Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 7.

Шрифт
Фон

Цераз дзень пасля гэтага, у пасляабедзенны час, каляіністай і карчакаватай дарогай, у тым самым лесе ехалі дзве сялянскія фурманкі. На пярэдняй фурманцы сядзеў чалавек сярэдніх год, у чорным фрэнчы, і з ім два чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Чалавек таксама меў пры сабе вінтоўку. На другой фурманцы ехала трое чырвонаармейцаў. У тым месцы, дзе фурманкі выязджалі на палявую дарогу, лес канчаўся страшэннай гушчарнёй. Тут, пры сцяне старога лесу, ішла града маладога ельніку. Праз гэтую граду, здаецца, нельга было прабрацца. I от з гэтага густога зарасніку з дзвюх фурмана не зводзіў вачэй чалавек. Ён вельмі пільна выглядаў фурманкі і людзей на іх. Ён глядзеў на іх, аж пакуль яны не схаваліся недзе на Скуратовічавым хутары. Тады ён развалістай паходкай рушыў у глыб лесу. Там ён стаяў, прыпёршыся да дрэва, і гаварыў:

– Можна было б думаць, што гэта дэзерціраў шукаюць, але чаго з салдатамі прадразвёрсны камісар едзе? А калі ён едзе глядзець, колькі браць развёрсткі, дык нашто яму гэтулькі салдат?

– Можа, гэта не прадразвёрстчык? – пачуўся голас з-пад куста.

– Ён, я яго пазнаў.

– А куды яны паехалі?

– На ваш хутар. – Тут ён зірнуў пад куст, дзе камячыў губамі недакурак Толік Скуратовіч. Усхапіўшыся, Скуратовіч сказаў:

– Нашто яму салдаты? Як вы не можаце здагадацца? Тады ўночы, некалькі дзён таму, як я хадзіў дадому па хлеб, бачыў і чуў, як на наш хутар прыязджала іх цэлы атрад – дэзерціраў шукалі. Мяне шукалі! Я стаяў пад грушаю ў полі і слухаў. Значыцца ведаюць, што я не іду ў іхняе войска і хаваюся. А калі яны цяпер паехалі па развёрстку, то думалі: дзе ёсць дэзерціры, то там могуць і развёрсткі не даць. Чулі?

– А чаму ім канешне так думаць? – падаў голас нейкі баязлівец.

– Дурань ты! Чаму ім не падумаць, што мы ім можам галовы паскручваць!

Пасля маўчання яшчэ голас:

– Чыя чарга сёння па хлеб ісці?

Гэта ўсё іхні баязлівец стараўся трымацца мірнага тону. Толік Скуратовіч гарнуў сваё:

– Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Ідзе ноч. Пры дарозе быць трэба: можа, каго бараніць прыйдзецца.

– Каго?

– Можа, ужо майго бацьку аграбілі?

– Чаму так раптам?

– Аграбяць і твайго, не бойся ты гэтак.

Ці сапраўды яны мелі на думцы «бараніць каго-небудзь», ці не, але даволі таго, што сапраўды падышлі бліжэй да дарогі. Пачынаўся вечар. Калі на дарозе было яшчэ відна, то пад ельнікам ужо гусціўся змрок. На самую дарогу яны не выйшлі, толькі адзін з іх лёг на мох за другім ад дарогі кустом. Ім проста карцела ўбачыць, ці выедзе і калі з хутара «прадразвёрсны камісар».

Тым часам з боку хутара ўсё было ціха. Ніхто адтуль не ехаў і не ішоў, хоць там і не было спакойна. Гадзіны за дзве да прыезду камісара і чырвонаармейцаў пачалася звычайная ў гэтыя дні згрызота. Праўдзівей кажучы, «грызлася» толькі сама Скуратовічыха. Зося толькі слухала і найбольш маўчала. Яна нядаўна вярнулася на хутар, Скуратовічыха так гаварыла:

– Трэба ж мець розум! Як гэта можна, ты ж не малая! Як жа гэта так угаварыцца, што адразу расказаць усё! Ты сама кажаш, што ў цябе гэта ненаўмысля выйшла, дык трэба ж думаць, што гаварыць. Ведай, што робіш! Калі мы ўхавалі б каня ў лесе, дык табе ад гэтага бяда была б, ці што?

Скуратовічыха старалася гаварыць спакойна, але праз яе стараннасць часта выходзіла наверх злосць і нянавісць.

– Ты, можа, думаеш, што я так сабе гавару? Дык памяркуй, што мы табе кепскае зрабілі? Мы цераз сілу хіба прыціскаем з работаю? Ты наша, хоць і далёкая, але сваячка. А калі што і цяжкавата прыйдзецца на рабоце, то няўжо ж не робячы жыць? Чалавек хоча жыць, то павінен і рабіць! Калі што якое, то я табе і слова не скажу. Ты тады, пасля таго здарэння з коньмі, пабегла дадому. To ты думаеш, я не ведаю, што ты з-пад абруса ўзяла сала? Ты думаеш – ад мяне ўхаваешся? Ты хочаш быць дома, у нас не рабіць і ў нас есці? Такіх многа знойдзецца! Цераз цябе ведалі, што коні нашы дома. Ведаюць, што Толік быў з імі ў лесе. От што ты нам нарабіла, гадаўка ты!

– Я толькі здзівілася, чаму дзядзька лепшага каня не запрог.

– Здзівілася! Ты заўсёды дзівішся. Людскія хлопцы дык хаваюцца, не ідуць у войска, а цераз цябе дык Толіку прыйшлося ісці.

– Толік хіба пайшоў у армію? – наіўна запыталася Зося.

– А што ж. Ты ж сказала, што ён з коньмі ў лесе. Праўда, быў. Людзі былі, і ён быў. He ён адзін! Але пасля твайго языка яму прыйшлося з’явіцца. Цяпер з вайны, можа, дадому галавы не прынясе.

– Калі ж ён пайшоў?

– У цябе не запытаўся, калі ісці. А некаторую ноч, нядаўна, з’яўляецца атрад, як арыштантаў якіх абкружваюць нас! Толіка пытаюць! А дзе ж я вам таго Толіка вазьму, калі ён у войску! Што, я яго з войска выпатрабую, каб ім паказаць, ці што?

Зося не зусім верыла, што Толік пайшоў у армію, але, сказаць праўду, яна пра гэта мала думала і мала гэтым цікавілася. Яна думала пра сябе: ёй было цяжка жыць, дома ж – ні рабіць, ні есці не было чаго.

– Ідзі даіць каровы, – загадала гаспадыня.

Хлявы былі за скляпком. Гэта глухі і зацішны куток хутарскога двара. Адтуль можна было і не ведаць, што робіцца ў хутарскім доме, у садзе і нават на двары каля дома. Якраз у той час уз’ехалі на двор дзве фурманкі з чырвонаармейцамі. Зося чула, як брахалі сабакі, але тут жа пачула, як Скуратовіч уняў сабак. Усё сціхла. Зося нават не выйшла – яна даіла каровы. Яна мала ў гэтыя хвіліны цікавілася ўсім тым, што магло рабіцца на двары ці ў доме. Горасць мучыла яе. Ёй хацелася, каб працэс даення кароў цягнуўся як найдалей, каб так было тут ціха і каб ніхто сюды не прыходзіў.

Больш за паўгадзіны прайшло, пакуль яна падаіла каровы і пакуль пастушок пагнаў іх у поле.

– Ты ведаеш, на каго сабакі нядаўна брахалі? – сказаў пастушок да Зосі, выходзячы следам за каровамі з хлява. – Бальшавікі прыехалі развёрстку браць. Пытаюцца, дзе леташняе збожжа схавана. От цікава, ці знойдуць, ці не?

– А хіба яно дзе схавана?

– А хіба ты не ведаеш?

– He.

– А я падглядзеў. Ты адно маўчы. Калі не знойдуць, то я папрашу ў гаспадара, каб мне пуд даў гасцінца: я ж ведаю, а не сказаў; от за гэта няхай дасць.

– He дасць.

– Дасць. А не дасць – дык скажу. От бацька ўзрадуецца, калі пуд жыта прывалаку дадому. Ты ж адно маўчы.

I з таемным выглядам змоўшчыка ён сказаў Зосі, дзе схавана збожжа. Зося пайшла дваром. Дзве фурманкі стаялі каля кухонных дзвярэй. Скуратовіч быў каля іх. На вузкай лаўцы пры сцяне сядзеў чалавек у чорным фрэнчы, чырвонаармейцы, ляжалі на абшчыпанай гусьмі траве. Скуратовіч гаварыў:

– Гэтулькі вы, таварыш камісар, салдат узялі, як бы баіцеся мяне, ці што? (3 губ яго выціснулася вялая ўсмешка.) Кажуць, бандыты па лясах ёсць. Можа, і праўда, хто яго ведае. Каля нас то пакуль, дзякуй богу, не чуваць гэтага. Страшнавата, на адзіноце жывём.

– Вы гаворыце, што ўраджаю жыта ў вас усяго, што ў гумне ляжыць? Больш вы нідзе не складалі?

– He.

– I леташняга збожжа ў вас ні зерня няма?

– Як-то ні зерня? Дзве кадушкі – от жа! – у сенцах стаяць. I кадушка мукі. Стаіць мне на абыходак, бо маладога хаця каб я, бог даў, паспеў пасеяць, намалаціць.

– Ведаеце, што ёсць такі закон: трэба пасеяць, трэба і есці, а лішняе трэба аддаць: вайна, армію карміць трэба.

– Трэба-то трэба, а Божа мой, хіба я не хачу аддаць лішняга!

– To скажыце дзе яно схавана. Мы ведаем, што ў вас вельмі многа збожжа схавана леташняга. Мы будзем шукаць.

– Шукайце, – заявіў Скуратовіч. – Такога крыўднага слова мне яшчэ ніхто ніколі не гаварыў. He даюць веры чалавеку. Я на судзе не раз стаяў за сведку, ніколі няпраўды не сказаў. Я з людзьмі жыў і меркаваўся. А Б-божа мой! (Ён хапіўся за галаву.)

Зося прайшла моўчкі паўз іх. Яна чула частку гэтай гаворкі. У кухні была толькі адна Скуратовічыха. 3-за дзвярэй яна падслухоўвала, як апраўдваўся яе муж. Як толькі Зося ўвайшла, нейкая як бы здагадка ўстрапянула Скуратовічыху, грымаса прайшла ў яе па твары. Яна так адразу і загаварыла да Зосі:

– Можа б, ты пайшла дадому запытацца, ці не прыйшоў бы твой тата заўтра да нас памагчы малаціць жыта на насенне?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора