Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 8.

Шрифт
Фон

– Добра, – узрадавалася Зося, што пойдзе дадому – Крыху счакаю і пайду.

– Ідзі цяпер.

Цяпер ужо здагадалася Зося: значыцца, гаспадыня хоча яе збыць на гэты час? Баіцца, каб яна тут была?

Новыя думкі агарнулі яе, прыглушаную жыццём. Штосьці падобнае да пачатку бунту заварушылася ў ёй. 3 гэтага моманту яна пачала траціць сваю ранейшую наіўнасць. Яна спрабавала зрабіць ацэнку справам. Думкі яе пайшлі ў такім кірунку: той чырвонаармеец (яна думала пра Кандрата Назарэўскага) спрачаўся са Скуратовічам і спачуваў мне. Гэтыя людзі таксама з Скуратовічам спрачаюцца. Скуратовічы са мною і з імі – таксама. Але ж той, Назарэўскі, паехаў і што ён мог мне памагчы? Гэтыя таксама? Я зноў астануся тут за парабчанку.

– Ты не думай, а ідзі, – сказала Скуратовічыха.

I гэтая Скуратовічына катэгарычнасць павярнула Зосю да ўпартай рашучасці. Зноў пайшлі ранейшыя думкі: дакуль мне быць тут? Можа, дзе ў іншым месцы астацца? I яна схітрыла, выпрабоўваючы гаспадыню:

– Я раней памыю сваю сукенку, а тады пайду.

– Памыеш прыйшоўшы.

– He, я памыю цяпер, – урачыста заявіла Зося.

Але ўрачыстасць гэтая была не зусім глыбокая. Была і трывога і няпэўнасць. Самая малая выпадковасць магла яшчэ пакуль што павярнуць дзейнасць гэтага чалавека ў іншы бок. Гаспадыніна дрэнна схаваная злосць трымала Зосю на занятых пазіцыях, але з непрывычкі яна яшчэ трымалася на іх з цяжкасцю.

– Памыеш, Зоська, пасля, а цяпер ідзі.

Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. «Ціхасць» паказвала, што яе, Зосі, баяцца. I цяпер пачаўся ўжо сапраўдны бунт.

– Буду мыць, – заявіла яна.

– Ты не наймалася на тое, каб мыць тут, у рабочы час, свае анучы.

Буду мыць і дадому не пайду. Ідзіце самі, калі вам трэба пагаварыць з маім бацькам. Скуратовічыха ніколі яшчэ не чула, каб з ёю так гаварыла парабчанка. Яна збянтэжылася і зірнула на Зосю. На двары ў гэты час загаварылі мацней. Скуратовічыха глянула ў сенцы, пасля выйшла. Зося пачула яе голас:

– Усялякая напасць на нас. Наш сын у Чырвонай Арміі.

Зося выйшла і глядзела, як чалавек у чорным фрэнчы стаяў перад Скуратовічам і як Скуратовічыха выцірала слёзы. Камісар сказаў:

– Я вас арыштую.

– Воля ваша, але я не вінаваты.

У Скуратовіча быў самы нявінны твар. У гэтую хвіліну і поза, і твар яго былі такія, як тады, калі ён вёз Кандрата Назарэўскага на кульгавым кані. Камісар зноў загаварыў:

– Вы ў воласці гаварылі таксама, што ў вас няма збожжа. I сказалі няпраўду.

– Праўду сказаў.

– Пабачым.

– Ну, хадзем, будзем шукаць, – сказаў нарэшце Скуратовіч. – Давайце абыдзем і абгледзім усё.

– Тут каго-небудзь няма чужога вам за сведку? Добра было б, каб двух чалавек.

– Дзе я вам іх вазьму?

– Гэта дачка? – паказаў камісар на Зосю.

– Я тут служу.

– Сваячка, – падказала Скуратовічыха.

– Ну, усё адно, – узрадаваўся камісар. – Пойдзем з намі.

Ідучы, ён разгаварыўся з ёю:

– Блізкая сваячка?

– Далёкая.

– Добра тут вам?

– Служу, – адказала яна.

Можна было заўважыць, што камісар расчараваўся: наўрад ці паможа яна мне. Яна глядзела на камісара і думала: «Скажу яму, дзе жыта схавана. Усё адно я тут намерылася больш не служыць. Я яму ўсё пра сябе раскажу». Спачатку пайшлі ў гумно. Чырвонаармейцы шукалі пад леташняй саломай. Скуратовіч неўзаметку сказаў да Зосі:

– Колькі б ні шукалі, што за карысць, калі ніякага жыта няма Ён выпрабоўваў на ўсялякі выпадак: а можа, як і падгледзела яна?

– Ёсць, – адказала яна.

– Дзе ж яно, калі ёсць? – злосна настаражыўся ён.

– У вазоўні закапана, а наверсе сані і колы стаяць.

Ён аслупянеў. Але тут жа пастараўся не падаць віду.

– Зараз павяду туды, хай глядзяць.

У яго яшчэ тлела рэштка думкі: а можа, яна не ведае, а так сабе, на маны сказала і ўгадала. Але чаму яна так гаворыць, што з ёю робіцца?

– Што тут шукаць, тут няма, – сказала яна.

Як быццам што сціскала ёй рот, – такое раптам стала ў яе адчуванне. Ёй ужо больш цяжка было выгаварыць і слова. «Зараз скажа», – думаў Скуратовіч.

– А дзе яно, збожжа? – з надзеяй павярнуўся да яе камісар. Але пакуль ён гэта сказаў, Скуратовіч шапнуў ёй:

– Маўчы, я табе колькі пудоў жыта дам.

Ёй аж дыхаць стала цяжка ад хвалявання. Некалькі пудоў. Гэтулькі ніколі не было пад іхняй там, дома, страхою. Твар яе пабялеў, стукнула ў вушах. Яна маўчала, лепш бы яна не ішла сюды зусім, так ёй было цяжка ў гэты момант. Камісар пакінуў на яе глядзець і загадаў:

– Будзем капаць.

Адкінулі салому і пачалі капаць. Скуратовіч аж енчыў:

– Няма, няма, нідзе няма!

Зямля была цвёрдая. «Гэтак цяжка людзям, а бескарысная работа!» Яе пачала мучыць злосць на Скуратовічаву сям’ю: «Гады, жыву ў іх, як у пекле».

– Няма тут, – закрычала яна.

«Мусіць, тут, калі яна так крычыць, – падумаў камісар. – Будзем капаць да канца». Ён паспрабаваў яшчэ звярнуцца да яе сумлення.

– А ты маўчы, не гавары, памагай свайму гаспадару, – здзекаваўся ён з яе. – Ён табе аддзякуе.

– Я ж вам кажу, што не тут! – аж кінулася да яго Зося.

– А дзе ж?

– Пад вазоўняй. Я пакажу!

«А што, калі ён з мяне пасмяяўся», – з смуткам падумала яна пра пастушка. Людзі спынілі работу. Яна глядзела з гумна і нічога не заўважала – ні дрэў, ні неба.

Скуратовіч выйшаў з гумна і рушыў дадому.

– Пачакай, гаспадар! – крычаў камісар.

– Яна пакажа, – нават не азірнуўшыся, буркнуў Скуратовіч.

Яго растаптаныя боты падміналі пад сябе садовую траву.

«Праўду сказаў», – радасна падумала яна пра пастушка.

Праз паўгадзіны адбылася такая гаворка паміж ёй і камісарам:

– Цяпер мне тут нельга аставацца.

– Якраз не. Калі толькі хто з вас паздзекуецца, то мы вас абаронім. Адчувайце сябе тут, як і сам гаспадар.

Гэта было для яе нова. У яе раслі надзеі на камісаравы словы і прыхільнасць да яго, як бы яна ведала яго з самых сваіх малых дзён. Скуратовічыха выйшла і здалёк бачыла, як яна гаварыла з камісарам.

– Ты, дачушка, не аб усім яшчэ прасіла камісара гэтага, – сказала ёй Скуратовічыха, злавіўшы на двары, – трэба было прасіць, каб яны забралі не толькі жыта, але каб і ўсё, што толькі ў нас ёсць. Няхай бы ты сказала, каб і дом наш спалілі і каб нас саміх парэзалі… Вон, гадаўка, каб і духу твайго тут не было. Адкуль ты ведала пра жыта? Падглядаеш? Вывіжоўваеш? Што мы табе гэтакае зрабілі, што ты згубіць нас навек захацела! Здохнеш, а літасці ад добрых людзей мець не будзеш. Вон, гадаўка!

Праз хвіліны тры яна назаўсёды пакінула Скуратовічаў хутар. Слаўся змрок, у цені трава даўно ахаладзела, і яна ішла вельмі шпарка, стараючыся яшчэ завідна мінуць лес. Выязджаючы, камісар арыштаваў Скуратовіча.

У той жа самы вечар Толік зноў прыходзіў дадому. Маці плакала, а ён маўчаў. Праз дзён тры ён зноў прыйшоў. Бацька быў ужо дома, ён вярнуўся, даўшы падпіску, што сам аддасць лішняе збожжа.

– Я з першага дня ведаў, што яны тут былі, – гаварыў Толік. – Што яны будуць рабіць з намі?

– Забяруць збожжа пад мятлу.

– Дык няхай самі і малоцяць. А што, леташняе знайшлі… Падказала гадзіна гэтая… А пра Зосінага бацьку мне праўду казалі.

– Якую праўду?

– Што заяўляў у воласці: павінна, кажа, быць схавана жыта. Гэта ён настроіў. Седзячы ў лесе, мы ўсё ведаем, што дзе робіцца.

Бацька і сын колькі хвілін моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы. Нарэшце бацька выліў з душы сваю шчырасць:

– Каб змена ўлады! To я б іх з бацькам і з дачкою, з усімі іхнімі б нашчадкамі!.. Каб прымеў, я іх бы і без змены ўлады ў магілу загнаў бы!..

Далей яны маўчалі. Яны толькі чулі, як старая ў бакоўцы моцна нанач малілася Богу. Пасля яна з енкам і плачам выйшла к сыну.

У той вечар Толік Скуратовіч даўжэй, як калі, пабыў дома.

Ідучы ў лес, ён надоўга спыніўся ў полі пад дзічкай, а пасля блытаўся па лесе, пакуль знайшоў знаёмае месца з сваімі хаўруснікамі. Ён прамаўчаў да канца ночы. Пад дзень яму стала холадна, і ён апрануў кажух. Калі крыху ўзнялося сонца, ён сеў і курыў, раз-поразу суха паплёўваючы і пыхкаючы губамі. Усе навокал яго спалі. Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Ён пачаў нешта невыразнае мармытаць сабе пад нос.

– Што? – Падняўся каля яго распухлы ад сну твар. – Што ты кажаш?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора