўрад лічыў сваім святым абавязкам адукаваць заваяваныя народы Каўказа, Азіі, Сібіры і інш., адсюль цэлая сістэма гвалтоўнай «хрысціянскай адукацыі» і адпаведная «высакародная» фразеалогія. Як і што рабілася – вядома. Ведаем таксама, што Шаўчэнка адным з першых падняў голас у абарону народаў, якія сталі ахвярамі гэтай «асветы», і паказаў яе характар.
На час напісання «Кавказа» (1845) Шаўчэнка не толькі быў знаёмы з рэальным становішчам нацый, а ўжо і выпрацаваў цэласную і глыбокую сістэму поглядаў на Расійскую царскую імперыю як турму народаў, дзе «на мовах усіх усё маўчыць, бо працвітае ўсё», – такое разуменне ён праявіў тады першым у Расіі, але яно наспявала ў перадавых колах грамадскасці, нездарма гэтыя словы Шаўчэнкі адразу сталі крылатымі.
У ссылцы Шаўчэнка мае зносіны з казахамі, кіргізамі, туркменамі, таджыкамі, каракалпакамі, узбекамі (усе народы пераважна называліся тады «кіргізамі», а таму і ў Шаўчэнкавых запісах і вершах знойдзем пераважна вызначэнне «кіргіз», часам «казах»), а таксама татарамі і башкірамі, якіх нямала было ў Казахстане. У паэзіі Шаўчэнкі нявольніцкіх гадоў знойдзем глыбокае спачуванне да бяспраўнага і гаротнага становішча каланіяльных народаў і адначасова любоў да іх, павагу да іх самабытнага свету і побыту: ні ценю нейкай перавагі, паблажлівасці або сентыментальнага захаплення, а стаўленне гуманнае і брацкае. Адной чалавечай мерай мерае ліха сваё, украінскае, і іхняе, і часам яму нават здаецца, што, пры ўсёй сваёй прыніжанасці і бяспраўі перад царскай бюракратыяй, яны ўсё-ткі, дзякуючы свайму натуральнаму вандроўнаму побыту і «нецывілізаванасці», менш аблытаныя ланцугамі рабства і хлусні: «Нашто ўжо ліха за Уралам кіргізам гэтым, але й там, Бог сведка, лепей жыць, Чым нам ва Украйне. Мо таму – кіргізы Йшчэ не хрысціяне?..» І ёсць яшчэ нейкая асаблівая інтымнасць у Шаўчэнкавым звароце да гэтай тэмы, калі ён звязвае з ёй свой любімы матыў «дум»: «Думы мае, думы мае, Вы мой скарб адзіны… Прылятайце, птушаняты, Ў гэты край пустэльны, З-за Дняпра майго сівога Пагуляць у стэпе З кіргізамі гаротнымі. У іх так убога, Нават гола… Ды на волі Ўсё ж моляцца Богу».